Шайгу прыляцеў у Менск і анансаваў вучэнні «Шчыт Саюзу – 2019». Эксперты: Лукашэнка абяцаў Расеі вайсковую базу


Лукашэнка, Пуцін і Шайгу падчас вучэнняў «Захад-2013»

У Беларусь сёння прыбыў з візітам міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. На сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі міністр заявіў, што вайсковая актыўнасць NATO «каля нашых межаў» дасягнула небывалага ўзроўню з часоў Халоднай вайны.

«Планы польскага ўрада размясціць на пастаяннай аснове на сваёй тэрыторыі дывізію Узброеных сілаў ЗША контрпрадуктыўныя і не спрыяюць захаванню стабільнасці і ўмацаванню нацыянальнай бяспекі. У гэтых умовах мы вымушаныя прымаць меры ў адказ і павінны быць гатовыя нейтралізаваць магчымыя ваенныя пагрозы на ўсіх напрамках», – цытуе Шайгу БелТА.

Паводле Шайгу, краіны NATO адпрацоўваюць цяпер задачы вядзення баявых дзеянняў менавіта наступальнага характару.

Як паведамляе Мінабароны Беларусі, у Менску Шайгу сёння прыме ўдзел у сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі, дзе плануецца падвесці вынікі дзейнасці за мінулы год і абмеркаваць выкананне мерапрыемстваў па арганізацыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Таксама мусіць быць зацверджаны план сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі «Шчыт Саюза – 2019», які адбудзецца на расейскай тэрыторыі. У Мінабароны РФ адзначаюць, што па выніках візіту будзе падпісаны шэраг дакументаў «па далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў у вайсковай сферы абодвух дзяржаваў».

Беларуска-расейскія вучэнні «Шчыт Саюзу», фота www.belvpo.com

У сувязі з менскаю заяваю Шайгу расейскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Гольц у каментары belsat.eu адзначыў некалькі момантаў:

«Гэта класічны выпадак, калі гіпатэтычная пагроза вядзе да таго, што другі бок пачынае рэалізоўваць нейкія захады ў адказ. Што да Беларусі, Расея даўно хоча стварыць як мінімум вайскова-паветраную базу на тэрыторыі Беларусі, і Лукашэнка абяцаў такую базу зарганізаваць, а пасля сваё абяцанне забраў.
І цяпер, у той момант, калі Расея ўвязалася ў новую халодную вайну з Захадам, беларускі лідар імгненна зразумеў, што азначае занадта шчыльная вайсковая супраца з Расеяй ды расейскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі. Гэта цэлі ўдару ў самым пачатку вайны.

Лукашэнка як рацыянальны палітык не дазволіць Маскве стварыць вайсковую базу на тэрыторыі нашай краіны, прагназуе Аляксандр Гольц.

  • «Шчыт Саюзу» – гэта буйнамаштабныя вучэнні Беларусі і Расеі, якія праводзіліся ўжо тройчы (у 2006 годзе на беларускай тэрыторыі, у 2011 і 2015 гг. – на тэрыторыі РФ). У 2015 годзе яны адбыліся ў Пскоўскай і Ленінградскай абласцях – з беларускага боку тады былі задзейнічаныя больш за 1300 вайскоўцаў. Мяркуецца, што ў 2019 годзе вучэнні таксама пройдуць у Расеі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары