Мянчук пасля акцыі 6 верасня: У Жодзіна прывезлі мінімум 259 чалавек. Што з жонкай – невядома


У мінулую нядзелю ў Менску прайшло традыцыйнае шэсце прыхільнікаў пераменаў, гэтым разам пад назваю Марш адзінства. Пасля завяршэння акцыі сілавікі жорстка затрымлівалі мітынгоўцаў. Адметна цяпер і тое, што ані АМАП, ані вайскоўцы не цураюцца масава хапаць дзяўчат.

Мянчук Аляксей, чыю жонку таксама затрымалі пасля маршу, распавёў belsat.eu, як гэта было:

Мы трапілі ў атачэнне сілавікоў каля заводу «Мотавела». Нам перагарадзілі рух, і на нас пачаў бегчы натоўп вайскоўцаў. Яны былі ў зялёнай форме з дубінкамі.

Hавiны
Мірны нядзельны пікет: дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, больш за 200 затрыманых, разбітыя дзверы кавярні
2020.09.06 14:32

Хтосьці з групы пабег наперад, мы засталіся стаяць. Нас прыціснулі да будынку, мы сталі ў счэпку. Са мной была жонка Анжаліна.

Кіраўнік атраду падышоў да нас, ад нас выйшаў найбольш харызматычны хлопец. Мы сказалі, што проста хочам сысці дадому, на што ён прапанаваў дзве опцыі: без клопатаў прайсці ў аўтазак, або да нас прыменяць сілу і проста туды запхаюць.

Некалькі хлопцаў супраціўляліся, іх палупцавалі дручкамі і занеслі ў аўтазак. Я разумеў, што не мае сэнсу з імі змагацца, таму даў заплечнік жонцы і пайшоў добраахвотна.

Машыны сваякоў, сяброў і валанцераў, якія прыехалі ў СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тады я думаў, што дзяўчат чапаць не будуць, але памыляўся. Нас прывезлі ў Завадскі РУУС, склалі пратакол. У актавай зале было больш за 100 мужчынаў. Дзяўчат трымалі асобна. Я нават здзівіўся, што да нас там нармальна ставіліся, не збівалі. 40 чалавек, у тым ліку мяне, адпусцілі апоўначы, 64 засталіся ў РУУС.

Калі выйшаў, пачаў званіць жонцы, але тэлефон быў недаступны. Пасля высветлілася, што Анжаліну таксама забралі – толькі ў Партызанскі РУУС. Цяпер яна ў Жодзіне.

Тут я дзяжуру з ночы. Да суда іх будуць трымаць тут, а калі суд – невядома. За ўвесь час, што я тут, выйшла адна асоба. У спісе затрыманых 6 верасня, які вывесілі на турме, – 259 чалавек.

Людзей выпускаюць з СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У нядзелю па ўсёй краіне затрымалі 633 асобы, палову чакаюць суды.

belsat.eu

Стужка навінаў