МЗС Беларусі: Бабіч не разумее розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай


Міністэрства замежных спраў пракаментавала шэраг апошніх заяваў пасла Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, якія прагучалі ў інтэрв’ю агенцтву «РИА-Новости».

«Шчыра кажучы, не заўсёды хапае часу на тое, каб чытаць усе інтэрв’ю Міхаіла Бабіча. Балазе ўсе яны падобныя і ментарская лінія разважанняў не надта мяняецца», – адзначыў начальнік ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоль Глаз, адказваючы на пытанне ria.ru

«Таму, не ўчытваючыся, магу дакладна сказаць, што адносіны паміж нашымі краінамі і народамі значна больш глыбокія і ўсёабдымныя, чым штучныя, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расейскі дыпламат. Але гэта ягонае права вызначаць для сябе планку, якая ператварае яго ў рахункавода або падаючага надзеі бухгалтара.

Хацелася б парэкамендаваць больш часу прысвяціць таму, каб паглыбіцца ў спецыфіку краіны знаходжання, пазнаёміцца ​​з яе гісторыяй і праявіць крыху павагі. Часам такі стыль работы дае значна большы вынік, чым апрабаванне на сябе зусім нехарактэрнай для сурʼёзнай расейскай дыпламатычнай школы ролі адэпта «публічнай дыпламатыі», – падкрэсліў Глаз.

На думку прадстаўніка беларускага МЗС, за кароткі час працы ў Беларусі Бабіч «проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай».

«Думаю, у бліжэйшы час нашым партнёрам будуць дадзены дэталёвыя адказы на заявы спадара пасла», – рэзюмаваў ён.

Раней Бабіч заявіў, што Расея гатовая «адстойваць суверэнітэт Беларусі».

«Па пытанні аб абароне суверэнітэту: усім, мне здаецца, даўно хацелася б зразумець, хто робіць замах на беларускі суверэнітэт і ад каго яго хочуць абараніць? Калі гэта пагроза з Захаду, па аналогіі з вядомымі «каляровымі» рэвалюцыямі і дзяржаўнымі пераваротамі, то Расейская Федэрацыя як саюзнік, калі паступіць такая просьба, будзе разам з Беларуссю адстойваць гэты суверэнітэт усімі даступнымі сродкамі», – сказаў Бабіч.

Ён дадаў, што «калі гэта намёкі на Расею, то гэта зусім не па-партнёрску».

КА belsat.eu

Стужка навінаў