Мянчук паскардзіўся, што КДБ праз шантаж і пагрозы схіліў яго да супрацы


Будынак КДБ у Менску, фота wikimapia.org

Жыхар Менску звярнуўся ў Генпракуратуру Беларусі са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка КДБ, які, паводле ягоных словаў, шляхам шантажу і пагроз вымусіў яго пагадзіцца на «добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржбяспекі». Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

8 красавіка Алег Дашкевіч прыбыў у ваенкамат Кастрычніцкага раёна Менску для пастаноўкі на воінскі ўлік пасля адбыцця службы ў рэзерве. У ваенкамаце да яго нечакана падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў форме падпалкоўнікаў і прапанавалі праехаць у РУУС, каб «паразмаўляць». Прычыну паабяцалі назваць пазней.

Падчас размовы ў міліцэйскай машыне Дашкевічу сталі паказваць скрыншоты фотаздымкаў з ягонай старонкі «Укантакце», з выявамі сімвала калаўрат, сцяга трэцяга рэйха, арла на фоне неба, які абапіраецца на сцягі з калаўратамі і паведамілі, што падобныя выявы класіфікуюцца, як распаўсюд нацысцкай сімволікі. Паказвалі таксама і скрышноты відэа, дзе серу з-пад запалак кладуць у металічную ёмістасць і яна выбухае. Паводле міліцыянтаў, падобныя матэрыялы адносяцца да экстрэмісцкіх і за іх распаўсюд можа пагражаць адміністратыўная адказнасць.

Ужо ў пастарунку Дашкевічу паказвалі ордар на агляд кватэры, пагражалі магчымасцю затрымання, а пасля паведамілі, што ёсць шанец пазбегнуць пакарання.

У кабінет зайшоў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і паказаў пасведчанне, закрыўшы свае прозвішча пальцам. Алег сцвярджае, што чэкіст пачаў паказваць яму асабовыя справы ягоных сваякоў, распавёў, што паколькі ягоны бацька часта па працы выязджае ў Літву, яму лёгка закрыць выезд за мяжу. Таксама праз тое, што Дашкевіч можа ўяўляць «пагрозу нацыянальнай бяспецы», у ягоных маці і сястры, якія працуюць у дзяржаўных установах, могуць узнікнуць праблемы.

«Супрацоўніка цікавілі таксама мае ранейшыя паездкі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі і Украіны. Ён задаваў наводзячыя пытанні аб тым, ці не вярбую я там людзей для ўдзелу ў незаконных узброеных фармаваннях, альбо сам праходжу спецыяльную падрыхтоўку», – распавёў праваабаронцам Алег Дашкевіч.

Пасля таго, кажа Дашкевіч, прадстаўнік КДБ згадаў Еўрапейскія гульні, што маюць адбыцца ў чэрвені ў Менску і ў гэты час у краіне нібыта могуць актывізавацца футбольныя фанаты дзеля арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён прапанаваў Дашкевічу ўліцца ў рух футбольных фанатаў, каб даведацца пра іх бліжэйшыя планы і ўрэшце прымусіў падпісаць дакумент аб добраахвотнай супрацы з Камітэтам дзяржбяспекі. Паводле Дашкевіча, ён абраў сабе псеўданім «Смерч».

Праз дзень Дашкевіч падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі, у якой просіць прызнаць дзеянні супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі неправамернымі.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары