Мы папрасілі верталёт 001 у арэнду – і вось што нам адказалі


Верталёт «Agusta-Westland AW-139» з бартавым нумарам EW-001PH у менскім аэрапорце. Фота з «Інстаграму» Дзмітрыя Малаковіча

«Белавія» не дае ў арэнду элітны верталёт «Agusta-Westland AW-139», які атрымала ад мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева. Замест гэтага авіякампанія прапануе ўзяць самалёт.

«Для арэнды можам прапанаваць толькі самалёт, – распавялі нам у прыёмнай «Белавіі». – Трэба пісаць зварот: куды, на які час, які аэрадром – гэта ж не простае пытанне. У летні перыяд заяўкі трэба падаваць загадзя».

19 красавіка старшыня савету дырэктараў «Слаўкалія» Міхаіл Гуцэрыев заявіў журналістам, што аддаў верталёт з бартавым нумарам EW-001PH у колерах дзяржаўнага сцяга у арэнду «Белавіі», падае «Tut.by».

Афіцыйна ў флоце «Белавіі» няма ніводнага верталёту.

Гуцэрыеў заяўляе, што можа аддаць верталёт любой кампаніі і любому грамадзяніну – маўляў, «галоўнае, каб аплата была».

Паводле бізнесоўца, верталёт каштаваў $ 14 млн.

Упершыню гэты борт прыляцеў у Беларусь 19 лютага. У той жа дзень, згодна са звесткамі «Flightradar24» ён кружыў над Астрашыцкім гарадком, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты і іншыя факты – нумар борту, ліўрэя, сяброўства Міхаіла Гуцэрыева з кіраўніком Беларусі – дазваляюць журналістам меркаваць, што верталётам, імаверна, будзе карыстацца менавіта Лукашэнка.

  • Міхаіл Гуцэрыеў – расейскі мільярдэр (28-е месца па версіі «Forbes»). Пазалетась адна з ягоных кампаніяў «Слаўкалій» распачала будаўніцтва калійнага камбіната ў Беларусі коштам $ 2,1 млрд. Гэта самы буйны праект, які прыватная кампанія рэалізуе на постсавецкай прасторы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў