Мяккая дэсаветызацыя па-гарадзенску! Вуліца Савецкая ізноў становіцца Дамініканскай


Першыя шыльды з гістарычнымі назвамі вуліцаў з’явіліся ў Горадні, хоць пра афіцыйнае перайменаванне пакуль не вядзецца. Гэтыя шыльды – хутчэй гістарычная даведка

Вуліцы Савецкая, Леніна і Ажэшкі першымі атрымалі шыльды са сваймі гістарычнымі адпаведнікамі. Гэтай навіне асабліва ўзрадаваліся гарадзенскія гісторыкі, якія ўжо даўно чакалі на гэты крок з боку гарадскіх уладаў. «Такога кшталту ініцыятывы дазваляюць убачыць горад у некалькіх вымярэннях», – лічыць гісторык Андрэй Вашкевіч, які непасрэдна спрычыніўся да справы.

«Дзякуючы гэтаму, мы можам бачыць горад не толькі такім, якім ён падаецца сёння, але і зазірнуць у глыбіню гісторыі. І рабіць гэта можна не проста прыйшоўшы ў музей, прачытаўшы кнігу, а бачыць гэта проста на вуліцах. Вось, стаіш на вуліцы, і ўжо можаш пачаць вандроўку ў гісторыю. А такая вандроўка вельмі важная і для турыста, і для гарадзенца. На жаль сёння нельга сказаць, што гарадзенцы надта абазнаныя ў гісторыі. Думаю, што многія шмат цікавага даведаюцца пра свой горад», – кажа Андрэй Вашкевіч.

Як прыклад гісторык прыводзіць гісторыю вуліцы Ажэшкі, якая адной з першых атрымала доўгачаканую шыльду.

«Вуліца Ажэшкі раней называлася Мураўёўская. Яшчэ раней яна называлася Садовая, але назву адмыслова змянілі, спецыяльна каб насаліць Элізе Ажэшцы. Яна жыла тады на гэтай вуліцы, а Мураўёў, як вядома, гэта быў чалавек, які падавіў паўстанне. Але і яго прозвішча не захавалася ў назве, бо ў 1915 годзе, яе перабудавалі ў Раманаўскую. У гонар дынастыі Раманаввых. Гэтая назва таксама не паспела замацавацца. Пасля прыйшлі немцы, Першая сусветная вайна пачалася і ўжо вуліца атрымала назву ў гонар Элізы Ажэшкі. Вось такая парадаксальная гісторыя», – распавядае Андрэй Вашкевіч.

Другая вуліца, якая ў хуткім часе таксама атрымае сваю шыльду, гэта вуліца Свярдлова. Раней яна насіла назву Курганная.

«Такі тапонім страшна цікавы. Магчыма, там было нейкае капішча або старажытнае пахаванне, якое на жаль знікла, калі будавалі чыгунку. Раскапалі, закапалі. Мы не ведаем, што там было на гэтым кургане», – дадае гісторык.

Вуліца Леніна была нейкі час вуліцай Пілсудскага

Яшчэ адзін вядомы гарадзенскі гісторык лічыць, што вуліцы Горадні павінны не толькі атрымаць шыльды, але і цалкам змяніць свае сучасныя назвы.

«Ведаеце, я проста здзіўлены. Не прайшло і чвэрці стагоддзя пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці, як да нашых тупых чыноўнікаў дайшло, што трэба вяртаць гістарычныя назвы вуліц. Гэта датычыць усяго ў Беларусі. Гэта датычыць помнікаў Леніна, якія трэба было знасіць даўно, яшчэ гадоў дваццаць назад. Гэта эканомікі датычыць, каторую трэба рабіць свабоднай, рынкавай, капіталістычнай. Гэта датычыць назваў вуліцаў. Гэта вялікая справа, але гэта проста нармальная рэч. Якія могуць быць вуліцы Карла Маркса, Леніна, Урыцкага? Гэта проста ганьба на ўвесь свет!», – каментуе гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

Штуршком для гарадскіх уладаў стала петыцыя інфармацыйнага парталу hrodna.life, хоць падобныя ініцыятывы і звароты перыядычна ўжо ўзнікалі. Гэтым разам – атрымалася.

«Гэткая ж ініцыятыва прасоўвалася яшчэ ў 2010-м годзе, калі да прыкладу Магілёў і Баранавічы атрымалі падобныя шыльды з назвамі», – кажа Вашкевіч.

Цалкам у план гарадской ЖКГ унесена 16 вуліц, 13 з якіх таксама ў бліжэйшы час атрымаюць шыльды з гістарычнымі назвамі. Сярод іх: вул. Баторыя, вул. Вялікая Траецкая, вул. Будзёнага, вул. Гараднiчанская, вул. Кірава, вул. Карла Маркса, вул. Кастрычніцкая, вул. Парыжскай Камуны, вул. Свярдлова, пл. Савецкая, вул. Сацыялістычная, вул. Тэльмана, вул. Урыцкага.


Якія раней назвы мелі гарадзенскія вуліцы? Глядзіце фота:

Вуліца Леніна была нейкі час вуліцай Пілсудскага
вуліца леніна, гістарычная назва
Вуліца Ажэшкі, гістарычныя назвы

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў