«Мы перадусім людзі, а толькі потым інваліды». У Гомлі невідушчыя змагаюцца за інфраструктуру


На гомельскім прадпрыемстве «Святлатэхніка» працуюць людзі з парушэннямі зроку, а таксама цалкам невідушчыя. Тут жа побач яны і жывуць: раней іхны дом быў інтэрнатам і належаў «Святлатэхніцы», а потым інтэрнат перавялі ў разрад жытла і дазволілі людзям выкупаць свае кватэры.

А нядаўна з’явіліся чуткі, што праз будаўніцтва побач з прадпрыемствам гіпермаркету «Карона», працаўнікоў і жыхароў дому чакаюць сур’ёзныя перамены: існы прыпынак перанясуць на некалькі соцень метраў, зробяць дадатковы праезд для аўтатранспарту ўздоўж прадпрыемства і самога дому. Гэта значыць, што прывычны для невідушчых асяродак зруйнуюць.

Побач хутка пачне працу гіпермаркет.
Фота: belsat.eu

– Я адна выхоўваю дваіх дзяцей. Вось уявіце: выпусціць дзяцей на вуліцу – іх няма доўга – я крычу, шукаю. Мы, невідушчыя, будзем чуць, што нешта адбываецца, але ў які бок бегчы, калі паўсюль небяспека трапіць пад машыну ці наткнуцца на штосьці? – распавядае жыхарка дому Зінаіда Машкоўская.

Побач хутка пачне працу гіпермаркет.
Фота: belsat.eu

Але інфраструктура – не адзінае, што хвалюе людзей. Кіраўніцтва прадпрыемства збіраецца прадаць прыбудову да жылога дому, у якой зараз месцяцца клуб, рэабілітацыйны цэнтр ды бібліятэка.

Фота: belsat.eu

– Нашаму дырэктару лягчэй прадаць гэты будынак, – кажа Зінаіда Машкоўская. – Я не лічу, што за яго заплоцяць шмат. Але тое, што продаж прынясе нам, а таксама будучым уладальнікам гэтага месца, шмат нязручнасцяў – гэта факт. Перад будынкам дакладна будзе паркоўка. А сярод невідушчых ёсць тыя, хто толькі страціў зрок. Яны з вялізнымі высілкамі пачынаюць хадзіць з кіямі, ім вельмі цяжка арыентавацца сярод машын. У нас былі выпадкі, калі яны зносілі люстэркі аўтамабіляў, дзесьці ўмяціну маглі зрабіць ці сапсаваць афарбоўку. Гэта будуць пастаянныя разборкі.

Фота: belsat.eu

– Мы зʼяўляемся такімі ж грамадзянамі нашай краіны, людзьмі перадусім, а толькі потым інвалідамі, – дадае Аляксандр Шафарэнка. – Таму і змагаемся за свае правы. Самае істотнае, што парушаецца прывычны для нас мікраклімат і інфраструктура. Гэта таварыства ўжо больш за 80 год працуе і тут усё зроблена для адпачынку і развіцця своеасаблівых людзей. А ў нашым клубе шмат розных гурткоў: тэніс, танцы, шашкі, майстар-класы па мылаварэнні, кулінарыя.

Фота: belsat.eu

Усе нашыя суразмоўцы заўважаюць, што могуць так смела і адкрыта казаць пра праблемы, бо не звязаныя са «Святлатэхнікай» працоўнымі дамовамі. Людзі з парушэннямі зроку, якія працуюць на прадпрыемстве – маўчаць.

– Астатнія маўчаць, бо іх потым звольняць, – дзеліцца думкай Зінаіда Дземідзенка. – Інвалідаў па зроку на іншых прадпрыемстваў нідзе не бяруць.

Жанчына распавядае, што па чутках, у прыбудове, якую збіраюцца прадаваць, адкрыюць дзіцячы забаўляльны цэнтр.

– Я жыву ў доме побач і ў мяне муж татальна невідушчы. Будзе шум – ён не зможа выйсці на вуліцу, бо ён не арыентуецца. Тут жыве шмат людзей пажылога ўзросту, яны маюць патрэбу ў спакоі. Калі тут будзе дзіцячы цэнтр – гэта будзе пастаянны шум, а паркоўка, якая размесціцца перад ім – гэта яшчэ і небяспека.

Людзі прызвычаіліся да інфраструктуры, якая ўжо ёсць.
Фота: belsat.eu

Варта адзначыць, што на прадпрыемстве працуюць не толькі інваліды па зроку. Адна з жанчын, што жыве ў тым жа доме каля прадпрыемства, кажа, што вельмі рада будаўніцтву «Кароны» побач з уласным жытлом:

– Тое, што вам сказалі інваліды, якія не працуюць на нашым заводзе – гэта напаўпраўда. У будынку клубу будзе комплекс для дзяцей – гэта добра, бо дзяцей у ваколіцах шмат. І невідушчыя таксама змогуць прывесці сюды сваіх дзяцей. А гэты клуб нам не патрэбны, ён стаіць і гніе.

Каментар кіраўніцтва заводу Belsat.eu атрымаць не ўдалося: або слухаўку ў прыёмнай зусім не здымалі, або сакратарка адказвала, што дырэктар на вытворчасці. Але адной з гомельскіх дзяржаўных газет кіраўнік «Святлатэхнікі» Сяргей Раманюк распавёў, што пашырэнне дарогі і перанос прыпынку, якія робяцца ў сувязі з будаўніцтвам «Кароны», не ўзгаднялі з Таварыствам інвалідаў па зроку, у сувязі з чым кіраўніцтва прадпрыемства даслала ў раённую адміністрацыю зварот з просьбай абсталяваць бяспечную сцяжынку і безбарʼернае асяроддзе. Пры гэтым будынак сапраўды выстаўлены на продаж, бо знаходзіцца ў занядбаным стане і не рэнтабельны для прадпрыемства: аплочваць яго рамонт і падаткі вельмі дорага. Раманюк паабяцаў, што ўсе гурткі дляневідушчых будуць працаваць на іншых пляцоўках прадпрыемства і праход туды забяспечаць ўсім жадаючым.

Частку будынку з літарамі наверсе «Святлатэхніка» і збіраюцца прадаць.
Фота: belsat.eu

Самі ж інваліды па зроку такім абяцанням давяраюць не надта:

– Ходзяць чуткі, што насамрэч усе нашыя гурткі хочуць не на «Святлатэхніцы» размясціць, а перавезці ў горад па розных кутках. Для нас гэта будзе вельмі нязручна, – кажа Зінаіда Машкоўская.

– Ідэальнае вырашэнне сітуацыі для нас – пакінуць усё як ёсць. Каб мы маглі жыць у сваім свеце, – дадае Зінаіда Дземідзенка. – У нас вельмі шмат здольных і адораных людзей: паэтаў, музыкаў. Ім хочацца неяк сябе рэалізоўваць, а не проста сядзець у сваёй кватэры ды на працы.

Фота: belsat.eu

Ганна Вашчанка, фота аўтара/belsat.eu

Стужка навінаў