МЗС Беларусі назваў абсурднай рэзалюцыю Рады ААН па правах чалавека


Рада па правах чалавека ААН 12 ліпеня прыняла рэзалюцыі, у якой выказвае занепакоенасць становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі. Беларускі МЗС у сваю чаргу заявіў, што рэзалюцыя «абсурдная як па змесце, так і па самой ідэі яе прыняцця».

Рада па правах чалавека працягнула на год мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Анаіс Марэн, а таксама заклікала ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць з дакладчыкам. У рэзалюцыі выказваецца занепакоенасць выпадкамі катаваннямі і бесчалавечнага абыходжання з боку працаўнікаў праваахоўных органаў, а таксама нежаданне ўладаў расследаваць такія здарэнні. Выказваецца шкадаванне з нагоды адсутнасці рэакцыі ўрада Беларусі на выпадкі адвольных арыштаў і затрымання палітычных актывістаў. Таксама канстатуецца, што дагэтуль не расследавана знікненне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага ў 1999-2000 гадах, піша spring96.org.

«Рэзалюцыя не адпавядае духу бягучых стасункаў Беларусі з Еўразвязам. Перакананыя ў тым, што мандат спецдакладчыка па Беларусі і рэзалюцыя павінны быць адмененыя», – адзначаецца ў адказе МЗС на пытанне БелаПАН, што быў апублікаваны на сайце міністэрства.

Нагадаем, мандат спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны ў сувязі з хваляй рэпрэсіяў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары