Мянчук гандляваў кандытарскім макам, цяпер яму пагражае да 20 гадоў зняволення


Павел Ярмольчык

Летась у Менску распачаліся суды над крымінальнай групай, якая гандлявала макавымі вырабамі. 40 абвінавачаных, 3 злачынныя групы, вялікія судовыя працэсы. Сярод іх – 21-гадовы мянчук Павел Ярмольчык. Малады чалавек нібыта гандляваў кандытарскім макам, а цяпер сядзіць у СІЗА, і яму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Belsat.eu сустрэўся з маці Паўла Ярмольчыка.

«Запэўнілі, што гэта проста мак…»

– У майго сына аніводнага адміністратыўнага правапарушэння да гэтага не было. Ён не крымінальнае дзіця, але вельмі добры і свядомы хлапец, – пачынае нашую размову Дыяна Ярмольчык.

Гандлем макам ейны сын заняўся, як яна кажа, з глупства. У 2016 г. Павел ішоў па рынку ў Ждановічах, калі яму прапанавалі гандляваць кандытарскім макам. Для гандлю макам патрэбная адмысловая ліцэнзія, але Паўлу прапанавалі гандляваць ім неафіцыйна. На той момант ён нічога не ведаў пра макавыя сумесі, таму без задняй думкі пагадзіўся.

– Сына запэўнілі, што гэта проста кандытарскі мак, без аніякіх дамешкаў. Сказалі, што крымінальнай адказнасці за гандаль ім быць не можа, – кажа Дыяна.

Насенне кандытарскага маку. Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Гандляваў ён макавым насеннем за крамай каля сваёй хаты, калі яго затрымаў АМАП 23 снежня 2016 г. Тады хлопцу толькі споўнілася 18 гадоў. Ужо ў РАУСе ён даведаўся, што такое макавыя сумесі і да чаго гэта можа прывесці. Тады крымінальную справу заводзіць адмовіліся.

Аператыўнікі адразу зрабілі экспертызу насення, якое было ў Паўла. З 8 кг макавага насення выйшла 1,5 г макавай саломы, з якой робяцца наркатычныя сродкі. Гэтага вельмі мала для вырабу паўнавартаснага псіхаактыўнага рэчыва.

Двор Менску. Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Арышт і затрыманне

Другі раз і ўжо канчаткова арыштавалі Паўла 15 траўня 2018 г. Падчас дазнання хлопца вельмі моцна збілі – выпытвалі, дзе ляжыць астатні мак. Паўла лічаць часткай групы з 40 чалавек, якая займалася гандлем макавымі сумесямі ў Беларусі. Цяпер маладзёну інкрымінуюць 4-ую частку 328-га артыкулу. Адзіная падстава – паказанні дзяўчыны, якая сказала, што нібыта купляла ў яго мак некалькі разоў.

Насенне кандытарскага маку. Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Мне казалі са Следчага камітэту: «У нас дастаткова доказаў, што ваш сын уваходзіў у гэтую групу», – кажа Дыяна.

Галоўным аргументам абвінавачання сталі паказанні нібыта нарказалежнай дзяўчыны, якая сказала, што купляла ў Паўла макавае насенне некалькі разоў. Іншых доказаў не было: запісы тэлефонных размоваў не выявілі нічога падазронага, як і ператрус. Сын Дыяны прызнаў, што гандляваў макам без ліцэнзіі, але не ў якасці наркотыку.

– У нас жа мак паводле заканадаўства – не наркотык, і экспертыза гэта паказала. Ёсць артыкул 233 Крымінальнага кодэксу аб гандлі таварамі, якія належаць ліцэнзіі. І сярод іх ёсць макавая сумесь. Майго сына можна было б асудзіць паводле гэтага артыкулу, але не паводле 328-га! – абураецца Дыяна.

Аляксандр Пугачоў

Адвакат Аляксандр Пугачоў мяркуе, што перакваліфікацыя справы залежыць ад абставінаў, якія будуць абмяркоўвацца ў судзе: «Праз тое, што абвінавачваны ўсё-ткі гандляваў неліцэнзійным макам, пракурор можа ўзняць пытанне аб перакваліфікацыі яго дзеянняў паводле артыкулу, які прадугледжвае адказнасць за меней цяжкае злачынства, напрыклад, за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. У той жа час трэба ўлічваць, што адпаведна артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу ў асобы мусіць быць намер на збыт. Але калі будзе высветлена, што чалавек прадаваў нешта дазволенае і не меў намеру на ўдзел у арганізаванай крымінальнай групе для распаўсюду наркатычных сродкаў, то з’явіцца падстава нават да спынення крымінальнага пераследу».

«Калі яго забралі, баялася, каб ён з сабой нечага не зрабіў»

Павел ужо паўтара года правёў у СІЗА. За гэты час маці бачылася з ім пару разоў. Першы раз яна здолела пабачыць сына, толькі калі скончылася следства – праз год пасля разлукі, у чэрвені 2019 г. Апошняе спатканне да першага суда, які адбыўся 4 студзеня, было 23 кастрычніка.

– Ён мне заўсёды кажа ў лістах: «Мама, не хвалюйся, усё добра». Але пра кепскае не распавядае. Аднойчы ён на спатканні прызнаўся: «Калі я табе пачну нешта распавядаць, то яны, кіраўніцтва, мне тады створаць яшчэ горшыя ўмовы. Таму не пытайся пра гэта», – кажа Дыяна.

Насенне кандытарскага маку. Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле яе, першы год Павел прабыў пад прэсінгам сукамернікаў. Яму адразу пачалі казаць, што ён пойдзе на вельмі вялікія тэрміны. І прызнаваўся матулі, што дах літаральна ехаў. Потым ужо стала крыху лепей.

Пра свой стан Дыяна кажа з неахвотай. Яна нядаўна вярнулася са шпіталю, дзе ёй выдалілі анкалагічную пухліну. Але Дыяна думае, што захварэла не толькі праз сітуацыю з сынам.

– Калі яго забралі, я перажывала, каб ён нечага з сабой не зрабіў. Потым яго кінула дзяўчына… Але ён запэўніў, што нічога з сабой рабіць не збіраецца. Кажа, што калі я буду трымацца, то і яму будзе прасцей.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Амаль усе сябры, суседзі і сваякі Дыяны ведаюць пра гэтую крымінальную справу. Аднакласніца сына загінула ад перадазавання наркотыкаў, і ў Паўла ўзнікла негатыўнае стаўленне да наркатычных рэчываў, бо ён шчыльна сутыкнуўся з гэтай бядой.

– Мне сын нават сказаў: «Ты што, не бачыш, якая практыка? У каго больш грошай, той і атрымлівае меншыя тэрміны», – кажа суразмоўца «Белсату».

Асноўная надзея Дыяны – перакваліфікацыя артыкулу. Але сама яна слаба верыць у добры вынік справы: «Калі нейкі цуд адбудзецца і яму дадуць мінімальны прысуд, то ў Беларусі ён не застанецца».

У Паўла была мара – адкрыць уласную кавярню. Ён уладкаваўся барыста, і ледзь не ўвесь заробак адкладаў. Перад затрыманнем як раз ездзіў у Маскву, прыглядаў кава-машыну. Але ўсе сродкі арыштаваныя, таму мара адклалася на няпэўны тэрмін.

Ужо адбыліся 4 судовыя паседжанні для разгляду справы аб гандлі кандытарскім макам. Паводле прагнозаў, працэс можа зацягнуцца ледзь не на паўгода.

Hавiны
Паліцыя Непалу патлумачыла, які тэрмін пагражае дачцэ гарадзенскага падпалкоўніка за перавоз какаіну
2020.01.14 15:10

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў