Мясніковіч распавёў пра беларуска-польскія стасункі напярэдадні візіту ў Варшаву


«Беларусі ды Польшчы неабходныя больш шчыльныя кантакты, каб будаваць давер і развіваць супрацу», – адзначыў Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савету Рэспублікі, напярэдадні свайго візіту ў Польшчу. 13 лютага ён правядзе перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам Матэўшам Маравецкім.

Міхаіл Мясніковіч абяцае «станоўчае рашэнне» аб прыняцці першакласнікаў у польскую школу ў Ваўкавыску. У той жа час ён сцвярджае, што няма ніякіх праблемаў з выкладаннем польскай мовы – хоць шмат падзеяў за апошнія некалькі месяцаў дэманструюць адваротнае.

Юстына Прус (PAP):

– 11 лютага вы прыязджаеце ў Польшчу. Якія чаканні ад візіту?

Міхаіл Мясніковіч:

– Мы ў Менску лічым, што камунікацыя паміж Беларуссю і Польшчаю на ўзроўні ўраду, парламенту вельмі нізкая. Хочам даведацца, якое меркаванне на гэты конт у польскага боку. У нас ёсць шмат агульнага – гісторыя, карані.

Мы суседзі і таму мы абавязаныя размаўляць адзін з адным. Абедзве краіны заяўляюць, што ім важная супраца.

– Адзін з асноўных кірункаў гэтай супрацы – эканамічныя пытанні.

– У Беларусі працуюць 3300 супольных з краінамі ЕЗ прадпрыемстваў, а вось кампаніяў з польскім капіталам толькі 339. Я думаю, што гэта не нармальна. Са студзеня да верасня 2018 года замежныя інвестыцыі ў Беларусь склалі 7,7 мільярдаў долараў, з гэтай лічбы польскі капітал – 342,1 мільёны долараў. Хіба нешта перашкаджае прысутнасці польскага бізнесу ў Беларусі? Трэба пра гэта размаўляць.

– Бізнес кажа пра патэнцыйную рызыку, адсутнасць спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў Беларусі.

– Польскім кампаніям няма чаго баяцца. Нашыя эканамічныя законы адпавядаюць міжнародным стандартам. Апроч таго, мы гатовыя, калі гэта выгадна для абодвух бакоў, прымаць індывідуальныя захады ў канкрэтных выпадках. Беларусь жадае прыцягнуць новыя замежныя інвестыцыі, ствараць новыя супольныя кампаніі. Умовы для працы фірмаў у нас аднолькавыя для ўсіх, незалежна ад формы ўласнасці або краіны паходжання.

– У якія сферы можа інвеставаць Польшча?

– Ува ўсе. Гэта таксама датычыць і набыцця нерухомасці, якая належыць дзяржаве.

Мы маглі б, напрыклад, актыўна супрацоўнічаць у энергетыцы, хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, лясной прамысловасці.

Да нас прыязджаюць інвестары з розных краінаў, напрыклад, з Азіі, з Індыі. І яны зусім іншыя паводле ментальнасці, менталітэту, але і гэта ім наагул не перашкаджае. Польскіх кампаніяў магло б быць болей.

– Для Польшчы ў двухбаковых стасунках вельмі важнае пытанне пра стан меншасцяў. Ёсць скаргі на праблемы, у тым ліку перашкоды ў арганізаванні імпрэзаў (рэгулярныя адмовы ў арэндзе памяшкання) або праблемы з доступам да адукацыі на польскай мове. Вядзецца пра тое, што не ўсіх ахвотных дзяцей прымаюць у першую класу ў польскіх школах. Летась, нягледзячы на перашкоды, у рэшце былі прынятыя ўсе ахвотныя ў Горадні, але ў Ваўкавыску – не.

– Там няма ніякіх праблемаў. Тысячы грамадзянаў Беларусі вывучаюць польскую мову і бесперашкодна камунікуюць з сябрамі ў Польшчы. Калі ласка, прыязджайце і паглядзіце.

– Улады ў Менску кажуць, што праблемы з польскімі школамі мусяць развязвацца на мясцовым узроўні, але гэта не ўдаецца. Беларускі бок ведае, што гэта вельмі важная тэма для Варшавы, і заяўляе пра гатовасць павысіць давер у стасунках, то чаму б проста не прыняць усіх ахвотных у школу?

– Гэта сапраўды для Варшавы такое важнае пытанне? Летась у Ваўкавыску не было магчымасці стварэння яшчэ аднаго класу проста з тэхнічных прычынаў.

Калі б я ведаў раней, што польскі бок лічыць, што гэта праблема, то адназначна развязаў бы гэтае пытанне.

Але нягледзячы на ўсё, пытанне аб стварэнні яшчэ аднаго першага класу ў Ваўкавыску ў будучым навучальным годзе станоўча развязанае – калі, вядома, будуць гатовыя першакласнікі. Пры гэтым калі паўстала пытанне трэцяга першага класу ў Горадні, то гэтае пытанне развязалі мясцовыя ўлады. Такія рэчы не павінныя патрабаваць удзелу «вышэйшай інстанцыі».

– І таму ёсць надзея, што сёлета гэткая сітуацыя ў Ваўкавыску не паўторыцца?

– Запэўніваю вас, што мы старанна падыдзем да гэтага пытання.

Мы лічым, што для беларусаў, якія грамадзяне Польшчы, няма такіх добрых варункаў, каб вывучаць сваю мову і культуру, якія ёсць у палякаў – грамадзянаў Беларусі.

Часткова развязаць гэтыя праблемы ўдалося дзякуючы адукацыйнаму пагадненню, але мы павінны працаваць і ў іншых кірунках. У межах свайго візіту ў Польшчу будзе падпісана пагадненне аб сацыяльным забеспячэнні. Ва ўмовах актыўнай міграцыі ў пошуках працы гэта важны дакумент як для палякаў, гэтак і беларусаў. Сёння ў Польшчы каля 50 тысячаў асобаў лічаць сябе беларусамі, але 10 гадоў таму ў Польшчы каля 400 тысячаў лічылі сябе беларусамі. У нас палякі – грамадзяне Беларусі могуць зрабіць карʼеру ў розных галінах. Мы не падзяляем людзей паводле нацыянальнасці або рэлігіі. Беларусь – краіна роўных магчымасцяў.

– Але ёсць праблемы з адукацыяй на польскай мове.

– Няма такой праблемы і не будзе. Праца польскіх школаў фінансуецца за кошт сродкаў падаткаплатнікаў, а дзеці, якія там навучаюцца, потым часта зʼязджаюць у Польшчу. Мы не хочам гэтага разглядаць як мэтанакіраваную міграцыйную палітыку. Верагодна, што Польшча мае сёння праблемы з чалавечымі рэсурсамі. У 2017 годзе Польшча, паводле нашых звестак, выдала 34 тысячы працоўных візаў. Для нас важна, каб беларусы мелі такія ж самыя ўмовы, як і палякі.

– Грамадзяне вашай краіны могуць зарабіць у Польшчы болей, чым у Беларусі – гэта прычына міграцыі.

За тую ж працу яны павінныя атрымліваць аднолькавы заробак і сацыяльную абарону, як і палякі. Яны не павінныя быць парабкамі. Палякі горды народ, але беларусы таксама людзі не другога гатунку.

Мы жадаем, каб паміж намі былі добрасуседскія стасункі, а ўлады і грамадства прымалі захады, выгадныя для абодвух бакоў.

– Польшчу і Беларусь абʼядноўваюць агульныя інтарэсы?

– Польшча і Беларусь маглі б стаць сувязнымі паміж ЕЎРАЗЭС і ЕЗ. Мы не ўваходзім у Еўрапейскі Звяз, але жадаем больш шчыльнай супрацы. Мы разумеем, што Польшча кіруецца інтарэсамі ЕЗ, мае там і абавязкі. Беларусь таксама частка інтэграцыі. Але я хачу падкрэсліць: у сваіх рашэннях мы цалкам суверэнныя.

– Расея дазволіць Беларусі збліжацца з Польшчаю, з ЕЗ?

– Калі праглядзець артыкулы Уладзіміра Пуціна за 2011 год, то агучвалася, што план у перспектыве – збліжэнне ЕЎРАЗЭС і ЕЗ.

– З таго часу шмат што змянілася. За апошнія сем гадоў адбылася анексія Крыму, вайна на Данбасе, у Сірыі. Як Беларусь плануе будаваць свае адносіны з Захадам, з ЕЗ, з Польшчаю?

– Мы ніколі не сябруем «супраць кагосьці». Наш прэзідэнт, урад, парламент у першую чаргу зыходзяць з таго, што павінныя думаць пра сваю краіну і працаваць на карысць народу.

– Наколькі Польшча важная для стасункаў Менску з ЕЗ? У Беларусі з вуснаў некаторых палітыкаў і экспертаў гучыць, што галоўную ролю мае Нямеччына і Францыя.

Палякі і беларусы заўсёды былі блізкія. Рэч Паспалітая была створаная са звязу дзвюх краінаў. Я, напрыклад, родам з ваколіцаў Нясвіжу, мае бацькі да 1939 года жылі на тэрыторыі Польшчы, маці пайшла ў польскую школу. Да гэтага часу мы маем добрае стаўленне да палякаў і да касцёлу. Мы павінныя сапраўды быць сябрамі. Абмяркоўваць, сустракацца. Чаму, напрыклад, няма сустрэчаў прэзідэнтаў?

– Вы запросіце прэзідэнта Анджэя Дуду ў Беларусь?

– У мяне няма такіх паўнамоцтваў. Але калі такая сустрэча адбудзецца, то яна павінная вельмі добры быць падрыхтаваная.

– З 2015 года мы гаворым пра нармалізацыю стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ як у цэлым, гэтак і з асобнымі краінамі звязу. Якая асноўная прычына гэтага працэсу: эканоміка, геапалітыка?

– Беларусь паслядоўна праводзіць палітыку шматвектарнасці з 1994-га. Так, можна казаць і пра пэўныя этапы, а пасля 2015 года нашыя стасункі з ЕЗ сапраўды палепшыліся, і мы лічым, што гэты працэс павінен пашырацца. Вацлаў Гавэл сказаў, што дзверы ў еўрапейскім доме павінныя быць адкрытыя, каб заахвочваць тых, хто не яго жыхар.

Наш стратэгічны партнёр – Расея. Мы гэта цэнім і ўмацоўваем нашае сяброўства і супрацу. У нас выдатныя стасункі з Кітаем, з шэрагам іншых краінаў. Мы разлічваем выключна на сябе і ніякім чынам не будзем гандляваць суверэнітэтам і незалежнасцю, таму не бярэм на сябе нейкіх абавязкаў, якія маглі б паўплываць на нашую дзяржаўнасць.

Таму галоўная мэта майго візіту ў Польшчу – умацаванне даверу і пашырэнне супрацы ўва ўсіх сферах: гандлёвых, гуманітарных, палітычных. Мы ж суседзі, у рэшце.

– Апроч Варшавы, вы наведаеце Беласток. Ці вы праведзяце сустрэчу з дыяспарай. Там вы можаце атрымаць поўную інфармацыю пра тое, як беларусы жывуць у Польшчы.

– Я ніколі не быў у Беластоку. Гэтая сустрэча будзе мець выключна асабісты характар, а не палітычны. Мы паважаем рашэнне польскіх уладаў. Яны вашае суверэннае права.

PJ, belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў