Мясніковіч прапанаваў «актуалізаваць» дамову аб Саюзнай дзяржаве з Расеяй


Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы можа быць актуалізаваная, заявіў 17 студзеня старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, перадае БелТА.

Паводле Мясніковіча, актуалізацыя будзе датычыцца стварэння роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання і забеспячэння роўных правоў грамадзян.

«Мяркую, мы выйдзем на вельмі сурʼёзныя і цікавыя прапановы, якія могуць быць разгледжаны як нейкія дапаўненні і змяненні ў дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. За гэтым стаіць вельмі вялікая напружаная праца, паколькі ідэі трэба не толькі пакласці на паперу, але і ўзгадніць з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве – са структурамі Расеі», – сказаў ён.

Мясніковіч адзначыў, што беларускі бок разлічвае на актыўны ўдзел у гэтых працэсах Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Сёння ў Савеце Рэспублікі пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясніковіча праходзіць пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Форум адбудзецца ў Магілёўскай вобласці ў верасні.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі была створана ў 1996 годзе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў