Мядовы цар Радзькоў хоча стаць «таранам» пераменаў


Ён абяцаў «размазаць багіню Ярмошыну» сваёй «унікальнай тэхналогіяй». Ён жорстка крытыкаваў царкву, прэзідэнта, апазіцыю і адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Хто ён: пачатковец палітык ці фрык-фармаліст? Дырэктар кампаніі «Цар-мёд» Юрый Радзькоў адказвае на пытанні Belsat.eu.

Чалавек слова, ці Усё ідзе так, як я казаў

– Улетку вы зрабілі гучную заяву: «Мая тэхналогія размажа багіню Ярмошыну». Прайшло паўгода, чаму Ярмошына на месцы?

– Трэба было паглядзець, наколькі грамадства гатовае да пераменаў, да інавацыяў. Яно ўсё яшчэ жыве нейкімі чаканнямі, страхамі. Вы ж бачыце, што ўсё ідзе так, як я казаў – ідзе толькі стагнацыя, пагаршэнне сітуацыі, марнаванне часу. Але нічога само не рассмокчацца і не пройдзе.

– Гэта значыць, ваша тэхналогія не размазала Ярмошыну таму, што гэта не патрэбна «закансерваванаму» грамадству?

– Менавіта так. Я ж ужо сто разоў даваў гэтую канцэпцыю. Павінна быць ідэя не стотысячная, а мільённая. І ёсць такія тэхналогіі, якія элементарна дапамаглі б сабраць мільён подпісаў. І калі вы збіраеце 2–3 млн подпісаў, то гэта паказала б, што вы выйгралі гэтыя выбары. І калі б грамадства сапраўды было б гатовае да пераменаў, трэба было б зрабіць звычайную рассылку, а не стаяць у гэтых бездапаможных пікетах.

– Вы збіраецеся ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны далей?

– Трэба даць магчымасцю, каб сітуацыя праяснілася. Сёння адышлі ў мінулае палітыкі, якіх грамадства калісьці ўспрымала – Лябедзька, Статкевіч. І цяпер грамадства пад імі падвяло рысу.

– І Вы хочаце заняць іх месца ў сэрцы грамадства?

– Безумоўна. І ў гэтым кірунку ідзе пастаянная праца. Перш за ўсё, трэба сфармаваць каманду – паказаць грамадству, што вы заяўляеце пра змены. Далей трэба паглядзець рэакцыю грамадства. Наступны крок – звярнуцца да грамадства і прапанаваць сябе ў якасці тарана, у якасці акумулятара пераменаў. І калі грамадству гэта трэба – яно падцягнецца.

– Чым вы займаліся падчас выбараў і пасля іх?

– Знаёміўся з праграмамі і тэхналогіямі кандыдатаў, і зразумеў галоўныя памылкі апанентаў. А цяпер наступныя крокі – трэба фарміраваць вакол сябе каманду. І зараз гэты працэс ідзе.

«Я выбудоўваю палітычную платформу, і мой ад’езд быў бы занадта вялікім падарункам для астатніх»

– Вашы летнія манеўры, калі вы то рэгістраваліся, то не – многія гэта ўспрынялі як піяр-кампанію. Што гэта было?

– Першае, што вы павінны былі ясна зразумець: без каманды рух у гэтым кірунку – абсурд. Гэта было зроблена для прыцягнення людзей.

– Што за гісторыі з грамадзянствам? Увосень вы знялі масу відэазапісаў, дзе то адмаўляліся ад беларускага грамадзянства, то, нібыта, адпраўлялі прашэнне Пуціну на атрыманне расейскага…

– Як такога адмовы ад грамадзянства ў мяне не было. У мяне ёсць магчымасць пашырыць сваё поле дзейнасці на Расею, але паперы на атрыманне грамадзянства там я не адпраўляў. Вы мяне не зразумелі. Я меў на ўвазе, што ў сітуацыі, калі прыцясняюцца правы грамадзяніна, ён можа не толькі апеляваць да суду, але і проста адмовіцца ад грамадзянства.

– Але вы не збіраецеся адмаўляцца ад грамадзянства?

– Натуральна, не – гэта быў бы занадта вялікі падарунак астатнім, раз ужо я пачаў выбудоўваць сваю палітычную платформу. Палітык не можа паводзіць сябе падобным чынам і адмаўляцца ад барацьбы. Проста я звярнуў увагу на тое, колькі заявак сёння ўдзельнічае ў латарэі на Green Card – іх колькасць за пяць гадоў павялічылася ў 17,5 разы. Мы праводзілі апытанні на курсах ангельскай мовы – дзве траціны вучаць мову з жаданнем зʼехаць.

Сустрэчу Новы год ля сцен Крамля

– Хутка Новы год – плануеце яго адзначаць?

– Ведаеце, апошні час вечара я праводжу за чытаннем кніг. Сёння я заканчваю «У вайны не жаночы твар» Алексіевіч.

– І як?

– Яна закранула такія цяжкія рэчы, якія мяне ўразілі – як жанчына наагул можа такое злавіць, як жанчына магла такое напісаць? Шчыра паспачуваў, што ёй давялося сутыкнуцца з не самымі лепшымі бакамі нашага свету.

А на Новы год ёсць жаданне выехаць у Маскву, і сустрэць яго там. У «Цар-мёду» там запланавана міжнародная выстава. Думаю, сустрэчу Новы год ля сцен Крамля – ​​там цяпер вельмі прыгожа.

– Вы прапагандуеце праваслаўныя каштоўнасці, шмат казалі пра Хрыста, царквы, але ж праваслаўе не вітае святкаванне Новага года, бо ён прыпадае на час паста…

– Калі я гаварыў пра каштоўнасці Хрыста, я меў на ўвазе зусім іншае. Сёння царква грунтуецца на хрысціянстве, і ў гэтым вучэнні ёсць аскетызм. І царква сёння заплюшчвае вочы на ​​адносіны чалавека да чалавека, на праўду, падыгрываючы ўладам.

– Дык вы не супраць сустрэчы Новага года?

– Не, і ніколі не меў нічога супраць. Гэта адно з маіх любімых святаў. Я лічу, сустракаць Новы год – гэта выдатная традыцыя. Гэта звязана толькі з чымсьці добрым і светлым, з падвядзеннем вынікаў.

– Святары б сказалі, што ў Вас дзіўнае ўяўленне аб праваслаўі.

– Ну… Мой Новы год наагул пачынаецца 25 снежня, калі сонца пачынае набіраць сілу. Вакол гэтага пачынае выбудоўвацца жыццё на нашай планеце. Гэты дзень, вакол якога нашы продкі выбудоўвалі ўвесь свой зямны год. Мая парада – не забываць пра гэта.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў