«Мы ў ЕЗ не прасіліся». Лукашэнка сустрэўся з еўракамісарам Ганам


Кіраўнік краіны падзякаваў еўракамісару Ёганэсу Гану «за ўдзел у палітычным і эканамічным развіцці Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй сустрэчы падкрэсліў важнасць таго, што ЕЗ – бліжэйшы сусед Беларусі:

«А з суседзямі, паколькі яны ад бога, трэба сябраваць, выбудоўваць партнёрскія адносіны. Дык вось, мы ні ў якім разе не спяшаліся, ня абяцалі вам таго, чаго мы не можам зрабіць. Вы прыглядаліся да нас, мы прыглядаліся да Еўрапейскага звязу. І ў сілу трансфармацый, якія адбываюцца ў нас, і ў вас мы прынялі рашэнне, што нягожа нам глядзець адзін на аднаго праз плот і жыць, коса пазіраючы адзін на аднаго. Мы вырашылі ісці насустрач адзін аднаму, аднаўляць сяброўскія, партнёрскія адносіны».

Пры гэтым кіраўнік Беларусі заявіў:

«Мы не прасіліся ў Еўразвяз, але мы хацелі б, каб у нас з ЕЗ былі такія адносіны, якім бы, можа быць, зайздросцілі нават краіны ЕЗ. І калі Еўрапейскі звяз на гэта гатовы, мы свой шлях гатовыя прайсці«.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што асновай супрацы Беларусі з ЕЗ павінныя стаць гандлёва-эканамічныя адносіны:

«Размовы аб дэмакратыі, свабодзе слова, палітвязнях, адмене смяротнага пакарання – гэта само сабой зразумела, мы не здымаем гэта з парадку дня, мы смела і адкрыта пра гэта гаворым. Але асновай з’яўляюцца нашыя гандлёва-эканамічныя, фінансавыя адносіны».

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў