МЗС Беларусі адказала Пашыньяну


12 лістапада 2018 года. Сустрэча амбасадара Азербайджану Латыфа Гандылава з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем. Фота – president.gov.by

Міністэрства замежных справаў Беларусі пракаментавала заяву выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі аб тым, што ён запатрабуе тлумачэнняў ад Лукашэнкі.

Прэсавы сакратар міністэрства Анатоль Глаз заявіў, што армянскі лідар уявіў сябе, відаць, міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць.

«Магчыма, гэта было прымальна ў выпадку з былым Генеральным сакратаром АДКБ, грамадзянінам Арменіі Юрыем Хачатуравым. Але ў міждзяржаўных дачыненнях існуюць цалкам выразныя нормы пратаколу і этыкету», – заявіў Анатоль Глаз падчас размовы з журналістамі ў суботу.

Юрый Хачатураў – былы генеральны сакратар АДКБ – быў вызвалены з гэтай пасады 2 лістапада.

12 лістапада на сустрэчы з амбасадарам Азербайджану ў Беларусі Латыфам Гандылавым Аляксандр Лукашэнка распавёў яму, як прайшоў саміт АДКБ у Астане, на якім абмяркоўваўся выбар новага генсека.

16 лістапада падчас размовы з журналістамі армянскі лідар заявіў, што запатрабуе тлумачэнняў ад кіраўніка Беларусі.

«Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б напрыклад я запрасіў якога-небудзь замежнага амбасадара краіны, якая не з’яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра паседжанне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй», – заявіў Пашыньян.

«Напэўна, спадар Пашыньян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі не прымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе», – падсумаваў Анатоль Глаз.

У Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

ДД

Стужка навінаў