«Мы перасталі вучыць дзяцей, таму што ў нас няма на гэта часу». Адкрыты ліст настаўніка з Гарадзенскай вобласці


Рэдакцыя belsat.eu, як правіла, не публікуе дасланыя чытычамі лісты. Аднак у гэтым выпадку мы не маглі не зрабіць выключэнне. Звычайна медыі звяртаюць увагу на працу настаўнікаў альбо 1 верасня, альбо ў перыяд выбарчых кампаній, альбо падчас трагедый, такіх як у Стоўбцах. Аднак штодзённыя праблемы, як правіла, не выносяць на публіку ні самыя настаўнікі, ні эксперты. Адкрыты ліст, што мы публікуем ніжэй, якраз дазваляе ацаніць увесь маштаб праблем сярэдняй адукацыі ў Беларусі.

Я настаўніца гісторыі, Соф’я Канстанцінаўна Прэцкайла, супраць існага становішча рэчаў у беларускай адукацыі. Жыву ў маленькім раёне Гарадзенскай вобласці, працую ў сельскай школе. Маўчаць больш не магу. Але і ў голас сказаць не магу, дзеці вучацца, я выхоўваю іх адна, выганяць, працу не знайду. Надрукуйце, калі ласка, бо калісьці трэба пачынаць змагацца.

Людзі ставяцца да цябе так, як ты ім гэта дазваляеш. Мы, настаўнікі і выхавальнікі дашкольных устаноў, прадстаўнікі самай высакароднай прафесіі, часта скардзімся адно аднаму або родным ў сябе на кухні, што ўлада нас не паважае, не плаціць нам, што нас зневажаюць. Але давайце ўзгадаем усе абавязкі, ускладзеныя уладай на настаўніка. Мы ходзім па хатах і правяраем электраправодку і печы, збіраем металалом і макулатуру, прыбіраем у дамах семʼяў САП, прыносім ім прадукты, адказваем за тое, што бацька ці маці вучня пʼе. Мы выходзім на працу ў любы час, незалежна ад адпачынку або выходнога, абсалютна бясплатна. Мы зʼяўляемся чальчамі выбарчых камісій, камісій па барацьбе з карупцыяй, камісій па супрацьпажарнай бяспецы і абследаванню дамоў і кватэр.

І цвёрда ведаем, што нічога з гэтага не зʼяўляецца нашымі прамымі абавязкамі. Але мы, нібы рабы, робім гэта, пакорліва, без пярэчанняў, як бы чаго не выйшла.

Мы не запярэчым ні аднаму начальніку, не паспрабуем абараніць свае правы. Так, мы хочам працаваць, баімся пазбавіцца свайго месца. Мы трымаем не толькі свае навучальныя ўстановы, але і адлічваем ўласныя грошы на даплату маламаёмасным работнікам, чыя заработная плата не дацягвае да мінімальнай. Атрымліваючы грошы, мы пакорліва выпісваем непатрэбныя нам газеты і часопісы. Купляем цацкі і неабходнае абсталяванне ў дзіцячыя сады. Адказваем за вакцынацыю навучэнцаў і выхаванцаў, часта аплочваючы вакцыну з уласнай кішэні. Мы робім усё, што не мае да нашых прамых абавязкаў ніякага дачынення.

Мы перасталі вучыць дзяцей, таму што ў нас няма на гэта часу.

Для таго, каб запоўніць класнаму кіраўніку або выхавальніку неабходныя ў пачатку навучальнага года дакументы, трэба некалькі тыдняў. Дзе ўжо тут планы пісаць і рыхтаваць урокі! Мы ставім подпіс пад дакументамі, сутнасці якіх не разумеем (спраўнасць пячнога ацяплення і праводкі). І пры гэтым мы маўчым, не пярэчым. Дык можа мы самі вінаватыя ў тым, як улада ставіцца да нас.

Мы перасталі самі сябе паважаць, мы забыліся, што мы Настаўнікі, а не дзяўчынкі на пабягушках ва ўлады.

Пакуль мы самі не скажам не «дадатковым абавязкам», ніхто нас ад іх не вызваліць. Мы павінны паважаць саміх сябе і сваю прафесію, і толькі тады ўлада пачне паважаць нас.

Даслаць сваю навіну можаце і вы, скарыстаўшыся формай зваротнай сувязі на нашым сайце.

belsat.eu

Стужка навінаў