Мясніковіч: Адзіная валюта ў сённяшняй сітуацыі пагражае суверэнітэту


Былы прэм’ер Беларусі пракаментаваў ідэю ўвядзення адзінай валюты Еўразійскага эканамічнага звязу. Гэта мера можа прывесці да поўнага падпарадкавання краінаў звязу інтарэсам дзяржавы з большай эканомікай, мяркуе Мясніковіч.

«Эканамісты, якія падтрымліваюць хутчэйшае стварэнне адзінага рынку тавараў і паслугаў, капіталу і працоўнай сілы без выключэнняў і абмежаванняў, выступаюць за фармаванне валютнага звязу не пасля, а паралельна з гэтым. То бок зараз, а не да 2025 года. Яны абгрунтавана мяркуюць, што абсалютна ўсе перашкоды ва ўзаемным гандлі на час увядзення адзінай валюты будуць ліквідаваныя», – заявіў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Разам з тым у некаторых палітыкаў прысутнічае не зусім правільная парадыгма інтэграцыі: увесці адзіную валюту, не забяспечыўшы ліквідацыю адрозненняў умоваў вядзення гаспадарання ў ЕАЭЗ, кажа Мясніковіч. І дадае, што на практыцы гэта можа азначаць поўнае падпарадкаванне краінаў ЕАЭЗ інтарэсам дзяржавы з большай эканомікай, што фактычна можа прывесці да страты суверэнітэту.

Увядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным звязе выключыў і Казахстан. Палітолаг Вольга Лаўрыненка ў эфіры праграмы «Гарачы каментар» выказала думку, што такія супярэчнасці могуць быць вынікам таго, што ЕАЭЗ быў створаны не па эканамічных прычынах.

«Гэта геапалітычнае аб’яднанне, створанае па ініцыятыве Пуціна, каб такія краіны як Беларусь ці Арменія не супрацоўнічалі з Еўразвязам, а супрацоўнічалі з Расеяй. Калі разглядаць этапы інтэграцыі, то ў такім аб’яднанні пасля стварэння эканамічнага звязу павінен быць створаны звяз валютны. Атрымоўваецца, два лідара адмаўляюцца ад ідэі ўвядзення адзінай валюты, а Пуцін усцяж лічыць, што гэты крок магчымы», – заявіла Вольга Лаўрыненка.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў