«Мы прапануем альтэрнатыву «рускаму свету». 16-гадовы актывіст стварыў новую моладзевую арганізацыю


Арсеній Дзядок. Фота з ягонай старонкі «УКантакце»

Нягледзячы на юны ўзрост, яго ўжо тройчы затрымлівалі міліцыянты падчас акцыяў пратэсту. Ён паспеў паўдзельнічаць у абароне Курапатаў, праз скандал сысці з «Моладзі БНФ» і нават «расчаравацца ў беларускай апазіцыі». Арсеній Дзядок распавёў у інтэрв’ю belsat.eu, навошта Беларусі патрэбная новая моладзевая арганізацыя і чаму праз 10 гадоў ён не бачыць сябе ў палітыцы.

На гэтым тыдні Дзядок даслаў у рэдакцыю невялікі прэс-рэліз, дзе гаварылася пра стварэнне арганізацыі пад назвай «Моладзевы незалежніцкі звяз», якая мае на мэце «барацьбу з праявамі «рускага свету» і выступае супраць інтэграцыі з Расеяй. Паколькі актывісту ўсяго 16, то перад інтэрв’ю мы папрасілі дазволу ў ягонага бацькі Аляксандра – той даў згоду на гэтую гутарку. Праўда, патлумачыў нам Арсеній, потым бацька ператэлефанаваў сыну і ўжо ў яго запытаў, ці варта дазваляць.

– У нас даволі блізкія стасункі і падобны светапогляд. Мы з бацькам заўсёды, з майго дзяцінства, хадзілі разам на акцыі – Дзень Волі, Дзяды, Чарнобыльскі шлях, хаця да ніводнай партыі ён не належаў. Мне запомнілася такая ўстаноўка: вось, ёсць афіцыйны герб і сцяг, але гэта чужыя сімвалы, не нашы, а нашы – «Пагоня» і б-ч-б. То бок, прывіваў нацыянальныя каштонаўсці.

– Але сам ты калі пачаў іх усведамляць? Як наагул апынуўся сярод актывістаў?

– Пасля пятай класы, калі пачаліся падзеі ва Украіне, я ўпершыню зацікавіўся палітыкай і асэнсаваў, што хачу нейкім чынам паўдзельнічаць. Шмат чытаў, сачыў за навінамі. У 2017 годзе, з таго, што я бачыў у сеціве, мне самай актыўнай падалася «Моладзь БНФ», тым больш іхныя нацыяналістычныя погляды супадалі з маймі. Прыкладна год мне спатрэбіўся, каб разабрацца ў палітычнай сітуацыі ў Беларусі і ў апазіцыі ў прыватнасці. Мы збіраліся і пастаянна ішло нейкае абмеркаванне чагосьці, але вынікаў абмеркаванняў, рэзультату дзейнасці не было заўважна. Проста нічога асабліва і не адбывалася.

Пасля суду над паплечнікам па «Моладзі БНФ». Фота: «Белсат»

– То бок, ты ўбачыў, што моладзевы рух у заняпадзе?

– Не тое, каб у заняпадзе канкрэтна «Моладзь БНФ». Тут справа глыбей: у Беларусі мае равеснікі (дый на пяць гадоў старэйшыя) у прынцыпе апалітычныя. Вырасла пакаленне, якое ад самага пачатку думае «А можа так і трэба?», бо нічога іншага і не бачыла. Калі яны і арыентуюцца ў палітыцы, то больш ва ўкраінскай або расейскай. З беларускіх дзеячаў могуць назваць толькі Лукашэнку і якога-небудзь Кабякова памятаюць з тэлебачання. Апазіцыянераў насамрэч вельмі мала ведаюць.

– А хто асабіста табе падабаецца з апазіцыйных палітыкаў?

– З найноўшай гісторыі – безумоўна, Зянон Пазняк. Вельмі шкада, што ён з’ехаў у 96-м, а ягоныя паплечнікі ў Беларусі не ўяўляюць з сябе сур’ёзнай сілы. Калі казаць пра сучаснасць, то мне падабаецца кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, бо валодае рэдкай і нетыповай для астатніх апазіцыянераў рысаю – уменнем дамаўляцца. Ён здольны дамовіцца і з калегамі, і з уладамі.

– Стоп. А навошта дамаўляцца з уладамі?

– Ну, напрыклад, дзякуючы намаганням Кастусева, улады летась дазволілі правесці канцэрт ля Опернага тэатру на Дзень Волі. Магчыма, без яго і не атрымалася б дамагчыся. Таксама мне падабаюцца Ігар Лялькоў і Вячаслаў Сіўчык (сябар Сойму Партыі БНФ і кіраўнік Руху салідарнасці «Разам». – belsat.eu), бо шмат робяць, каб у Беларусі не было «рускага свету». А яшчэ Юрась Губарэвіч, якога я разглядаю як найбольш верагоднага прадстаўніка правацэнтрысцкіх сілаў на наступных выбарах.

– Слухай, але ж ты нават не дасягнуў выбарчага ўзросту. Як ты збіраешся кіраваць цэлай палітычнай арганізацыяй, няхай і моладзевай?

– Узрост не стварае перашкодаў для самой дзейнасці, ён толькі накладае пэўныя тэхнічныя абмежаванні. Дарэчы, у «Моладзевым незалежніцкім звязе» (МНЗ) у нас самаму старэйшаму ўдзельніку споўніўся 21 год, астатнія ўсе маладзейшыя. Наша мэтавая група – як раз студэнты, навучэнцы ліцэяў, будучая інтэлектуальная эліта краіны.

2 чэрвеня 2018 года. Падлетак Арсеній Дзядок прыйшоў у Курапаты з бел-чырвоным-белым сцягам. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– І колькі вас цяпер у МНЗ?

– Ну, я, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні МНЗ. У рэгіёнах ужо збіраюць людзей мясцовыя каардынатары. У асноўным, гэта былыя актывісты «Моладзі БНФ» з Гомля, Магілёва і Берасця. Пакуль разам нас шасцёра. Але неўзабаве, пасля Дня Волі, мы зладзім першы з’езд на адной з арт-прастораў Менску і там ужо будзем абіраць кіраўніка і вырашаць усе важныя пытанні. На з’езд будзе квота пяць чалавек ад адной вобласці. Спадзяюся, набярэцца некалькі дзясяткаў.

– Як можна да вас уступіць?

– Трэба запоўніць анкету на ўступ на нашай старонцы Укантакце. Акрамя таго, можна наўпрост напісаць у сацсетках мне або рэгіянальным каардынатарам.


Арсеній на адной з імпрэзаў з сябрамі. Фота з ягонай старонкі «УКантакце»

– Дапусцім, вы правядзеце з’езд, а што потым? Ці будзеце афіцыйна рэгістравацца? Адкуль плануеце здабываць фінансаванне?

– Гэта мы таксама хочам вырашыць падчас з’езду. Зарэгістраваць рэспубліканскае аб’яднанне вельмі цяжка ў Беларусі, будзем шукаць спосабы… На скрайні выпадак, давядзецца рэгістравацца за мяжой – у Польшчы або Літве. Што датычыць грошай, я мяркую, браць з актывістаў унёскі не трэба, усе ж бедныя студэнты. Варта адначасова абвесціць краудфандынг і шукаць спонсараў сярод бізнесоўцаў.

– Ты насамрэч лічыш, што беларускія бізнесоўцы будуць падтрымліваць палітычную арганізацыю?

– Чаму не? Мы робім акцэнт не столькі на палітыцы і палітычных акцыях, колькі на спрыянні распаўсюду нацыянальных каштоўнасцяў, пашырэнні пэўнай ідэалогіі праз мову, культурніцкія імпрэзы, супольнае вывучэнне беларускай гісторыі, захаванне спадчыны, краязнаўчыя вандроўкі. Таксама хацелася б наладзіць супрацу з ідэйна блізкімі моладзевымі суполкамі з краінаў Міжмор’я (мне падабаецца наагул праект Міжмор’я). Напрыклад, з украінскімі правымі. Сэнс у тым, што мы прапануем маладым беларусам альтэрнатыву «рускаму свету», змагаемся любымі з ягонымі праявамі.

– А ладзіць пікеты і мітынгі вы не збіраецеся?

– Нашыя прадстаўнікі заўжды змогуць далучыцца да любых вулічных акцыяў, санкцыянаваных або не. Самі мы пакуль не займелі дастаткова рэсурсаў і патэнцыялу, каб ініцыяваць уласныя палітычныя акцыі, таму не хочацца падстаўляць людзей. Тым больш аплаціць штрафы актывістам мы пакуль дакладна не зможам.

– Каго ты лічыш апанентамі?

– Я выступаю супраць «рускага свету». Розных «Румолаў», расейскай «Юнарміі» і падобных рэчаў. І тых, хто робіць на 9 траўня акцыю «Бессмяротны полк» і прыносіць георгіеўскія стужкі.

– А з кім МНЗ будзе сябраваць?

– Будзем падтрымліваць партнёрскія стасункі з БХД, рухам «За Свабоду», з Маладымі дэмакратамі, з БНФ…

Дзядка затрымліваюць пасля пікета ля Генштабу супраць дзедаўшчыны ў войску. Кастрычнік 2018. Фота «Еўрарадыё»

– І ўсё ж, чаму ты пакінуў «Моладзь БНФ»? Атрымліваецца, табе не спадабаўся ніводны рух з існуючых і вырашыў стварыць уласны?

– Ідэю стварэння сваёй суполкі я выношваў з мінулай восені. Але да апошняга спрабаваў нешта рабіць у «Моладзі БНФ». Фактычна я сышоў пасля скандалу з надпісам на дошцы. Мяне спрабавалі абвінаваціць, нібыта я гэта зрабіў. Хаця, відавочна, адбылася правакацыя звонку. Пасля мяне запрашалі ў Малады Фронт, які цяпер адраджаецца, але мне ён падаецца занадта імпульсіўным, бо не пралічвае наступствы сваіх дзеянняў. Я схільны да большай разважлівасці.

– Твой стрыечны брат – Мікола Дзядок, анархіст і былы палітзняволены. Што ён думае пра тваю актыўнасць?

– Ён першым запосціў навіну пра стварэнне МНЗ! Ну, а наконт поглядаў мы мала спрачаемся, бо яны ўсё ж крыху адрозніваюцца.

– Якім ты бачыш свае жыццё праз 10 гадоў? Арсеній Дзядок будзе кіраўніком партыі?

– Гэтыя 10 ці нават 5 гадоў будуць вырашальнымі і я спадзяюся, што прыйдуць станоўчыя змены. Я не бачу сябе палітычным дзеячам, не збіраюся заставацца ў палітыцы назаўжды. Я вельмі захапляюся гісторыяй, у наступным годзе мару паступіць на гістарычны факультэт БДУ і займацца навуковай дзейнасцю, жыць звычайным жыццём.

Кацярына Андрэева/belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары