Мы – РБ. РБ – Раман Бандарэнка

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Чарговае затрыманне, збіццё, катаванне, чарговая… смерць. Проста за тое, што ты выйшаў з пад’езду і не задаволены сваволлем невядомых у тваім двары. Гэта рэаліі жыцця РБ. Гэтыя рэаліі стварыла групоўка ва ўладзе. Яна ж сябе так і пахавае.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году. Фота: TК / Белсат

Выбух міліцэйскага гвалту 9-11 жніўня шакаваў грамадства і выклікаў хвалю абурэння, якое напужала і мела шанцы ліквідаваць дзейную ўладу. Але тады беларусы яшчэ верылі ў сумленне большасці дзяржслужбоўцаў і не мелі ваяўнічага настрою.

Былі яшчэ надзеі на пракуратуры, суды, следчых, на крымінальныя справы супраць злачынцаў.

Аднак хворы на ўладу чалавек і ягоныя памагатыя абралі іншы шлях. Большасць адвярнулася ад іх. Захаванне ўлады цяпер залежала толькі ад вернасці купкі асобаў з дубінкамі, стрэльбамі і аўтаматамі. Купкі сваіх ці імпартных, якіх Масква ўжо гатовая была здаць у арэнду. Як жа можна было іх судзіць?

Градус новага гвалту рос павольна, паступова, часам адступаў трохі назад, каб потым падняцца яшчэ вышэй. Крымінальныя справы заводзіліся сотнямі. Але толькі супраць пратэстоўцаў.

Людзі з дубінкамі атрымалі фактычны імунітэт. Што б яны ні рабілі. «Не да законаў», як было сказана ў простым эфіры з самай высокай трыбуны.

Афіцыйная беспакаранасць у спалучэнні са страхам (чужы двор, незадаволеныя мясцовыя, штодзённая прапаганда пра «баявікоў-фашыстаў», дый проста стомленасць і нервы) – выбуховая сумесь.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году. Фота: TК / Белсат

Не памыляюцца хрысціяне: чалавек – неідэальная, грэшная істота. Дайце яму маску, дубінку і легальную магчымасць біць каго заўгодна, і большасць людзей не вытрымае гэтай спакусы. А тут яшчэ спецыяльны адбор «патрэбных кадраў» цэлыя 26 год.

Вынік – зверства. Сабакаў, якіх спусцілі з ланцуга, цяжка кантраляваць. Гэтак і ўлада сцякае праз пальцы начальнікаў, бо гвалт падначаленых робіцца неабмежаваным і непрадказальным.

Людзі, якія зараз на вышыні дзяржаўнай улады, можа і не хацелі забойства Рамана Бандарэнкі. Забойства выклікала не страх і дэпрэсію, а абурэнне і гнеў беларусаў. Многія зразумелі, што адступаць няма куды.

Але сістэма бязмежнага беспакаранага гвалту пакуль будзе існаваць, будзе прадукаваць новыя і новыя катаванні і забойствы.

Не трэба нават стужак і сцягоў – дастаткова таго, што ў вас і чалавека з дубінкай будзе спрэчка за месца на паркоўцы альбо з-за гучнай музыкі праз сценку. Каму паверыць суд, калі чалавек з дубінкай засведчыць, што збіў ці забіў вас, бо вы нападалі на «супрацоўніка»? Усе беларусы ведаюць адказ.

Плошча Пераменаў 13 лістапада. Фота: belsat.eu

А значыць, усё больш і больш будзе падвышацца градус народнага гневу супраць карнікаў. І гэты гнеў хутчэй рана, чым позна, знішчыць злачынную сістэму.

Смерць – гэта нараджэнне для Неба, кажуць хрысціяне. Гэтак смерць Рамана Бандарэнкі прарочыць новае нараджэнне не толькі для яго, але і для Рэспублікі Беларусь.

Мы – РБ.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў