Мянчук напіша заяву ў Следчы камітэт за прымушэнне дзяцей уступіць у БРСМ


Аляксандр Старавойтаў у сацыяльных сетках напісаў кіраўніцтву гімназіі № 31, што звернецца ў ведамства, калі цягам содняў не атрымае афіцыйнага каментара пра запужванне вучняў адлічэннем з класу, калі тыя не ўступяць у праўладную моладзевую арганізацыю.

У каментары belsat.eu мужчына пацвердзіў свой намер.

«Мая дачка ў наступным годзе ідзе ў школу ў 5-ую гімназію Менску. Але як уявіў яе на месцы гэтых дзяцей – мяне затрэсла. Гэта ж як дзедаўшчына ў арміі. І дзеці ў той сітуацыі апынуліся сам-насам з гэтымі пагрозамі. Са мною ні хто не звязваўся. Стоадсоткава буду пісаць запыт у Следчы камітэт. Гэта мой абавязак як аднаго з бацькоў, гэта перайшло ўсе межы».

Яшчэ адзін жыхар сталіцы Павел Буцько распавёў, як у БРСМ прымушалі ўступіць ягонага сына.

«Сына яны яшчэ ў пачатковай школе спрабавалі загнаць у гэтую кабалу, мы з жонкай гэтага не далі зрабіць. Ды і цяпер ён ведае што гэта такое. Жонка ў мяне сама настаўнікам працуе старэйшых класаў, яна дзяцей таксама адгаворвае ад гэтага. Хоць ёй самой пагражалі, што яна не ўступае ў Белую Русь, але гэта справы прынцыпу, ёй залаты медаль не далі, калі яна школу скончыла за тое, што не чалец БРСМ».

Відэазапіс, зняты вучнямі менскай гімназіі, трапіў у рэдакцыю «Свабоды». На відэа настаўніца прымушае ўступаць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стоадсоткавая статыстыка, інакш можа быць адлічэнне з класу». Пры гэтым ніводны вучань уступіць у моладзевую арганізацыю не хацеў.

«Зрабілі, забылі, заткнуліся і сядзіце ціхенька – ніхто вас чапаць не будзе», – не спынялася ціснуць настаўніца.

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што запіс зроблены ў менскай гімназіі № 31. Дырэктарка Алена Мазуркевіч не адказвае на тэлефанаванні. Цяпер у навучальных установах вакацыі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары