МЗС абвінаваціў Бабіча ў тым, што ён разбурае стасункі Беларусі і Расеі


Michaił Babicz. Źródło: tatar-inform.ru

Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз зноў заявіў, што амбасадар РФ Міхаіл Бабіч не бачыць розніцы паміж расейскай федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай.

«Магу толькі адаслаць да нашага папярэдняга каментара з нагоды яго эмацыйных заяваў некаторы час таму ў сакавіку. Усё сказанае намі раней цалкам пацвярджаецца. Спадар амбасадар абсалютна не бачыць ніякай розніцы паміж расейскай федэральнай акругай, дзе, як нам распавядалі, ён любіў павучаць налева і направа, і незалежнай дзяржавай. Хоць у пасланні прэзідэнт Беларусі абсалютна дакладна і ясна выказаўся з нагоды незалежнасці нашай дзяржавы і скептычнага, мякка кажучы, стаўлення да нашай шматвяковай гісторыі з боку асобных замежных палітыкаў», – адзначыў Глаз, адказваючы на пытанне TUT.by.

Прадстаўнік МЗС абвінаваціў Бабіча ў тым, што ён разбурае двухбаковыя стасункі.

«Ведаеце, што мае значэнне ў дадзенай сітуацыі? На працягу доўгага часу шэраг вонкавых сілаў беспаспяхова спрабавалі разбурыць цесныя і дружалюбныя стасункі двух брацкіх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым вонкавым сілам на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, паспяхова і эфектыўна атрымоўваецца спадару Бабіч літаральна за некалькі месяцаў», – заявіў Глаз.

Падставаю для чарговага скандалу сталі выказванні Бабіча па тэме канчатковага кошту будаўніцтва БелАЭС. Падчас паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу пра цану будаўніцтва АЭС Аляксандра Лукашэнку запытала дэпутатка Ганна Канапацкая. Гаворка ішла пра тое, што кошт станцыі будзе менш запланаваных $ 10 млрд і можа апынуцца на ўзроўні ў $ 7 млрд. Пра тое, што АЭС будзе каштаваць менш, чым планавалася, нібыта казаў сам Бабіч. Аднак Міхаіл Бабіч заявіў СМІ, што РФ дакладную суму Менску не называла, бо разлік цэны АЭС павінен праходзіць толькі пасля завяршэння будаўніцтва абодвух блокаў. Бабіч адзначыў, што Лукашэнку «ў чарговы раз увялі ў зман».

«Сказанае і апазыцыянэркай, і прэзідэнтам не мае пад сабой ніякіх падставаў. Але, каб ні ў кога не засталося ніякіх сумневаў, запросім Канопацкую для размовы, адкажам ёй на ўсе пытанні, якія яе турбуюць у расейска-беларускіх стасунках, пагаворым пра БелАЭС, папросім і яе растлумачыць, што яна мела на ўвазе, робячы такога кшталту заявы. Раз прэзідэнт Беларусі лічыць яе легітымным крыніцай для свайго дыялогу з народам, спадзяюся, і на нас ніхто не пакрыўдзіцца, калі мы пастараемся сумленна абмеркаваць гэтыя пытанні з грамадзянскай супольнасцю», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю «Спутнику».

Ад «акту тэрарызму» да «бухгалтара» Бабіча. Топ-6 скандалаў у беларуска-расейскіх стасунках

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары