«Мы вярнулі Крым». Магілёўскае турагенцтва запрашае беларусаў на адпачынак


Магілёўская фірма «Артас» адкрыла турыстычны сезон 2019 лозунгам «Мы вярнулі Крым». Фірма прапаноўвае беларускім турыстам адпачынак на паўднёвым беразе паўвостраву: у Алушце, Сімеізе, Гурзуфе і ў пасёлку Марское. «Горы, мора, чыстае паветра і неперадавальная атмасфера!» – адзначае агенцтва.

Пост у суполцы «АРТАС-ТУР г.Могилев»

«Белсат» запытаўся ў агентаў фірмы, што азначае лозунг «Мы вярнулі Крым»?

«Мы адкрылі з Магілёва паездкі на паўднёвае ўзбярэжжа Крыму. Доўгі час мы не ездзілі. А ў гэтым годзе з’явілася магчымасць з’ездзіць палюбавацца гарамі, морам у Крым. Раней дарога была доўгая, цяжкая, з Магілёву ніхто не ездзіў, толькі на ўсходняе ўзбярэжжа. Цяпер Крымскі мост пабудавалі і па яму дарога прасцей і мы можам ехаць», – сказала менеджарка Анастасія.

Сваіх турыстаў на паўднёвае ўзбярэжжа Крыму фірма «Артас» збіраецца везці на камфартабельных аўтобусах з расейскімі нумарамі праз тэрыторыю Расеі. Аўтобус будзе забіраць людзей у Менску і Бабруйску (туды падвязуць турыстаў з Магілёва) і далей рушыць праз мяжу на тэрыторыю Расеі. Па дарозе запланавана начоўка ў Растоў-на-Доне.

Галоўная старонка сайту фірмы «Артас»

Прадстаўніца фірмы «Артас» запэўніла, што ў беларусаў не будзе ніякіх праблемаў з-за таго, што яны заязджаюць на тэрыторыю анексаванага Крыму з тэрыторыі Расеі:

– У нас жа з Расеяй мяжа ўмоўная. Мы перасякаем мяжу абсалютна без ніякіх штампаў у пашпарце. І вяртаемся гэтак жа сама. І мы не перасякаем тэрыторыю Украіны. Чуткі пра магчымыя праблемы – гэта проста запужванне людзей, каб яны не ездзілі ў Крым. У нас з Расеяй ніякіх межаў няма, таму, калі вы назад будзеце вяртацца таксама праз Расею, то Украіна ніяк не зможа даведацца, што вы наведвалі Крым. Мы – грамадзяне Беларусі, у нас сваё заканадаўства ёсць, забароны на наведванне Крыму для беларусаў няма», – сказала Анастасія.

Усяго фірма «Артас» за летні сезон адпачынкаў плануе ажыццявіць 9 выездаў з беларусамі ў Крым. Самае таннае падарожжа на 11 дзён у Крым каштуе 235 долараў. Як нам сказалі, разлічвацца трэба з кіраўніком групы ў аўтобусе ці ў гатэлі. Высветлілася, што суарганізатар падарожжа – расейская турфірма.

Фота з уласнага архіву Кацярыны Жураўлёвай

На пытанне, ці папулярны тур сярод беларусаў, у агенцыі адказалі, што людзі тэлефануюць, цікавяцца. Месцы на першы заезд, які адбудзецца 13 чэрвеня, яшчэ ёсць.

Жыхарка Магілёва Кацярына Жураўлёва плануе паехаць у Крым наступным летам, але хоча абысціся без пасярэднікаў:

«Я сама сабе ўсё арганізую. Звычайна я набываю квіток на самалёт Масква – Сімферопаль, а жыллё шукаю на месцы. Ніякіх адзнак у пашпарце ніхто не ставіць, пасля далучэння Крыму да Расеі я была там неаднойчы і нічога страшнага ў гэтым няма. Украіну я таксама наведвала і ў мяне не ўзнікла з гэтым ніякіх праблемаў. Адзіная нязручнасць – гэта дадатковыя выдаткі часу і грошай, каб аб’ехаць тэрыторыю Украіны», – сказала Кацярына.

Кацярына Жураўлёва. Фота з архіву гераіні

У Крым Кацярына ездзіць з дзяцінства амаль кожны год. У яе шмат сяброў у розных гарадах, некаторы час яна нават сама жыла ў Крыме.

«Крым, па сутнасці, мой другі дом. Дарэчы, усе сябры і знаёмыя крымчане задаволеныя тым, што яны жывуць зараз у Расеі. Калі ж глядзець вачамі турыста, то інфраструктура развіваецца вельмі хутка і адпачываць стала больш прыемна. У Крыму на невялікай тэрыторыі сканцэнтравана вялікая колькасць прыродных і рукатворных славутасцяў. За шмат гадоў я так яшчэ і не ўбачыла ўсе месцы, якія хацела, так што вяртаюся зноў і зноў», – кажа Кацярына.

Жыхар Магілёва Аляксей Кірыенка таксама раней штогод наведваў Крым, але цяпер прытрымліваецца супрацьлеглых поглядаў:

Крымскія горы. Фота з уласнага архіву Кацярыны Жураўлёвай

«Не езджу і не збіраюся, пакуль Крым зноў ня стане ўкраінскім. Мы сям’ёй кожнае лета ездзілі адпачываць у Крым: Судак, Ялта, Еўпаторыя і гэтак далей. Зараз я аддаю перавагу Еўропе, як і большасць маіх аднагодкаў. А бацькі мае мінулым летам ездзілі ва ўкраінскае Коблева. Шчыра кажучы, з моманту акупацыі Крыму я ведаю толькі адну малазнаёмую сямʼю, якая зʼездзіла ў Крым, і тое – сваім ходам, на машыне.

Думаю, беларусам не патрэбныя гэтыя туры ў Крым – у першую чаргу, не з ідэалагічных прычынаў, а проста таму, што ёсць шмат месцаў, дзе адпачыць можна значна лепш, танней і не баючыся дадатковых праблем тыпу таго, што трэба ехаць у Крым абыходнымі шляхамі. Ёсць варыянты з Егіптам і Турцыяй, калі больш бюджэтныя, то падыдуць украінскія курорты тыпу Коблева», – кажа Аляксей.

Крымскі горад-крэпасць Чуфут-Кале. Фота Кацярыны Жураўлёвай

Што кажа закон?

Парадак уезду на акупаваную тэрыторыю Украіны – Крым – і выезду з яе размешчаны на афіцыйным сайце Вярхоўнай Рады Украіны. У дакуменце сказана, што ўезд на тэрыторыю Крыму ажыццяўляецца толькі з тэрыторыі Украіны і дзеля гэтага трэба мець дазвол. Заезд у Крым праз расейскую тэрыторыю ўкраінскім заканадаўствам прызнаецца парушэннем і праз гэта могуць узнікнуць праблемы: чалавек можа атрымаць адмову ва ўездзе ва Украіну, а таксама можа быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

Крымскія пейзажы. Фота з уласнага архіву Кацярыны Жураўлёвай

Беларускім заканадаўствам ніяк не рэгулюецца гэтае пытанне. Улады не могуць забараніць людзям заязджаць у Крым праз тэрыторыю Расеі. Могуць толькі папярэдзіць. Што і зрабіла МЗС у 2016 годзе. Тагачасны прэс-сакратар Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне пра ўезд беларускіх грамадзянаў у Крым, сказаў, што пры планаванні адпачынку трэба ўлічваць усе ўмовы побыту ў краіне, куды яны накіроўваюцца.

– Пры наведванні Крыму праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь варта мець на ўвазе, што гэта можа быць падставай для адмовы ва ўездзе дадзеным грамадзянам на тэрыторыю Украіны і прыцягненню іх да адміністрацыйнай адказнасці адпаведна ўкраінскаму заканадаўству.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў