«Мы ўсе тут яшчэ пачаткоўцы». Украінcкая рэжысёрка ўпершыню перамагла на «Sundance»


Ірына Цілык – кіеўская пісьменніца, паэтка і кінарэжыcёрка, аўтарка кніг і кароткаметражак, удзельніца фестываляў – па-сапраўднаму знакамітай прачнулася нядаўна. На пачатку лютага журы найбуйнейшага амерыканскага фестывалю незалежнага кіно «Sundance» прызнала Ірыну найлепшай рэжысёркай дакументальнага кіно. Ейная стужка «Зямля блакітная, нібы апельсін» паказвае жыццё і творчасць шматдзетнай сям’і з украінскай Краснагораўкі, дзе з 2014 года ідзе вайна. Гэта першы раз, калі ўкраінскі фільм паказалі ды ўзнагародзілі ў амерыканскім штаце Юта.

«Sundance» для кінатворцы – гэта прэстыж. Выйграўшы фестываль такога ўзроўню, рэжысёр адразу выходзіць з ценю і робіцца заўважным для ўсяго іншага кінематаграфічнага свету. На інтэрвю да нас Ірына прыбягае з кветкамі – толькі з студыі чарговага тэлеканалу.

Вярнуўшыся з Амерыкі, ты даеш па пяць інтэрвю на дзень. Што ў асноўным пытаюць?

Прыблізна аднолькавы набор пытанняў. З чаго ўсё пачалося, як я знайшла герояў, чаму такая назва, што з героямі зараз, што я планую рабіць далей…

Тады абыдземся без гэтага.

Я радая, што ва Украіне цяпер многа хто даведаўся, што такое «Sundance». Я сама яшчэ нядаўна не тое, каб не ведала – не задумвалася нават пра гэты фестываль, гэта была іншая рэчаіснасць. А потым вось як нашыя шляхі перакрыжаваліся.

Рэжысёрка фільму «Зямля блакітная, нібы апельсін» Ірына Цілык. Фота Анна Лысун

Што гэтая ўзнагарода дае табе і фільму, будзеш зараз шмат ездзіць?

Так, зараз я буду ездзіць. Калі ў цябе прэм’ера была на «Sundance», а тым больш калі цябе ўзнагародзілі, ты робішся патрэбны іншым фестывалям. Мы паказалі фільм у Нью-Ёрку, у Музеі сучаснага мастацтва MoMa, нашая еўрапейская прэм’ера будзе на «Berlinale». Ва Украіне прэм’ера адбудзецца ўвесну на фестывалі Docudays, а потым, спадзяюся, пракат.

Я назірала заўжды, як гэта адбывалася з калегамі. Варта было ім недзе там, у іншым свеце, атрымаць нейкую ўзнагароду, прызнанне, як адразу яны робяцца патрэбнымі і тут. Але, магчыма, гэта заканамерна і па-іншаму не можа працаваць. Маўляў, калі сурёзныя людзі кажуць, што нешта добрае, то яно добрае. З іншага боку, мяне пужае, што тут, ва Украіне, фільму яшчэ не бачылі, а ўжо ёсць безліч рэакцыяў пра «заслужаную ўзнагароду» і г.д. Я баюся завышаных чаканняў.

У часе працы над фільмам. Фота The Earth Is Blue Asan Orange facebook

Падазраю, ва Украіне будуць розныя рэакцыі на фільм. Там мала вайны – і для кагосьці яе будзе замала, іншы скажа, што акцэнты расстаўленыя не так. Я засяроджвалася на партрэтах саміх герояў. У мяне запытвалі ўжо, ці яны з’яўляюцца тыповымі прадстаўнікамі рэгіёну. Думаю, не, тым яны і цікавыя. Цікава было, як можна жыць там, дзе вайна, намагаючыся не пускаць яе ў свой дом, у свой свет.

Што скажаш пра амерыканцаў, што твае гледачы ў ЗША ведаюць пра вайну ва Украіне?

Апошнімі гадамі, калі я ездзіла з літаратурнымі выступамі ў Еўропу, я неаднаразова сутыкалася з тым, што людзі наогул не разумеюць, што ў нас адбываецца. Тут жа, нашмат далей ад Украіны, людзі былі нашмат больш у тэме, хаця спробы пагаварыць пра Зяленскага я старалася не развіваць. Не тое, каб я была надта моцнай апазіцыянеркай – я сама яшчэ назіраю за гэтым усім, пераважна з расчараваннем – але мне не хацелася разважаць пра прэзідэнтаў. Асабліва было дзіўна, калі Міраславе, нашай 18-цігадовай гераіні, пад час секцыі Q&A задалі пытанне, як яна ставіцца да новай улады і магчымага імпічменту Трампа.

У часе працы над фільмам. Фота The Earth Is Blue Asan Orange facebook

Калі Sundance – гэта столь для незалежнага кінематаграфіста, то што можа быць далей?

Было б какецтвам казаць, што мне не патрэбныя ўзнагароды. Вядома, яны ўсім патрэбныя. Але яшчэ нядаўна я лічыла, што такія фестывалі, як «Sundance», «Berlinale», Каны, адбываюцца толькі з кімсьці іншым. Для мяне гэта шанец звярнуць увагу на дакументальнае кіно, бо ва Украіне няшмат пляцовак, дзе яго наогул можна паглядзець. Калі ў іншых краінах тэлебачанне купляе дакументальныя фільмы, то ў нас тэлебачанне са сваім прадуктам існуе асобна. Ёсць апошнім часам нейкія раптоўныя зрухі, як фільм Надзі Парфан, на які тыднямі ішлі людзі ў кінатэатры.

Трагікамічная стужка «Спявае Іванафранкоўскцеплакамунэнерга» рэжысёркі Надзеі Парфан выйшла ў пракат у кастрычніку 2019 і стала самым паспяховым дакументальным фільмам ва ўкраінскім кіно – у кінатэатры яе паглядзелі больш за 5 тысячаў гледачоў.

Бум украінскага кіно, і не толькі дакументальнага, запоўненыя залы, удзел украінскіх кінавытворцаў у фестывалях класу А – гэта вынік культурнай палітыкі апошніх гадоў?

Так. Я памятаю перыяд поўнай стагнацыі, калі я скончыла інстытут і не адбывалася наогул нічога. Мы не былі самавучкамі, у нас былі майстры, але нашае навучанне на рэжысёраў было крыху хімерным, бо нашыя майстры самі шмат гадоў ужо нічога не здымалі, яны выпалі з працэсу, у нас не было практыкі, мы не сутыкаліся з сучаснай тэхнікай. Мы сабе і прыблізна не ўяўлялі, як функцыянуе здымачная пляцоўка і г.д. Таму, калі мы павыпускаліся, мы разышліся ў розныя сферы – у рэкламу, тэлебачанне, тэлефільмы. Нашае пакаленне вучылася і вучыцца дагэтуль. Фактычна мы ўсе яшчэ пачаткоўцы, нават тыя, хто старэйшы. Але ўжо зараз я ўбачыла вынік таго, што адбывалася апошніх 5-10 гадоў.

Гукарэжысёрка Ірына Охота. Фота The Earth Is Blue Asan Orange facebook

Калі я вучылася, у маладога рэжысёра не было і блізка шанцаў атрымаць ад дзяржавы фінансаванне і рэалізаваць сваю ідэю. А потым запусцілі сістэму пітчынгаў Дзяржкіно, калі на конкурснай аснове людзі пачалі атрымліваць магчымасць рэалізоўвацца. Думаю, гэта спрацавала. Вядома, шмат здымаецца няўдалага, няўмелага кіно. Але колькасць паступова пераходзіць у якасць.

Зараз прыйшлі новыя людзі да ўлады ва Украіне, у тым ліку ў культуру і кіно. Кажуць, што трэба менш грошай выдзяляць на дакументальныя фільмы, ставіць на серыялы. Кінаіндустрыя пратэставала супраць новай кіраўніцы «Дзяржкіно». Ёсць небяспека, што гэта ўсё абваліцца?

Наста – адна з гераіняў фільму, марыць і сама стаць кінарэжысёркаю. Фота The Earth Is Blue Asan Orange facebook

Адразу яно не заваліцца. Калі цягнік рухаецца на поўнай хуткасці, яго так хутка не спыніш. Але вось банальны прыклад апошніх месяцаў, калі ўсё замёрла і Дзяржкіно існавала ў рэжыме стэнд-баю. Мы адчулі гэта на сабе. Калі мы даведаліся, што едзем на Sundance, мы звярнуліся да Дзяржкіно па дапамогу. Як правіла, Дзяржкіно падтрымлівае фінансава, але тут нас увогуле не змаглі падтрымаць. Сказалі, што зараз перыяд няпэўнасці і зменаў, і ніхто ні за што не адказвае. Ну добра, мы неяк выкруціліся, нас падтрымалі некалькі фондаў, але так не мусіць быць. Хочацца, каб дзяржава падтрымлівала.

Аператар Слава Цвяткоў. Фота The Earth Is Blue Asan Orange facebook

Спадзяюся, усё наладзіцца. Але ў нас новая кіраўніца Дзяржкіно, гэта нікому не знаёмая фігура. Трывожна, бо яна ніяк не павязаная з кінаіндустрыяй, мы ўсе пачыталі ейнае рэзюмэ. Ну, можа, адбудзецца цуд. Толькі я ня вельмі ў іх веру.

Твой фільм – гэта вынік удалага пітчынгу? Значыць, яго фінансавала ўкраінская дзяржава?

Так, гэта грошы Дзяржкіно, таксама да гульні далучыўся Літоўскі фільмафонд, дадаткова мы атрымалі два гранты ад нідэрландскага фонду.

Героі фільму «Зямля блакітная, нібы апельсін» жывуць у горадзе Краснагораўка Данецкай вобласці. У 2014-м, напачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, горад быў заняты сепаратыстамі, а потым ад іх вызвалены, аднак абстрэлы працягваюцца па сённяшні дзень. Шматдзетная сям’я, жыццё якой прывабіла ўвагу кінематаграфістаў, не збіраецца пакідаць родны горад, намагаючыся займацца творчасцю і не заўважаць вайну. Пару гадоў таму ў горад прыехаў праект «Жоўты аўтобус», заснаваны вядомым аператарам Яраславам Пілуньскім. У межах гэтай культурнай місіі здымачныя групы прыязджаюць на Данбас і вучаць тамтэйшых дзяцей здымаць кіно. Захопленыя новым заняткам дзяўчаты з Краснагораўкі перадалі сваё захапленне ўсёй сям’і і пачалі здымаць кіно пра сябе саміх, а сталічныя кінематаграфісты на чале з Ірай Цілык вырашылі здымаць уласнае кіно пра гэта. Такім чынам «Зямля блакітная, нібы апельсін» – гэта быццам кіно пра кіно, дакументальнасць у якім змешваецца з творчым пошукам саміх герояў.

Як здымаць фільм, каб герой быў натуральны і перастаў цябе заўважаць?

Мы прыязджалі і вярталіся з Краснагораўкі шмат разоў. І я зрабіла выснову для сябе: калі ты хочаш зняць добры фільм-партрэт, мусіш правесці з героямі як мага больш часу. Лепш эканоміць на чымсьці іншым, узяць таннейшую тэхніку. Інакш не выйдзе зняць гэтыя праўдзівыя, унікальныя моманты. У дакументальным фільме таксама ёсць фактар умоўнасці: калі здымаеш героя, ён ведае, што побач ёсць камера. А кожны чалавек заўжды намагаецца здавацца крыху лепшым, чым ён ёсць насамрэч. І ў фэйсбуку, і ў інстаграме мы выбіраем, якімі хочам здавацца. Таму, каб чалавек быў пры табе зусім сапраўдным, ты мусіш стаць часткаю ягонага жыцця. Вядома ж, калі яны на гэта ўсё згадзіліся, яны і не здагадваліся, колькі часу мы правядзем разам. Былі моманты, калі яны ўжо проста стамляліся ад таго, што мы бясконца прыязджаем. Гэта як у любых стасунках – у каханні, сяброўстве – ёсць моманты, калі ўсё рассыпаецца, калі ты ўжо не ведаеш, што будзе далей. Быццам заходзіш у глухі кут, але потым выходзіш з гэтага небяспечнага месца, калі табе шчасціць, калі ёсць рух насустрач. І нам пашанцавала, бо гэты рух быў.

А што з іх уласным фільмам – тым, які яны здымалі пра сябе саміх?

Яны здымалі кароткаметражны фільм, прайграючы пэўныя падзеі: як яны начавалі ў падвале цягам году, як бабуля паліла буржуйку, як мама бегала да вайскоўцаў па дапамогу, калі горад быў пад абстрэламі, у хаце не было лекаў, а ў малодшага хлопчыка тэмпература паднялася да 40 градусаў. Іхны фільм дакументальна-ігравы. Гледзячы на гэта з боку, разумееш, што існуе такі від тэрапіі, калі людзі прайграюць траўматычныя сітуацыі, і гэта якраз яно. Асабліва гэта стала заўважна, калі яны бралі інтэрвю адно ў аднога, калі ўсе маскі зніклі. Гэта была вялізная ўдача для нас.

Ці ёсць палітычны матыў у тваім фільме? Ці зразумела, што адбываецца, і хто на чыім баку?

У фільме не ўзнікае сумневаў, на якім яны баку, дзе яны жывуць, што гэта Украіна і г.д. Але для мяне было адкрыццём, што, жывучы гэтак блізка да вайны, насамрэч людзі не гэтак шмат пра яе ведаюць. Зблізку не бачыш аб’ектыўнай сітуацыі. З часам усе дзеці ўмеюць распазнаваць па гуку, адкуль ляціць, куды ляціць, наколькі небяспечна, ці трэба хавацца. Але агульнай карціны ім часта не хапае, там пануе інфармацыйная блакада, у Краснагораўцы няма нават украінскага тэлебачання. Ёсць толькі расейскае, якое нашыя героі не глядзяць. У іх ёсць тэлевізар, які яны выкарыстоўваюць як экран, глядзяць на ім фільмы. І гэта таксама від унутранай эміграцыі – ад свету навінаў у свет кіно.

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў