Мытнікі распавялі, як яны вызначаюць новыя рэчы


Новыя ці не? Гэта ведае толькі беларускі мытнік

Працаўнікі беларускай мытні здольныя вызначыць новыя джынсы голым вокам.

Падчас гарачай лініі з чытачамі «Сельскай газеты» Зміцер Кавалёнак, старшыня Галоўнага ўпраўлення арганізацыі Мытнага кантролю, заявіў, што супрацоўнікаў мытні «падмануць цяжка».

«Нават позіркам вызначыць можна, якія джынсы толькі што з крамы, а якія – памытыя і паношаныя», – заяўляе Кавалёнак.

«Часцяком грамадзяне вязуць у Беларусь брэндавыя рэчы, набытыя на распродажы. Але калі не будзе ні чэка, ні этыкетак, мы палічым іх паводле рэальнага кошту, – папярэджвае чыноўнік. – І калі грамадзянін не зможа ўкласціся ў дзейныя ліміты, то купля па суперзніжцы можа абысціся яму непрадбачана дорага».

У нядзелю 20 траўня патэнту на джынсы споўніцца 139 гадоў. Назва штаноў паходзіць ад тканіны, якая нагадвае дэнім, але менш шчыльнай. Спачатку джынсы прыйшлася да спадобы шукальнікам золата ў ЗША ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя, а потым зрабілі кар’еру ўва ўсім свеце.

Тым, хто вывозіць з Беларусі каштоўныя рэчы – напрыклад, фотатэхніку – і плануе яе ўвозіць назад, Зміцер Кавалёнак параіў заўсёды запаўняць дэкларацыю, бо калі не будзе доказаў, што рэч выязджала з тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага звязу, прыйдзецца плаціць мыту.

Тым, хто часта перасякае мяжу з каштоўнымі таварамі, Зміцер Кавалёнак раіць запоўніць дзве дэкларацыі: «каб кожны раз пры выездзе за мяжу не запаўняць новую, а прадстаўляць наяўную, са штампам».

«Гэта будзе пацвярджэннем таго, што ваша тэхніка ўжо ёсць у базе звестак», – кажа Кавалёнак.

Паводле цяперашніх правілаў ЕАЭС, у Беларусь можна ўвезці тавараў вагою да 50 кг і коштам да 1500 еўраў (калі ехаць) або да 10 000 (калі ляцець).

З 1 студзеня 2019 года ЕАЭС знізіць ліміт да тысячы еўраў і 50 кг, у 2020-м – да 750 еўраў і 35 кг. З 1 студзеня 2021 года з-за мяжы можна будзе без мыты прывезці тавару на суму, якая не перавышае 500 еўраў і вагой не больш за 25 кг.

ДД

Стужка навінаў