«Мы прымусім гэтую банду баяцца». Аўтуховіч абвесціў збор сродкаў на перамены ў Беларусі


Былы палітвязень, грамадскі актывіст і праваабаронца Мікалай Аўтуховіч апублікаваў на сваёй старонцы ў «Facebook’у» новы адкрыты зварот – цяпер да беларускага народу. Ён заклікае ахвяраваць грошы на дзейнасць ягонага «Камітэту салідарнасці», але дагэтуль не раскрывае сваіх планаў.

5 траўня Аўтуховіч апублікаваў адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем сысці ў адстаўку цягам 30 дзён. «У выпадку, калі рэжым стане дзейнічаць ранейшымі гвалтоўнымі метадамі, пакідаю за сабой права раней 30-дзённага тэрміну запусціць механізм аднаўлення справядлівасці», – адзначалася ў звароце. Сёння тэрмін ультыматуму выйшаў.

«Мы прымусім гэтую банду баяцца народнага суда», – піша Аўтуховіч у новым звароце. Ён кажа, што ўладу немагчыма змяніць праз выбары і ўсе механізмы ўплыву грамадзянаў на прыняцце рашэнняў у Беларусі знішчаныя. «Улады самі вядуць вайну супраць свайго народа і навязваюць нам супрацьстаянне ва ўмовах падполля. Але, у адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі, мы прызнаем найвышэйшай каштоўнасцю жыццё чалавека. Таму я загадзя адхіляю ўсялякія спробы абвінаваціць нас у тэрарызме і ўжыванні неапраўданага гвалту», – дадае экс-палітвязень.

«Мы звяртаемся да беларусаў усяго свету з просьбай падтрымаць нашу ініцыятыву фінансава. Калі кожны беларус раз у месяц дапаможа нашай арганізацыі хоць бы адным рублём, а нашыя землякі з-за мяжы пералічаць па 10 даляраў ці еўра ў месяц, то праз некаторы час мы будзем мець дастаткова сродкаў для ўсяго неабходнага, каб вырашаць самыя складаныя задачы», – адзначаецца ў звароце.

Аўтуховіч падкрэслівае, што не заклікае людзей ужо цяпер «выходзіць на вуліцы і безнадзейна падстаўляцца пад дубінкі АМАПу».

«Мы будзем вырашаць праблему ўсёдазволенасці ўлады самі, з дапамогай прафесіяналаў вельмі высокага ўзроўню. Мы просім праявіць салідарнасць у зборы сродкаў на падрыхтоўку нашых акцыяў і саміх пераменаў у Беларусі», – кажа ён.

У сваім допісу Аўтуховіч пакінуў банкаўскія рэквізіты «Камітэту салідарнасці», на якія можна дасылаць грошы.

Ён таксама абвясціў аб стварэнні «народнага трыбунала». Беларусаў Аўтуховіч просіць фіксаваць выпадкі самавольства з боку ўладаў, збіраць усе магчымыя дадзеныя на парушальнікаў і дасылаць яму.

Зварот Аўтуховіч зноў пазбаўлены канкрэтыкі. На просьбу belsat.eu распавесці, на што канкрэтна пойдуць грошы і якія мерапрыемства рыхтуюцца, Аўтуховіч адзначыў, што з меркаванняў бяспекі пакуль не можа раскрываць дэталі сваіх планаў. Ён паабяцаў, што праз некаторы час усё патлумачыць. Аўтуховіч толькі дадаў, што грошы пойдуць «на паслабленне рэжыму і на падрыхтоўку змены гэтага рэжыму».

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч ужо амаль год фактычна жыве ў падполлі: змяніў месца жыхарства, не з’яўляецца ў публічнай прасторы, не карыстаецца мабільнай сувяззю. Ён сцвярджае, што ўсё гэта неабходныя захады бяспекі, бо спецслужбы хочуць сфабрыкаваць супраць яго новую крымінальную справу.

  • У мінулым Мікалай Аўтуховіч – паспяховы бізнесовец у Ваўкавыску, актывіст прадпрымальніцкага руху, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2004 года. Улетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны, яго прызналі палітвязнем.
  • Неўзабаве пасля вызвалення Мікалая Аўтуховіча зноў арыштавалі – яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Яго ізноў прызналі палітвязнем.
  • Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную і праваабарончую дзейнасць. У снежні 2016 года былы палітвязень стварыў праваабарончую арганізацыю «ТаймАкт».

Лябедзька прапанаваў Лукашэнку адказаць на народныя пытанні або сысці ў адстаўку

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў