«Мышка», а не «Пятроўшчына». Як можа выглядаць альтэрнатыўная схема менскага метро?


У тэлеграм-канале «Коллективное хозяйство» пастанавілі надаць менскім станцыям метро гістарычныя назвы, каб жыхары ды госці сталіцы болей не блыталі вуліцы Маскоўскай і ст. м. «Маскоўская», вуліцы Магілёўскай і ст. м. «Магілёўская» ды каб у людзей была нейкая асацыяцыя з гістарычнаю мясцовасцю.

У Менску шмат станцый увогуле не маюць дачынення да гістарычных назваў мясцін, дзе яны знаходзяцца. «Першамайская», «Пралетарская», «Фрунзенская» ці «Маскоўская»… Дзе гэта? Чаму, напрыклад, «Маладзёжная»? Шмат хто задаваў падобныя пытанні.

Як можа выглядаць альтэрнатыўная мапа менскага метро. Націсніце на мапу, каб павялічыць

Таму мы паспрабавалі перайменаваць станцыі менскай падземкі ў гонар гістарычных мясцін, дзе яны знаходзяцца. З якога прынцыпу мы бралі назвы?

Па-першае, большая частка Менску, дзе цяпер знаходзяцца станцыі метро, была па-за межамі сучаснага гораду. Таму назвы бралі ад вёсак, фальваркаў ці рэчак каля іх. Напрыклад, Рай, дзе зараз парк Чэлюскінцаў, ці Мышка – па назве ракі каля станцыі.

Па-другое, цэнтр Менску быў заселены досыць даўно. Таму тут абіралі ці назву старой вуліцы каля станцыі (напрыклад, Захар’еўская), ці нейкі вядомы гістарычны помнік (Дамініканская – па назве кляштара Святога Тамаша Аквінскага, які ў 1950-м узарвалі савецкія ўлады), ці гістарычны раён гораду (Ляхаўка, Залатая Горка).



Некаторыя назвы станцый браліся не ад самай блізкай вёскі, каб не было блытаніны. Напрыклад, цяпер будуецца станцыя «Аэрадромная», дык вось доўгі час там было чыстае поле – у нас нават быў варыянт назваць станцыю «Чыстае поле». Бліжэйшая вёска была Лошыца. Але ж сучасны раён Лошыца знаходзіцца досыць далёка ад яе, ды і Лошыцаў у той ваколіцы раней было вельмі шмат. Таму вырашылі назваць у гонар вуліцы Лібава-Роменская, якая там недалёка.

Як перайменаваць станцыі першай лініі метро

Уручча – колішняя вёска на паўночны ўсход ад Менску па дарозе на Барысаў, пры вытоку ракі Сляпянка. З 1978 года – у складзе Менску, цалкам зруйнаваная.

Азярышча – да другой паловы XX стагоддзя вёска Азярышча месцілася пры Старабарысаўскім тракце, прыкладна на месцы сённяшняга Музею валуноў у Менску. Пасля Другой сусветнай вайны жыхары вёскі раз’ехаліся, у 1964 годзе пабудоў на месцы колішняй вёскі ўжо не было.

Слепня – да 1924 года вёска Сеніцкай воласці Менскага павета, пазней зліліся ў адну вёску Вялікая Слепня на рацэ Слепня (Сляпянка). У сувязі з інтэнсіўным забудоўваннем жылога раёну Усход, якое пачалася ў 1966 годзе, дамы паўночнай паўночнай часткі вёскі знеслі. Пара дзясяткаў дамоў паўднёвай часткі была знесеная ў 2003 годзе перад пачаткам будаўніцтва новай Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Пагулянка – на месцы сучаснай ст.м. «Маскоўская» быў лес, але недалёка быў населены пункт з цікавай назвай Пагулянка. Фальварак з падобнай назвай быў і ў раёне сучаснай ст.м. «Спартыўная».



Дулевічы – раней на месцы станцыі «Акадэмія навук» была вёска Дулевічы. Але горад вельмі хутка яе паглынуў.

Камароўка – гэта назва асацыюецца з Камароўскім рынкам. Але гэта гістарычны раён Менску, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы гораду, за Траецкай Гарой і Залатой Горкай. Першае пісьмовае згадванне мясцовасці датуецца 1552 годам (паводле іншых звестак, Камароўскае балота пачынае згадвацца ў актах пачатку XVII ст.). Некалі на месцы прадмесця існавала вёска Камароўка, якая да 1812 года належала князям Радзівілам.

Залатая Горка – гістарычны раён Менску, размешчаны ў заходняй частцы гораду, на ўсход ад Гарадскога сада і Захар’еўскага моста, вакол Залатагорскіх каталіцкіх могілак. У пачатку XIX стагоддзя знаходзіўся самы вялікі ўзгорак у акрузе – Залатая Горка. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Паводле адной з іх, такую назву горка атрымала ад залацістага восеньскага лісця мясцовага кляновага гаю. Другая версія тлумачыць паходжанне назвы тым, што быццам бы ў гэтай мясціне знаходзілі шмат залатых скарбаў. Паводле іншай легенды, назва мясціны звязаная з паданнем пра вялікую горку залатых манет, што былі сабраныя мясцовым ксяндзом у часе лютавання эпідэміі халеры. Грошы, згодна з паданнем, пайшлі на будаўніцтва касцёла ў гонар Святога Роха – абаронцы людзей і жывёлін ад эпідэмічных захворванняў.

Захар’еўская – ад назвы галоўнай вуліцы Менску, якая ў розныя гады мела розныя назвы – ад праспекта Сталіна да праспекта Ф. Скарыны. Галоўная магістральная вуліца Менску, пракладзеная яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя, як участак Маскоўска-Венскага паштовага тракту, была перапланаваная пры З. Я. Карнееве (першы грамадзянскі губернатар Менску і Менскай губерні) і названая ў яго гонар Захарʼеўскай.

Каралеўскі шлях – такое манархічнае імя дала вуліца, якая зараз знаходзіцца ў раёне сучасных вуліц Мяснікова і Маскоўскай.

Добрыя Мыслі – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная ў паўднёва-заходняй частцы гораду, на старажытным Койданаўскім гасцінцы. Архітэктурнай дамінантай мясцовасці быў Берасцейскі вакзал. Койданаўскі гасцінец – старажытны шлях у бок Койданава, Берасця, Варшавы і Берліна. Тут здаўна месцілася некалькі корчмаў.

Мядзведжына – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная ў заходняй частцы гораду, на паўночны захад ад Лютэранскіх могілак. У гістарычных дакументах мясцовасць згадваецца пад назвай Мядзведжы Лог. У 1759 годзе сустракаюцца звесткі пра «цагельню на Мядзведжыне», якая належала менскаму манастыру Святых Пятра і Паўла.

Аташкі – былая вёска, якая таксама мела назву Вопашкі. Знаходзілася каля сучаснай станцыі метро «Міхалова».

Мышка – адна з рэк воднай сістэмы Менску. Цячэ на захадзе беларускай сталіцы. Адзіная рака, якая бярэ пачатак не за межамі гораду. Пачынаецца на тэрыторыі былой вёскі Міхалова і праз некалькі кіламетраў упадае ў р. Лошыца, якая ў сваю чаргу ўпадае ў галоўную раку Менску – Свіслач.

Рылаўшчына – назва ўтвораная ад прозвішчаў Рыловіч, Рылаўка і г. д. У 1791 годзе вёска Рылаўшчына належала Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкая ўласнасць. У тым жа годзе пазначаная як вёска Каралішчавіцкай парафіі, уласнасць Дышлевіча. У 1800 годзе – вёска Рылаўшчына, уласнасць скарбовага пісара М. Валовіча і памешчыкаў Жыжэмскіх. У 1815 годзе – уласнасць А. Валовіча, у 1858 годзе – А. Вішнеўскага і Ф. Немаршанскага.

Шчомысліца – вёска ў Менскім раёне Менскай вобласці, за 2 км на паўднёвы захад ад МКАДу. Шчомысліца ўваходзіць у склад і з’яўляецца цэнтрам Шчомысліцкага сельсавету.

Як перайменаваць станцыі другой лініі метро

Баранаўшчына – колішняя вёска і пасёлак. У 1917 годзе – хутар у Старасельскай воласці Менскага павета. За савецкім часам вёска, перад уваходжаннем у склад Менску, была ў Ждановіцкім сельсавеце Менскага раёну, каля вёскі месціўся аднайменны пасёлак. У 1978 годзе вёска і пасёлак уключаныя ў межы Менску.

Шырокае балота – недзе каля сучаснага парку Цівалі, што месціцца ў раёне колішняга фальварка Шырокае Балота.

Цівалі – гістарычны раён Менску, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы гораду, за Кальварыйскімі могілкамі. У 1992–2000 гадах хакейны клуб «Дынама» (Менск) выступаў пад назвай «Цівалі», пад якой 4 разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі.

Кальварыя – гістарычны раён Менску, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы гораду, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурная дамінантай мясцовасці быў могілкавы касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.

Нямецкая Слабада – знаходзілася, дзе зараз лютэранскі сквер. У гэтым раёне калісьці была нямецкая слабада. І са старых часоў тут жылі людзі нямецкай нацыянальнасці. Вуліцы мелі назвы – Нямецкая, Лютэранская і Малая Лютэранская. Тут жа былі нямецкія могілкі, закрытыя ў 1978 годзе.

Ракаўскі тракт – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху. Тут месцілася ўніяцкая царква, кармеліцкі кляштар з касцёлам Святой Марыі Магдалены, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. У часе нацысцкай акупацыі частка раёну ўваходзіла ў склад Менскага гета.

Нізкі Рынак – гістарычная мясцовасць у цэнтры Менску, старажытны асяродак гандлю ў горадзе. Месціцца пры вусці ракі Нямігі ў Свіслач. Да канца XVI – пачатку XVII ст. Нізкі Рынак значна павялічыўся. Тут утварыліся новыя вуліцы і завулкі. Цэнтральнымі і найбольш вялікімі трасамі Нізкага Рынку былі старадаўнія вуліцы Няміга, Ракаўская і Зыбіцкая.

Дамініканская – па назве вуліцы, дзе знаходзіўся кляштар Святога Тамаша Аквінскага, колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Менску. Дзейнічаў ад пачатку XVII ст. да 1832 года. Знаходзіўся на Высокім Рынку, займаў плошчу каля 2 га, быў абмежаваны вуліцамі Дамініканскай, Валоцкай і Юр’еўскай (частка квартала сучаснага Палаца Рэспублікі). У 1950 годзе савецкія ўлады ўзарвалі выбітны помнік архітэктуры. Яго камяні выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Менску. У 1985 годзе на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986-ым археолагі адкапалі падмуркі дамініканскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага.

Ляхаўка – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная ў паўднёвай частцы гораду. Падзялялася на Верхнюю Ляхаўку (трохвугольнік паміж цяперашнімі вуліцамі Свярдлова, Ульянаўская і Беларуская), Ніжнюю Ляхаўку (вялікі раён на ўсход і паўночны ўсход ад вуліцы Кастрычніцкай, а таксама прырэчная частка вуліцы Ульянаўская) і Ляхаўскую Слабодку (некалі гістарычная Ляхаўка, што размяшчалася на правым беразе Свіслачы – раён колішняй Лодачнай вуліцы). Назва мае, відавочна, этнічнае паходжанне – калісьці тут жылі «ляхі» (палякі). Другая частка наймення – «лука» – сведчыла пра асаблівасць ландшафту, якраз у гэтым месцы Свіслач утварае стромкую S-падобную звіліну, гэта значыць падвойную «луку».

Тры карчмы – гістарычная мясцовасць Менску. Урочышча Тры карчмы ўзнікла на ростанях шляхоў з Ляхаўкі, Архірэйскай Слабады і Антонаўкі (цяпер Партызанскі праспект у раёне кінатэатра «Ракета»). Калісьці з левага боку былога шляху на Магілёў існавалі тры карчмы, ад якіх пайшла назва мясціны.

Французы – фальварак Французы каля сучаснага Трактарнага заводу і вуліцы Даўгабродскай.

Будзілавічы – вёска, якая размяшчалася абапал Магілёўскай шашы, дзе зараз знаходзіцца стадыён «Трактар».



Двор Лохмана – фальварак каля сучаснага Партызанскага праспекта і ст.м. «Партызанская».

Слаўвец – вёска, якая знаходзілася ў раёне сучаснай Магілёўскай шашы, прама на месцы станцыі метро «Магілёўская».

Як перайменаваць станцыі трэцяй лініі метро

Татарская Слабада – гістарычная мясцовасць Менску. Назва мясцовасці ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI ст. узятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе (існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Менску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта). Да XVI ст. гэтая частка гораду называлася Пятніцкім Канцом.

Пляшчанка – гістарычны раён Менску, размешчаны ў заходняй частцы гораду, на паўднёвы ўсход ад Лютэранскіх могілак, абапал Лібава-Роменскай чыгункі.

Уборкі – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная на поўдзень ад Віленскага вакзалу (цяперашні Менск-Пасажырскі) абапал палатна Маскоўска-Берасцейскай чыгункі і далей да скрыжавання Новазахар’еўскай (Маскоўскай вуліцы) і Койданаўскага шляху. Гістарычныя Уборкі – раён сучасных вуліц Магілёўскай – Вакзальнай – Рабкораўскай – Талстога і іншых. Гэтыя вуліцы паўсталі ў канцы XIX – пачатку XX ст. у сувязі з пракладкай чыгуначнай лініі і будаўніцтвам двух вакзалаў.

Сенажаны – гістарычная мясцовасць Менску, размешчаная на захад ад Ігуменскага шляху і каляінаў Лібава-Роменскай чыгункі. Назва мясцовасці пайшла ад прыватнаўласніцкага фальварку роду Немаршанскіх.

Лібава-Роменская – будучая станцыя «Аэрадромная», якая будзе на месцы было аэрапорту «Менск-1», дзе зараз будуюць жылы комплекс «Менск-Мір». Названа ў гонар вуліцы Лібава-Роменская, што побач.

Немаршанскі сад. Немаршанскія – вядомы ў Менскім рэгіёне род, які часта згадваецца ў дакументах XIX стагоддзя. Маёнтак Немаршанскіх быў побач з Лошыцай, яны валодалі значнымі абшарамі зямлі, якую здавалі ў арэнду, мелі на ёй корчмы ды розныя гаспадарчыя аб’екты.

Вілкаўшчына – вёска, якая ўзнікла ў пачатку XX стагоддзя. З 1924 года – у Навадворскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёну, з 1931 года – у адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавету, з 1934 года – у Менскім раёне.

 

Глядзі таксама
Каментары