Мянчук атрымаў 3 гады «хіміі», бо пажадаў «дрэнным расейцам» смерці. Цяпер збірае грошы на адваката


Жыхар Менску Зміцер К. збірае грошы на адваката, каб у межах апеляцыі змякчыць прысуд вынесены ў справе, якая пачалася з публікацыі фотаздымку ў «Instagram’е». На ім вугорскія вайскоўцы перадаюць зброю ўкраінскім жаўнерам. Тады Зміцер падпісаў фота ўласным каментаром, у якім былі словы пра неабходнасць «знішчыць усіх маскалёў».

23 траўня 2019 года Менскі гарадскі суд пастанавіў пакараць 45-гадовага менчука трыма гадамі «хіміі». Суддзя вырашыў, што мужчына сваім каментаром распальваў нацыянальную варожасць. Суд прыняў такое рашэнне нягледзячы на тое, што жонка Змітра цяпер цяжарная і знаходзіцца ў дэкрэце, а на ейнае лячэнне неабходна каля Br 1700 штомесяц. Прысуд пакуль не набыў моц.

«Незадоўга да публікацыі таго фотаздымку [кастрычнік 2017 года. – Заўв. Belsat.eu] з каментаром загінулі двое маіх сяброў пад Дэбальцава: чачэнец і ўкраінец. Я псіхануў. Так, я жадаў смерці ўсім маскалям запар. Але каб не жыць нянавісцю яшчэ да ўсёй гэтай гісторыі я перагледзеў сваё стаўленне да расейцаў і вырашыў, што сярод іх могуць сустракацца нармальныя людзі», – распавёў Belsat.eu Зміцер.

Мужчына не ведае якім чынам міліцыя знайшла фотаздымак у ягоным «Instagramʼе».

«Я не ведаю ці нехта здаў ці сама міліцыя маніторыла (інфармацыі пра данос у матэрыялах справы не было), але так ці інакш выклікалі ў міліцыю», – кажа Зміцер.

«На апеляцыю і паслугі адваката падчас 6 паседжанняў патрэбна каля Br 2000. Я спадзяюся на змякчэнне прысуду, бо мне трэба карміць сямʼю», – тлумачыць Зміцер.

У жніўні 2014 года, калі канфлікт на Данбасе быў у актыўнай фазе, Зміцер К. звярнуўся ў сталічнае аддзяленне міліцыі, са скаргаю на прадаўцоў сцягоў «Наваросіі» на тэрыторыі Беларусі.

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары