Мясніковіч паляціць у Парыж замест Лукашэнкі


Беларусь на ўрачыстасцях з нагоды сотай гадавіны заканчэння Першай сусветнай вайны ў Парыжы прадставіць старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Як паведамілі TUT.BY у прэс-службе Савета Рэспублікі, працоўны візіт Мясніковіча ў Парыж працягнецца з 10 па 12 лістапада. Ён прыме ўдзел у мемарыяльных цырымоніях, прысвечаных 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны, якія адбудуцца каля Трыўмфальнай аркі, а таксама на Парыжскім Форуме міру.

Асобны выступ Мясніковіча не запланаваны, але ён будзе камунікаваць з іншымі ўдзельнікамі на палях форуму.

У рамках візіту Мясніковіч сустрэнецца з прэзідэнтам Сената Францыі Жэрарам Ларшэ і прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Францыі.

У верасні стала вядома, што запрашэнне ўзяць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны ў Парыжы, атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Тады ягоная прэс-сакратар Наталля Эйсмант казала, што пытанне ці паляціць Лукашэнка ў Парыж будзе прапрацоўвацца з улікам графіка кіраўніка дзяржавы.

Сёння, 8 лістапада Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з працоўным візітам у Казахстане, дзе бярэ ўдзел у саміце АДКБ.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў