«Мы ўсе мусім пайсці гуляць». Беларуская акторка падтрымала Навальнага


У сеціве з’яўляюцца звароты вядомых людзей на падтрыманне арыштаванага расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Выказалася і беларуская акторка Аляксандра Борціч, якая цяпер жыве ў Маскве.

«Можна па-рознаму ставіцца да Аляксея. Шмат каму ён не падабаецца за радыкальнасць сваіх меркаванняў, так бы мовіць. Але цяпер гэта ўсё няважна, бо гэта датычыць ужо не канкрэтна вашага стаўлення да Аляксея, а вас, мяне, усіх, хто жыве ў Расеі, бо нам паказваюць: нашыя законы, Канстытуцыя, Крымінальны кодэкс – гэта ўсё паперкі, пры жаданні можна рабіць што заўгодна з кім заўгодна, зладзіць суд у аддзяленні паліцыі ды гэтак далей.

23 студзеня будзе вельмі крута, калі мы ўсе пойдзем гуляць. Мы ўсе мусім пайсці гуляць. Калі мы хочам жыць у краіне, дзе паважаюць чалавечае права, дзе існуюць законы, мы ўсе маем пайсці гуляць. Зычу моцы ды трывання сям’і Аляксея і яму самому. Спадзяюся, што ўсе людзі ў нашай краіне перастануць трываць, быць дурнямі, якімі нас лічаць, і мы здолеем давесці, што з намі так нельга», – агучыла спадзяванне Аляксандра Борціч.

Аляксея Навальнага затрымалі 17 студзеня адразу пасля прылёту ў маскоўскі аэрапорт «Шарамецьева». Палітык ляцеў у Расею, ведаючы, што яму пагражае арышт праз «парушэнні ўмоваў выпрабавальнага тэрміну» і новая крымінальная справа праз «махлярства». 18 студзеня ў дачыненні палітыка абралі захаду стрымання – 30 содняў пад вартаю. Пры гэтым паседжанне суда адбылося ў будынку аддзелу паліцыі.

Hавiны
Аляксея Навальнага арыштавалі на 30 дзён
2021.01.18 18:35

Пасля арышту Навальнага ягоныя калегі з Фонду барацьбы з карупцыяй заклікалі сваіх прыхільнікаў збірацца на масавыя акцыі пратэсту 23 студзеня. Напярэдадні выступаў затрымалі прэс-сакратара палітыка Кіру Ярмыш, а таксама юрыстаў ФБК Любоў Собаль і беларуса Уладлена Лося, якога пастанавілі дэпартаваць дадому.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў