Мясніковіч перазагружае Варшаву з Менскам


Пакуль Аляксандр Лукашэнка дамаўляецца на ўсход ад Беларусі – з Уладзімірам Пуціным у Сочы, дбаць пра дзяржаўныя інтарэсы на заходнім кірунку выправіўся адзін з самых уплывовых беларускіх чыноўнікаў – кіраўнік Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Варшава прыняла Мясніковіча на найвышэйшым узроўні, але ці будуць з гэтага нейкія дывідэнды для Менску?

Беларуская шматвектарнасць у дзеянні: Лукашэнка – у Сочы, Мясніковіч у гэты ж час – у Варшаве.

«Гэта квінтэсенцыя беларускай замежнай палітыкі апошніх гадоў. Першая асоба – у Расеі, а дэ-факта другая асоба дзяржавы – у Польшчы. Несумненна, перамовы ў Сочы ды ў Варшаве могуць быць паміж сабою скаардынаваныя. А цяжкі стан існых дачыненняў паміж Менскам і Масквою мог быць прадметам размоваў Мясніковіча ў Варшаве», – мяркуе Анна Дынэр з Польскага інстытуту замежных справаў.

Канечне, можна запярэчыць, што візіт Мясніковіча ў Варшаву быў узгоднены нашмат раней, чымся стала вядома пра паездку Лукашэнкі ў Сочы, і, як кажуць, усе супадзенні выпадковыя. Але падчас цяжкіх размоваў пра нафту з расейскім прэзідэнтам Лукашэнка заўсёды можа пахваліцца тым, што сябры цяпер у нас ёсць не толькі на Усходзе.

«Беларусь разглядае Польшчу ў якасці сяброўскай краіны, надзейнага партнёра. Мы будуем нашыя адносіны на прынцыпах добрасуседства і ўзаемнае павагі», – заявіў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

На практыцы ўсё, пра што кажа Міхаіл Мясніковіч, не зусім адпавядае рэчаіснасці. У дачыненнях афіцыйнага Менску ды Варшавы вельмі даўгая гісторыя крыўдаў і працяглы спіс праблемаў. Узмацненне абароны Польшчы ў беларускім кірунку і перспектывы з’яўлення амерыканскай базы Форт Трамп, а таксама парушэнні правоў польскай меншасці ў Беларусі – адныя з галоўных. Але польскія ўлады глядзяць у будучыню з аптымізмам.

«Гэты візіт быў акрэслены маім калегам спадаром Мясніковічам як рэстарт нашых адносінаў. Я перакананы, што нашыя дамоўленасці набліжаюць нас да развязання ўсіх спрэчных момантаў: як пытанне адукацыі, гэтак і пытанне Саюзу палякаў», – распавёў маршал Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.

Рэстарт рэстартам, але ўжо на наступны дзень пасля заявы Карчэўскага Міхаіл Мясніковіч каментаваў сітуацыю з польскаю меншасцю ў Беларусі.

«Польскі бок робіць нейкія высновы суб’ектыўна», – упэўнены Мясніковіч.

Саюз палякаў Беларусі: улада дыскрымінуе і парушае правы польскай меншасці

А Менск, зразумела, бачыць справу абʼектыўна ды зараз патлумачыць польскім калегам, што і як у гэтай справе трэба рабіць.

«Калі ўсіх дзяцей прымуць у школы з польскім навучаннем – у Ваўкавыску, у Горадні, калі Саюз палякаў будзе нармальна дзеяць згодна з тым, што кажа Канстытуцыя, і не будуць парушацца стандарты міжнароднага права, тады будзе ясна, гэтыя візіты носяць пазітыўны ці негатыўны характар», – адзначае старшыня не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжэліка Борыс.

Ёсць і яшчэ адна тэма, якая сталася перашкодаю на шляху да добрых стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Варшаваю, – малы памежны рух. Які б дазволіў амаль мільёну беларусаў ездзіць у Польшчу без візаў.

«Спачатку беларускі бок казаў пра палітычны аспект непадпісання гэтае дамовы, цяпер, як мы бачым, дамінуе эканамічны чыннік. Менск баіцца значнага адплыву капіталу з Беларусі ў польскае памежжа. Абодва бакі больш не ўздымаюць гэтага пытання, замяніўшы яго часткова большаю колькасцю выдадзеных візаў з польскага боку і 10-дзённым бязвізавым рухам з беларускага боку», – кажа Анна Дынэр.

Без улюбёнай візы. Што цяпер?

Не было сказана ні слова і на самую любімую Аляксандрам Лукашэнкам тэму – таваразварот. Кіраўнік Беларусі любіць падкрэсліваць: спачатку – эканоміка, пазней – палітыка. Але тут пакуль ганарыцца няма чым, кажа палітолаг Андрэй Ляховіч.

«Наш таваразварот меншы за 5 % ад агулу. Вялікі патэнцыял, які не можа быць выкарыстаны. У мінулым годзе беларускія суды вынеслі 0,18 % апраўдальных прысудаў. Калі ў нас няма незалежнага суда – ніякі бізнес, у тым ліку польскі, да нас не прыйдзе. Пра развіццё нейкіх адносінаў у гэтым плане не варта і думаць», – тлумачыць палітолаг, працаўнік кафедры паліталогіі юрфаку БДУ Андрэй Ляховіч.

Пры такой колькасці праблемаў не адразу становіцца ясна, які інтарэс падаграваюць інтэнсіўныя польска-беларускія стасункі. Рэч у тым, што абодва бакі не кажуць пра гэта адкрыта, асцерагаючыся рэакцыі Крамля. Менск хоча максімальна дыверсіфікаваць свае рынкі збыту. Прадаваць у Польшчу – лес, аўтатэхніку, электрычнасць з АЭС. Варшаву больш цікавяць пытанні бяспекі.

«Галоўны іхны нацыянальны інтарэс – каб Беларусь не была паглынутая Расеяй. Таму яны са свайго боку будуць рабіць максімум, каб захаваць незалежнасць Беларусі. Гэта галоўны польскі інтарэс», – мяркуе Ляховіч.

Крымскія падзеі пяцігадовае даўніны моцна змянілі перспектыву, з якой у Варшаве глядзяць на Аляксандра Лукашэнку. Як вынік, кіраўнік Беларусі ўжо сёлета мае шанцы атрымаць запрашэнне ў Польшчу на ўрачыстасці, звязаныя з 80-годдзем пачатку Другое сусветнае вайны. І гэтым разам імавернасць таго, што Аляксандр Лукашэнка запрашэнне прыме, высокая як ніколі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Ігар Кулей, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары