«Мы ўсведамляем адказнасць»: частка актывістаў збіраецца на недазволеную акцыю да Акадэміі навук


Як паведаміў belsat.eu першы намеснік старшыні партыі «Зялёных» Зміцер Кучук, ён разам з паплечнікамі збіраецца выйсці 26 красавіка а 18:00 да Акадэміі навук у Менску, нягледзячы на адсутнасць дазволу гарадскіх уладаў.

«Аргкамітэт у сітуацыі, якая склалася, не можа падводзіць людзей (заклікаючы на несанкцыянаваную акцыю – заўвага рэд.), але асабіста я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь прыйду да Акадэміі навук. Да мяне таксама далучацца некаторыя іншыя палітыкі. Потым мы гатовыя прайсці і ўскласці кветкі да капліцы «Ахвярам Чарнобылю», – сказаў Кучук.

Паводле ягоных словаў, ён прыйдзе яшчэ і для таго, каб распавесці тым людзям, хто не паспее даведацца, што акцыя не дазволеная.

«Канешне, мы ўсведамляем адказнасць, у тым ліку перад гэтымі людзьмі», разумеем магчымыя наступствы», – дадаў палітык.

Раней стала вядома, што аргкамітэт па правядзенні традыцыйнага шэсця «Чарнобыльскі шлях» адклікаў заяўку з Менгарвыканкаму, бо там выставілі рахунак за паслугі міліцыі – больш за 5 700 рублёў. Акрамя таго, арганізатары мусілі аплочваць паслугі «хуткай» і камунальнікаў – 240 і 215 рублёў адпаведна.Паводле заканадаўства, цяпер міліцыя ўсё адно выставіць рахунак, а ініцыятараў акцыі могуць аштрафаваць або пасадзіць на содні за «парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства».

Hавiны
Упершыню за 30 гадоў у Менску не будзе «Чарнобыльскага шляху»
2019.04.25 12:52

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і чалец аргкамітэту Вольга Кавалькова адзначыла, што гэта – «прынцыповая палітычная пазіцыя» і прыгадала сёлетні Дзень Волі, калі заяўнікі аплацілі паслугі міліцыі, а потым людзі ў цывільным выкрадалі актывістаў проста ля сцэны.

«Чарнобыльскі шлях» апазіцыя ладзіла з 1989 года – тады на недазволенае шэсце ў Менску выйшлі каля 30 тысяч чалавек.

Акцыя адбываецца штогод 26 красавіка – менавіта ў гэты дзень у 1986 годзе адбыўся выбух на ЧАЭС, які лічыцца найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай мінулага стагоддзя. Ад аварыі ў Чарнобылі больш за ўсіх пацярпела Беларусь: на яе тэрыторыі асела больш за 70% радыеактыўных рэчываў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў