Мянчук прынёс у міліцыю кулямёт і 84 патроны


Жыхар Менску добраахвотна здаў кулямёт «Максім» часоў Вялікай Айчыннай вайны ў міліцыю ў межах правядзення аперацыі «Арсенал».

У Кастрычніцкі РУУС сталіцы мужчына здаў таксама 84 патроны калібру 7,62 мм 1941 года выпуску. Мянчук сказаў, што знайшоў кулямёт на гарышчы хлява на бацькоўскай сядзібе, калі рабіў уборку, падае БелаПАН.

Мяркуецца, што кулямётаў такой мадыфікацыі было выраблена ўсяго каля 100 адзінак. Паводле папярэдняй ацэнкі адмыслоўцаў, гэта мадыфікаваная версія кулямёта ўзору 1927 года. Ён быў прымацаваны альбо да самалёта, альбо да бронетранспарцёра. Падача патронаў ажыццяўлялася стужкай.

У цяперашні час такога варыянту кулямёта няма ні ў адным з музеяў Беларусі. Пасля праверкі і даследаванняў зброя будзе перададзена ў комплекс «Лінія Сталіна» альбо музей Вялікай Айчыннай вайны.

Экспертыза будзе высвятляць, ці з’яўляецца гэты прадмет агнястрэльнай зброяй, а таксама ці прыгодны ён для стральбы.

Калі б грамадзянін не здаў кулямёт і патроны, і зброю знайшлі, яго прыцягнулі б да крымінальнай адказнасці. Яму б пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі, адзначылі міліцыянты.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў