МЗС адказаў на просьбу акрэдытаваць «Белсат»


Фота: «Белсат»

Намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў адказаў на петыцыю акрэдытаваць «Белсат», якая з’явілася на сайце Petitions.by у студзені. Зварот падпісалі 186 карыстальнікаў.

У петыцыі патрабавалі правесці праверку, каб высветліць, з якой прычыны МЗС адмаўляе «Белсату» у акрэдытацыі, а таксама забяспечыць бесперашкодную працу незалежных СМІ. Там сцвярджалася, што датычна некаторых з іх у Беларусі выконваюцца не ўсе артыкулы закону «Аб сродках масавай інфармацыі», а дзяржаўныя тэлеканалы маюць манаполію на вяшчанне.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусі маюць права на атрыманне дакладнай інфармацыі пра падзеі ў краіне без прапагандысцкай афарбоўкі. У цяперашні момант у грамадзянаў пенсійнага ўзросту няма сталага вольнага доступу да сеткі Інтэрнет для атрымання абʼектыўнай інфармацыі з альтэрнатыўных афіцыйным крыніцаў інфармацыі», – гаварылася ў петыцыі.

У дадатак аўтары звароту падкрэслівалі: свабода слова і права на атрыманне інфармацыі ёсць неадʼемным правам свабоднай асобы, зарукай фармавання абʼектыўных поглядаў на падзеі. Інфармацыйная ж ізаляцыя можа мець сумныя наступствы, а незалежная журналістыка павінна быць недатыкальнаю.

У адказе прадстаўнік МЗС спаслаўся на законы, паводле якіх акрэдытуюцца журналісты і карэспандэнцкія пункты, а не каналы.

Адказ МЗС. Дакумент з сайту petitions.by

«Запытаная ў вашым звароце «акрэдытацыя спадарожнікавага каналу «Белсат» не значыцца ў вышэй выкладзеных пытаннях кампетэнцыі МЗС і не прадугледжаная ў спісе адміністрацыйных працэдураў, якія здзяйсняе Міністэрства», – гаворыцца ў лісце намесніка міністра.

Шастакоў нагадаў, што ў 2014 годзе Вярхоўны суд забараніў «Белсату» выкарыстоўваць сваю назву пры трансляцыі на Беларусь пасля скаргі ўласніка кампаніі «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова, якому нібыта належыць адпаведны гандлёвы знак.

Ціск уладаў

Праз адсутнасць акрэдытацыі журналісты і аператары »Белсату« рэгулярна зазнаюць ціск уладаў: нас часта судзяць паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 22.9 КоАП (»незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ«). Таксама ў працаўнікоў нашага тэлеканалу неаднаразова канфіскоўвалі тэхніку. За час працы «белсатаўцаў» аштрафавалі агулам на больш чым 85 тысяч долараў, аднак мы працягваем развівацца і працаваць для нашай аўдыторыі.

КА/belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары