Мы павінны павялічыць для іх кошт маўчання


Ціханоўская_Вячорка. Калаж з фота з ТГ-каналу Святланы Ціханоўскай і Facebook Франака Вячоркі

Дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка ў эфіры «Белсату» распавёў пра планы на арганізацыю народных пратэстаў і дзеянні каманды Ціханоўскай.

Пра пратэсты

Я згодны, што зараз трэба актывізаваць фарматы дэцэнтралізаванага пратэсту. Трэба даць некалькі тыдняў, гэтых святочных тыдняў, людзям перадыхнуць. Але самае важнае – трэба быць адказнымі ў справе каронавірусу. Бо каронавірус нікуды не знік, сітуацыя драматычная. Трэба зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць колькасці ахвяраў не толькі ад рук рэжыму, але і ад наступстваў хваробы.

Пасля сённяшняга маршу мы максімальна актывізуем валікія дваровыя ініцыятывы, флэшмобы, перформансы, акцыі пратэсту. Усе тыя ініцыятывы, што паступаюць з двароў, – іх трэба максімальна падтрымаць інфармацыйна, тэхнічна – хто як можа.

Вельмі важна вярнуць сімволіку на вуліцы. Вы бачыце, што робіць Лукашэнка: ён знішчае бчб-сцягі, ён фактычна крыміналізуе вывешванне нацыянальнай сімволікі, ён змагаецца з бел-чырвона-белымі колерамі. Наша задача – таксама сканцэнтравацца і зрабіць усё магчымае, каб сімволіка не знікла з вуліцаў.

Марш Народнага трыбуналу ў Менску \ belsat

Нам трэба будаваць сваю выведку. Нам трэба ведаць, як працуе рэжым, як працуюць спецслужбы. Нам нельга дазваляць расколваць сябе.

Адзінства – гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць, наш галоўны рэсурс і капітал рэвалюцыі.

Улады спрабуюць нас падзяліць – нельга ім гэтага дазволіць.

І абавязкова нам трэба дапамагаць рэпрэсаваным, кожнаму, хто застаўся без працы, каго звольнілі, бізнес каго закрылі. Мы бачым, што не заўжды спраўляюцца арганізацыі і фонды падтрымкі. Ім трэба таксама дапамагаць. Калі нехта на заводзе, фабрыцы ці арганізацыі, дзе вы працуеце, церпіць, то аб’яднаецеся, стварыце суполку, падумайце, як адно аднаму дапамагчы.

Мы вярнуліся ў той момант, калі нізавая самаарганізацыя адыграе ключавую ролю.

А маршы вернуцца адразу, як толькі будзе палітычная нагода, ці калі трошачку пацяплее. Мы падтрымаем усе ініцыятывы ад рабочых, студэнтаў, моладзі, а вялікіх маршаў зараз, хутчэй за ўсё, праводзіць не будзем. Але тое, што будуць праводзіць самі людзі, яно павінна быць падтрымана.

Ад самага пачатку гэта рэвалюцыя – нізавая, і нам трэба не будаваць нейкую вертыкаль, а дапамагчы тым структурам, якія самаарганізаваліся.

Пра доказы і расследаванні

Еўразвяз будзе дапамагаць на пачатку міжнародных расследаванняў. Адкрыта справа па факце збіцця Максіма Харошына ў Літве, рыхтуюцца справы да падачы ў Чэхіі, Польшчы, Францыі па ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Мы сутыкнуліся з тым, што ў рэжыму Лукашэнкі вельмі шмат памагатых. Частка хаваецца за балаклавамі, частка ў кабінетах, і мы не ведаем іх імёнаў. І так апынулася, што дакументальных доказаў віны на тых, хто заслугоўвае быць пакаранымі, у нас не так шмат.

Вельмі важна расколваць сілавы апарат, расколваць рэжым, расколваць чыноўнікаў. Для гэтага мы запусцілі «Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў», дзе людзі могуць і напісаць яўку з павіннай, і могуць паскардзіцца на злачынствы сваіх калегаў і аднаслужбоўцаў.

Таму нам зараз трэба ўсім разам пашукаць і сабраць дакументы, усё тое, што будзе сведчыць пра віну, каб пакараць гэтых людзей санкцыямі цяпер і ў будучыні.

Для гэтага трэба працаваць і журналістам, і грамадскім арганізацыям, і тым сведкам гвалту, якіх рэпрэсавалі, якіх білі ў турмах, якіх арыштоўваў ГУБАЗіК – ім трэба даваць паказанні. І тады ў спісы патрапяць не толькі начальнікі начальнікаў, але і шараговыя выканаўцы злачынных загадаў.

Начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпенкаў.
Фота: Onliner.by

Нам трэба зрабіць усё магчымае, каб у гэты спіс патрапілі тыя людзі, якія прымаюць канкрэтныя рашэнні на месцах, хто адказвае за гвалт, хто адказвае за несправядлівыя суды – гэта і пракуроры, і суддзі, і фальсіфікатары. Нават калі гэта будзе не 40 тысяч, а тысяча, але калі гэта будуць тыя, хто вінаватыя – гэта будзе добрым напамінам тым, хто зараз вагаецца.

Пра маўклівае спачуванне пратэстоўцам

Я сам у кантакце шмат з кім у сістэме і яны пытаюць, а што іх чакае, а якія ёсць шляхі адыходу, а што будзе, калі Лукашэнкі не будзе, а будзе Ціханоўская. Нам трэба намаляваць ім дакладную перспектыву.

Калі вы застаняцеся з Лукашэнкам, то вас чакае разбіральніцтва, суд і ганьба на ўсё жыццё. А калі вы займаеце бок народу, то вы атрымліваеце амністыю ці змякчэнне пакарання.

26-га кастрычніка быў дэдлайн Народнага ўльтыматуму. Вельмі шмат сілавікоў перайшлі і дзякуючы ім была створана арганізацыя BY_Pol, якая злівае відэа і кіруе «Адзінай кнігай рэгістрацыі злачынстваў». Тыя людзі сапраўды могуць разлічваць на амністыю.

Цяпер амністыю, можа, яны не заслужаць, але яны могуць разлічваць на змягчэнне пакарання.

Ясна, што чым даўжэй гэтыя людзі застаюцца ў сістэме, тым больш на іх збіраецца доказаў віны, і потым пры справядлівым разбіральніцтве ці міжнародным трыбунале ў іх будзе менш шанцаў апраўдацца. А мы зараз вядзем вельмі сурʼёзную працу, каб падрыхтаваць дакументы да перадачы ў Міжнародны крымінальны суд, які можа запусціць трыбунал у Гаазе.

А таксама мы працуем з юрыдычнымі фірмамі для падачы дакументаў у Еўрапейскі суд, які пад Радай Еўропы. Так ці інакш, праз год ці два, незалежна ад развіцця сітуацыі, усе тыя, хто на відавоку, хто пад балаклавамі, хто ў судовых мантыях – яны будуць несці адказнасць. Кожны дзень іх заставання ў сістэме памяншае іх шанцы на змякчэнне прысуду.

Адна рэч – мець меркаванне, а другая – рабіць дзеянне.

Я не сумняюся, што потым усе гэтыя чамаданавы і аматары «Масандры» будуць біць сябе ў грудзі і казаць, што яны ўвесь час былі за перамены.

Тут не трэба падманваць саміх сябе: пакуль чалавек не зрабіў дзеянне, не выйшаў публічна і не заявіў, што ён падтрымлівае беларускі народ – ягоныя погляды і меркаванні не маюць значэння. Таму што маўклівасцю карыстаецца рэжым 26 гадоў, карыстаецца тым, што ўсе ўсё разумеюць, але ўсё адно аддаюць злачынныя загады, адпраўляюць людзей на содні па арт. 23.34. Мы павінны павялічыць для іх кошт маўчання. Кожны, хто змаўчаў раз, два, тры, пяць – павінен будзе несці пакаранне. Не віртуальнае, а сапраўднае пакаранне.

Маўчанне ў часы, калі робіцца гвалт, – гэта таксама злачынства.

Маўчанне сведкаў, маўчанне тых, хто не займае бок слабога ці справядлівасці, – гэта таксама злачынства. Давайце зробім усё магчымае, каб маўклівых станавілася ўсё менш. Каб тыя, хто выходзіць на вуліцы, разумелі, што маўклівыя не проста ім сімпатызуюць, а гатовыя ў крытычны момант стаць на іх бок.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Людзі ў сістэме ў якасці сваёй выведкі – гэта працуе толькі пры ўмове поўнага даверу і абсалютнай камунікацыі з гэтымі людзьмі. У нас такіх людзей адзінкі. Мы часам ведаем, як рыхтуюцца разгоны ці дзе збіраюцца размясціць вайсковую тэхніку. Але такіх людзей сістэма выяўляе і вычышчае. Такіх людзей было шмат у Следчым камітэце ці ў рэгулярнай арміі. Армія будзе першая, хто пяройдзе на бок народу, калі Лукашэнка альбо ўзмоцніць гвалт, альбо павялічыцца колькасць забойстваў.

Таму Лукашэнка вельмі асцярожна з імі працуе, я б нават сказаў, што заігрывае, каб толькі армія не ўмяшалася.

Людзі ў АМАП, КДБ, групы «СОБР», ССО – там сваіх людзей практычна няма. Іх у прынцыпе так трэніравалі, каб яны да самага апошняга служылі рэжыму. І спадзявацца, што гэтыя людзі будуць нам дапамагаць, я б не стаў.

Мы хочам, каб прызналі ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі. Тады ўвесь асабовы склад трапляе аўтаматычна ў спісы Інтэрполу, а іх маёмасць арыштоўваецца».

Стужка навінаў