«Мы вельмі раззлаваныя!» Студэнты ЕГУ пратэстуюць супраць «аўтарытарызму» кіраўніцтва


У Вільні 1 кастрычніка распачаўся страйк студэнтаў ЕГУ, якія выступаюць супраць павышэння аплаты за навучанне і «аўтарытарных практыкаў» кіраўніцтва ўніверсітэту. Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Цімафей Малахоўскі распавёў у інтэрв’ю belsat.eu, чаму студэнты вырашылі пайсці на адкрыты пратэст і ці знікае беларускі змест ЕГУ.

Раніцай 1 кастрычніка некалькі дзясяткаў студэнтаў выйшлі пратэставаць ва ўнутраны дворык ЕГУ. Пратэсты справакавала рашэнне Агульнага сходу саўладальнікаў універсітэту, якое змяніла крытэры аплаты навучання. Сярэднія балы для атрымання бясплатнай адукацыі і зніжак на аплату падвысілі на 0,4 бала. Цяпер, каб вучыцца бясплатна, трэба мець сярэдні бал 9,61-10,0. Пры рэйтынгу 9,21-9,60 трэба плаціць 800 еўра на год, пры рэйтынгу 8,81-9,20 – 1400 еўра. Новыя ўмовы абурылі студэнтаў і напрыканцы верасня Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ заклікала да «бестэрміновага страйку».

Страйк студэнтаў ЕГУ, 1 кастрычніка.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– Цярпенне студэнтаў і студэнтак скончылася, – кажа ў інтэрв’ю belsat.eu прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Цімафей Малахоўскі. – Са студэнтамі і нашымі выкладчыкамі паступаюць несправядліва. Апошняй кропляй стала змяненне фінансавых правілаў. У выніку 80 % студэнтаў вымушаныя ўжо ў гэтым семестры заплаціць за сваю адукацыю ў сярэднім на 400 еўра больш. Пры гэтым мы даведаліся пра змену правілаў ужо пасля сканчэння экзаменаў, калі ў нас больш не было магчымасцяў паўплываць на нашыя адзнакі. Таму мы вельмі раззлаваныя.

Змена фінансавых правілаў адбываецца на фоне зніжэння якасці адукацыі. З ЕГУ сыходзяць ключавыя выкладчыкі, дзейнасць універсітэту негатыўна ацаніў Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы (SKVC).

Апошняй кропляй, якая паўплывала на рашэнне выйсці на вуліцу, стала звальненне шэрагу выкладчыкаў праграмаў «права», «палітыка» і «дызайн». Дакладней не звальненне, а адмова працягваць з імі кантракты. Некаторыя звальненні студэнты лічаць палітычна матываванымі, бо гэтыя выкладчыкі, паводле суразмоўцы, адкрыта крытыкавалі адміністрацыю і выказвалі падтрыманне студэнцкай супольнасці ў іх барацьбе за свае правы.

– Гэта працяг антыдэмакратычных практыкаў кіраўніцтва ЕГУ, якія пачаліся яшчэ ў 2014 годзе, калі ўніверсітэт не працягнуў кантракты з шэрагам выкладчыкаў [у 2014 годзе ЕГУ не працягнуў кантракты амаль з двума дзясяткамі беларускіх выкладчыкаў, сярод якіх былі Максім Жбанкоў, Павел Церашковіч, Андрэй Лаўрухін, Вольга Шпарага, Аляксей Крывалап ды інш. – belsat.eu], – кажа Цімафей Малахоўскі.

Цімафей Малахоўскі.
Фота: уласная старонка на Facebook

– Як вы плануеце страйкаваць далей?

– Усе рашэнні мы прымаем у дэмакратычных умовах. Амаль усе тыя, хто ўдзельнічаў у сённяшняй акцыі, пасля гэтага сабраліся ў памяшканні Студэнцкага прадстаўніцтва, каб абмеркаваць сітуацыю. Пакуль рашэнне па далейшых дзеяннях не прынятае. Мы ўсё ж чакаем адкрытых перамоваў з прадстаўнікамі кіраўніцтва ЕГУ.

Страйк студэнтаў ЕГУ, 1 кастрычніка.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– У інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік па камунікацыям і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта заявіў, што інфармацыя пра павышэнне аплаты навучання «не адпавядае рэчаіснасці»: маўляў, для тых, хто паступіў у ЕГУ да 2019 года, кошт навучання не зменіцца. А вы сцвярджаеце, што новыя фінансавыя правілы пацягнулі за сабой павышэнне аплаты для 80 % студэнтаў. Хто ж мае рацыю?

– Гэта як раз адна з прычынаў, чаму студэнты ЕГУ так раззлаваныя. Нам проста ў твар кажуць, што нічога не змяніліся. Дэ-юрэ стаўкі аплаты сапраўды не змяніліся, але сярэднія балы для атрымання бясплатнай адукацыі і зніжак на аплату падвысілі на 0,4 бала. Праз змену паказнікаў рэйтынгу аплата для 80 % студэнтаў вырасце ў сярэднім на 400 еўра за семестр.

Страйк студэнтаў ЕГУ, 1 кастрычніка.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– Вы пратэстуеце супраць таго, што з шэрагам выкладчыкаў не былі працягнутыя кантракты праз іх крытыку палітыкі адміністрацыі ЕГУ. Ці можаце назваць імёны выкладчыкаў, сыход якіх вы лічыце «палітычна матываваным»?

– Так. На сёння нам вядома, што ў ЕГУ больш не працуе Ала Сакалова – гэта адна з заснавальц ЕГУ, прафесар права. Больш не працуе Ала Пігальская, выкладчыца праграмы «дызайн». Сышла Таццяна Чуліцкая з праграмы «палітыка». Алег Брэсцкі з праграмы «міжнароднае права». Гэтыя людзі адкрыта выказвалі сваю нязгоду з пазіцыяй кіраўніцтва ЕГУ і мы лічым, што гэтая нязгода, хутчэй за ўсё, прывяла да рашэння не працягваць кантракт. Іншых прычынаў мы не бачым. Бо іх курсы засталіся, патрэба ў гэтых выкладчыках ёсць, але з імі не працягваюць кантракты.

Страйк студэнтаў ЕГУ, 1 кастрычніка.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– Ці спрабавала адміністрацыя ЕГУ дамовіцца са студэнтамі, пераканаць іх не распачынаць страйк?

– Ніякіх запрашэнняў да канструктыўных перамоваў з боку адміністрацыі не было. Мы накіроўвалі ліст да Агульнага сходу ўладальнікаў, але атрымалі два абзаца ў адказ пра тое, што яны падтрымліваюць змены фінансавых правілаў. Некаторыя захады адміністрацыі мы наагул разглядаем як ціск. Напрыклад, калі мы распаўсюджвалі інфармацыю пра студэнцкі страйк у ЕГУ, Студэнцкае прадстаўніцтва пазбавілі доступу да ўнутранай сістэмы камунікацыі.

Страйк студэнтаў ЕГУ, 1 кастрычніка.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– Чаму, на ваш погляд, ЕГУ раз за разам аказваецца ў цэнтры тых ці іншых скандалаў. Хто за гэта нясе адказнасць?

– Праблемы ў аўтарытарных практыках кіравання ЕГУ. Мы бачым, што кіроўная рада, прэзідэнт і рэктар ЕГУ не гатовыя прымаць у разлік меркаванні студэнтаў і акадэмічнай супольнасці. У іх ёсць сваё бачанне развіцця ўніверсітэту, а нашу пазіцыю проста ігнаруюць.

ЕГУ пакутаваў ад аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, а цяпер ужываюцца аналагічныя аўтарытарныя практыкі ўнутры ўніверсітэту. Гэта проста немагчыма, гэта нельга патлумачыць ніякай логікай.

ВІДЭА
Шушкевіч пра ЕГУ: «Не бачу там ні еўрапейскасці, ні дэмакратычнасці, ні балонскага працэсу»
2016.05.20 21:38

– Існуе меркаванне, што ў апошнія гады ЕГУ фактычна страціла свой першапачатковы змест. Кажуць, што з беларуска-арыентаванага ўнівэрсітэту ЕГУ паступова пераўтварыўся ў звычайны лакальны еўрапейскі ВНУ. Ці згодныя вы з тым, што ЕГУ страціў свой беларускі змест?

– У ЕГУ ёсць такі жарт: прасцей вывесці ЕГУ з Беларусі, чым Беларусь з ЕГУ. Я б не сказаў, што беларускі змест страчаны, але пэўны імпэт кіраўніцтва да руху ў гэтым напрамку я бачу. Былі апублікаваная новая стратэгія ЕГУ, якая зноў жа прымалася без уліку меркавання акадэмічнай супольнасці і студэнтаў. І там сапраўды ёсць імкненне да інтэрнацыяналізацыі ўніверсітэту, каб там, напрыклад, было больш выкладчыкаў і студэнтаў з іншых краінаў, не толькі з Беларусі. Дарэчы, і цяперашняе звальненне беларускіх выкладчыкаў некаторыя тлумачаць менавіта гэтым імкненнем да інтэрнацыяналізацыі.

Інтэрнацыянальны досвед адукацыі, абмен досведам – гэта, безумоўна, добра. Але пераважная большасць студэнтаў ЕГУ дагэтуль з Беларусі, большасць вяртаецца ў Беларусь, каб развіваць грамадзянскую супольнасць. Таму наш голас таксама мусіць быць пачуты. Мы, студэнты, сапраўды любім ЕГУ. Мы лічым яго неверагодна важным для Беларусі. Мы хочам вучыцца і развівацца ў межах гэтай установы.

Hавiны
Новы рэктар ЕГУ распавёў, якія змены чакаюць універсітэт
2018.03.06 14:35

***

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі скасавала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслугаў, што выклікала публічныя пратэсты студэнтаў і выкладчыкаў. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў сваю працу ў Літве, дзякуючы шырокаму падтрыманню з боку літоўскага ўраду, еўрапейскай супольнасці і міжнародных фондаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў