«Мяне хацелі забіць». Асуджаны ў Беларусі 71-гадовы нарвежац вярнуўся дадому


Даг Вівэштад.
Фота: facebook.com/britishsurviver.belarus

Грамадзянін Нарвегіі Даг Вівэштад, якога ў Беларусі спачатку вінавацілі ў сексуальным дамаганні ў дачыненні беларускай дзяўчынкі, але потым асудзілі за хуліганства, выйшаў на волю. Цяпер ён удома. Падрабязнасці сваёй справы нарвежац распавёў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Даг Вівэштад прыехаў у Беларусь са сваім сябрам, бо яны, маўляў, цікавяцца гісторыяй Другой сусветнай вайны. Непрыемнасці ў іх пачаліся 29 верасня 2019 года ў Берасці. Нагодай для іх стала размова з 10-гадовай дзяўчынкай. Паводле суразмоўцы, яго вельмі здзівіла, што яна добра размаўляе па-ангельску. За гэта ён пацалаваў яе адзін раз у лоб і адзін раз у шчаку, што, паводле яго, з’яўляецца нормай для многіх еўрапейскіх краінаў.

Сваякі дзіцяці, якія непадалёку святкавалі вяселле, палічылі гэта за сексуальнае дамаганне і збілі замежнікаў.

«Мужчына сядзеў на маім сябры і раз-пораз біў яго па твары. Яго амаль забілі, моцна паранілі. У Нарвегіі яму зрабілі аперацыю на галаве», – распавёў суразмоўца.

Hавiны
У Беларусі 71-гадовага нарвежца вінавацяць у педафіліі. Сваякі: гэта няпраўда
2020.01.16 07:24

Сябра Вівэштада вярнуўся дадому, дзе доўга праходзіў лекаванне. У Беларусі распачатая справа ў дачыненні да нападнікаў. А самога Вівэштада, 29 верасня 2019 г., апоўначы ў нумары гатэлю затрымала міліцыя.

«Я быў без пітва і ежы каля 20 гадзін, атрымаў іх толькі пасля прыбыцця ў ізалятар часовага ўтрымання. Я быў вымушаны сядзець на месцы каля 16 гадзін. Мне не было з кiм размаўляць праз адсутнасць у паліцыі ведаў ангельскай мовы», – адзначыў Даг Вівэштад.

Адразу пасля затрымання яго даставілі на медагляд, які паказаў адсутнасць у крыві нарвежца алкаголю. Тым не менш, паводле яго, у міліцыі працягвалі настойваць на тым, што ён быў п’яным.

«Уначы міліцыянты пачалі казаць пра відэа, на якім, нібы, я запісаны падчас меркаванага злачынства. На той час я не ведаў, што паказвала відэа. Міліцыянты пачалі кпіць, дурыць мяне і смяяцца з мяне. Жудасны досвед», – заявіў нарвежац.

Неўзабаве яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу – гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй, што прадугледжвае пакаранне ад 8 да 15 гадоў зняволення.

Паводле суразмоўцы, некалькі дзён пасля затрымання ў яго не было ані адваката, ані перакладчыка. Пры гэтым перакладчык, якога яму пасля далі ў міліцыі, быў некампетэнтным і, на думку затрыманага, быў настроены супраць яго, дапускаў памылкі, якія маглі яму нашкодзіць.

«На судзе ў мяне быў іншы перакладчык з расейскай на англійскую. Ён быў адэкватным. Перакладчыка з нарвежскай на расейскую ў мяне не было зусім», – падкрэсліў суразмоўца.

«Цалкам здаровы ментальна і сексуальна»

Напачатку яго рэгулярна вазілі па розных установах і дактарах, нічога пры гэтым не тлумачачы і не падаючы перакладчыка. Адным з вечароў у кастрычніку яго пасадзілі ў цягнік і з прыпынкам у Баранавічах накіравалі ў Менск. Там праз некалькі дзён яго скіравалі да псіхіятра.

«Калі я прыбыў у гэтую лякарню, я, вядома, моцна пратэставаў, але дарэмна. З мяне знялі вопратку, загадалі прыняць душ пад наглядам многіх людзей і мне далі форму, больш падобную да піжамы. Мне не было дазволена галіцца і чысціць зубы. Акуляры трэба было аддаваць на ноч. Я застаўся там на тыдзень без душу. Пасля пратэсту мне дазволілі чысціць зубы столькі, колькі я хацеў», – кажа Даг Вівэштад.

У шпіталі ён прабыў 7 дзён, з якіх з лекарамі размаўляў толькі 2,5 гадзіны.

«Псіхіятр, псіхолаг і сексолаг – усе прыйшлі да высновы, што я быў цалкам здаровы ментальна і сексуальна», – заявіў нарвежац.

Нягледзячы на экспертызу, паводле яго, следчы працягваў настойваць на сексуальных адхіленнях затрыманага.

«Палкоўнік і ягоныя падначаленыя павінны быць асуджаныя»

Праз тыдзень яго зноў скіравалі на Берасце. Дарога цягнулася некалькі дзён, за якія ў 71-гадовага нарвежца развіліся праблемы з сэрцам і ціскам. Пры гэтым падчас перасоўвання ў цягніках зняволеных не кармілі па 30 гадзінаў.

Больш за тое, у першай камеры ў Берасці,ён знаходзіўся з забойцам і іншымі асуджанымі да доўгіх тэрмінаў, якія пагражалі яго жыццю. У выніку нарвежца перавялі ў іншую камеру.

Пры гэтым ён адзначыў, што менавіта ў турме сустрэў шмат годных беларусаў, якім ён удзячны за дабрыню, гумар і дапамогу. Сярод міліцыянтаў, паводле яго, такіх не было. Найгоршае стаўленне ў яго да палкоўніка міліцыі, які вёў ягоную справу.

«Без якіх-небудзь доказаў (што пацвердзіў суд), ён хацеў забіць мяне, асудзіўшы на 15 гадоў зняволення ў жудаснай беларускай калоніі. Палкоўнік і ягоныя падначаленыя павінны быць звольненыя ды асуджаныя на шмат гадоў зняволення. Спрабаваць асудзіць невінаватых – гэта вялікае злачынства», – падкрэсліў Даг Вівэштад.

Выніковае абвінавачванне грунтавалася, паводле яго, «на падробках, хлусні, выдумках і здагадках». Гэтак, заяўлялася, што ён быў п’яным, мае сексуальны разлад, шмат разоў цалаваў дзяўчыну ды спрабаваў выцягнуць яе ў замоўлены ім таксі. Але экспертызы казалі пра адваротнае, як і тое, што сінякі ў дзіцяці былі ранейшымі. Абвяргала словы міліцыянтаў і відэа з камераў назірання, а машыну замовіў сябра абвінавачанага.

Hавiны
У Берасці 71-гадовага нарвежца пакаралі за хуліганства, хаця вінавацілі ў прыставанні да дзяўчынкі
2020.02.11 16:59

У выніку суддзя пастанавіў перакваліфікаваць справу з ч. 3 арт. 167 КК (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй) на арт. 339 КК (хуліганства). Замест 8-15 гадоў яго асудзілі на шэсць месяцаў.

«Я жыў у шасці краінах – Нарвегіі, двойчы ў Англіі, Канадзе, Эфіопіі, Францыі ды Расеі. Наведаў 41 краіну. І ніколі нідзе ў мяне не было канфліктаў з паліцыяй да маіх выпрабаванняў у Беларусі», – заявіў Даг Вівэштад.

28 сакавіка 2020 года ён выйшаў з вязніцы, і 2 красавіка прыбыў у Нарвегію.

«Я схуднеў на 20 кілаграмаў. Быў больш за 80, а стаў менш за 60. Быў моцна здзіўлены, калі пабачыў сябе ў люстэрку», – адзначыў суразмоўца.

Даг Вівэштад адзначае, што ягоныя правы былі шмат разоў парушаныя ў Беларусі. Але пакуль не ведае, ці будзе звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, каб абскардзіць сваё зняволенне, бо хоча «гэта ўсё забыць». Пры гэтым ён не выключае, што прыедзе ў Беларусь, каб выступіць сведкам на судзе пра збіццё ягонага сябра, калі гэтая справа дойдзе да суду.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў