МЗС: Беларусь гатовая зрабіць унёсак ва ўрэгуляванне Керчанскага канфлікту


Міністр замежных спраў Уладзімір Макей упершыню з пачатку крызісу ў Керчанскай пратоцы выказаў пазіцыю Беларусі наконт сітуацыі.

«Адносна таго, што мы паступова спаўзаем да прорвы вялікага канфлікту. У апошні раз пра гэта гаварылася на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Як мы ўспрымаем гэта? Мы знаходзімся зусім побач. І мы і апасродкавана, і непасрэдна адчуваем на сабе наступствы гэтай канфрантацыі», – цытуе міністра БелТА.

Макей адзначыў, што Беларусь хацела б, каб не было зроблена крокаў, якія прывялі б да далейшага росту напружанасці ў рэгіёне. На думку кіраўніка МЗС, гэта можа аказаць уплыў не толькі на рэгіянальную, але і на міжнародную бяспеку ў цэлым. Макей таксама выказаў спадзяванні, што бакі канфлікту разумеюць «сваю адказнасць за сітуацыю ў рэгіёне, за рэгіянальную бяспеку».

Паводле словаў міністра замежных спраў, пры згодзе ўсіх бакоў Беларусь гатова зрабіць свой унёсак ва ўрэгуляванне сітуацыі і разрадку напружанасці.

«Мы адсочвалі заявы, якія былі зробленыя і адным, і іншым бокам. Але прамых кантактаў не было. Вядома, нам важна было б атрымаць і ад аднаго, і ад іншага боку аб’ектыўную інфармацыю для таго, каб мець свой рэальны аналіз сітуацыі, звязанай з гэтым інцыдэнтам», – дадаў міністр.

Акрамя таго, Макей адзначыў: Менск спадзяецца, што сітуацыя ва Украіне не стане перашкодай для далейшага развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў.

Цяпер МЗС сумесна з беларускай амбасадай у Кіеве выпрацоўвае рэкамендацыі для беларускіх грамадзянаў у сувязі з увядзеннем ваеннага становішча ва Украіне.

Нагадаем, ад 26 лістапада да 29 снежня, паводле ўказу прэзідэнта Парашэнкі, падтрыманага Вярхоўнай Радай, у 10 вобласцях Украіны ўведзенае ваеннае становішча. Гэта адбылося пасля захопу 25 лістапада расейскімі памежнікамі ўкраінскіх суднаў з маракамі: 6 украінцаў былі параненыя. Агулам на дадзены момант у палоне знаходзяцца 24 маракі, наймалодшаму з чальцоў экіпажаў 18 гадоў.

У Крамлі абвінавачваюць украінскі бок у «правакацыі». Тым часам Парашэнка заявіў, што Пуцін мае намер далучыць на Расеі яшчэ частку Украіны.

ВІДЭА
Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў
2018.11.27 16:46

KA, belsat.eu

Стужка навінаў