«Мы пабудзем крыху бяздомнымі, але абавязкова вернемся». Як акторы драмтэатру ў Горадні сышлі ў падполле


У Гарадзенскім абласным драматычным тэатры адмянілі ўсе пастаноўкі, запланаваныя на лістапад, акрамя дзіцячых. Большая частка актораў тэатру далучылася да забастоўкі ды была звольненая, разам з галоўным рэжысёрам Генадзем Мушпертам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Сяргеем Курыленкам.

Фасад драматычнага тэатра.
Фота: Васіль Малчанаў/Белсат

Пакуль адміністрацыя вырашае, як быць далей, у Горадні паўстае «падпольны» свабодны тэатр, чые пробныя паказы збіраюць сапраўдныя аншлагі.

Сустрэнемся ў новым тэатры

Мы сустракаем актораў тэатру каля ўваходу. У шасці з іх – апошні працоўны дзень. Яны выходзяць з валізкамі і рэчамі, у кожнага ў руках – бел-чырвона-белыя парасоны, якія яны раскрываюць у знак салідарнасці з усімі, хто бастуе ці застаўся без працы.

Акторы тэатру з бел-чырвона-белымі парасонамі.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«Мы абавязкова пераможам і сустрэнемся з вамі праз тры месяцы ў новым тэатры», – кажа адзін са звольненых актораў Аляксандр Дзям’янаў.

Ён не можа стрымаць эмоцый, выбачаецца і адыходзіць у бок, запальвае цыгарэту і доўга глядзіць у адну кропку. Актор працаваў у тэатры 26 гадоў. Ён напісаў заяву аб далучэнні да забастоўкі, а на наступны дзень быў звольнены.

«Мы хочам вярнуцца ў новы тэатр і новую краіну. Канешне, крыху крыўдна так сыходзіць, усё ж кожны з нас аддаў тэатру шмат гадоў, мы вучыліся і працавалі тут, набіраліся досведу. Але сёння мы не згаворваючыся кажам адно і тое ж: да сустрэчы, новы тэатр», – кажа адна з акторак.

Акторы ў апошні працоўны дзень. Саша Праўдзіна / Белсат

Мяцежны тэатр: хроніка падзей

12 жніўня. 64 акторы і работнікі драматычнага тэатру выступілі з адкрытым зваротам супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў на вуліцы.

20 верасня. У Горадні падчас акцыі пратэсту затрымалі актора, рэжысёра-пастаноўшчыка тэатру Сяргея Курыленку і яго жонку, акторку Валянціну Харытонаву. Іх калегі ў знак салідарнасці спынілі паказ спектаклю. Пасля гэтага звольнілі першую артыстку – Лізавету Мілінцэвіч.

22 верасня. «Навесці парадак» у тэатры прыехаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік. За зачыненымі дзвярыма адбылася размова аб сітуацыі ў краіне. Але дыялога не атрымалася. Акторы адмовіліся гуляць камедыі, пакуль на вуліцы б’юць людзей.

25 верасня драматычны тэатр зачынілі да 3 кастрычніка нібыта з-за каронавірусу. Некалькі спектакляў былі адмененыя, хоць усе квіткі на іх былі раскупленыя. Звольнены вядучы майстар сцэны Ігар Уланаў.

26 верасня. У дворыку на Кірава, 3 адбылася творчая сустрэча актораў драмтэатра з гарадзенцамі. Паказалі ўрыўкі з адмененага спектакля «451 градус па Фарэнгейту». Удзельнікаў імпрэзы «ахоўвалі» аўтазак і некалькі міліцэйскіх бусікаў з сілавікамі.

Гледачы на спектаклі «451 градус па Фарэнгейту» у гарадзенскім дворыку, Кірава, 3.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

27 кастрычніка. Галоўны рэжысёр тэатру Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка абвесцілі аб забастоўцы. «За адмову ад выканання службовых абавязкаў» пазней яны былі звольненыя.

28 кастрычніка. 11 актораў тэатру запісалі відэазварот, у якім далучыліся да страйку.

29 кастрычніка. Звольнілі акторак Валянціну Харытонаву і Наталлю Лявонаву.

30 кастрычніка. Звольнілі яшчэ шэсць актораў-страйкоўцаў – Васіля Мініча, Марыю Мялешка, Насту Мучко, Марыю Бутрымовіч, Аляксандра Дзямʼянава, Натэллу Бялугіну. Да страйку далучыліся яшчэ два супрацоўнікі тэатру: артыстка аркестра Паліна Левіна і актор Аляксей Станога.

4 лістапада. Аляксей Станога і Паліна Левіна былі звольненыя, як і ўсе, хто далучаўся да забастоўкі.

«Мы не рабы»

«А ты чаму свецішся? Свабодным стаў?» – жартуюць калегі з актора Васіля Мініча.

Мы стаім паўколам з акторамі недалёка ад тэатры і гутарым. Толькі што стала вядома пра звальненне шасці артыстаў. Звольнены Васіль Мініч стаіць, пасміхаецца.

Актрыса Наталля Лявонава.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«Мы пабудзем крыху бяздомнымі, але абавязкова вернемся. Мы не развітваемся назаўсёды. Гэтае рашэнне – сысці з ужо роднага дому – далося нялёгка. Але ёсць сітуацыі, калі ты не можаш паступіць інакш. Мы салідарныя з беларусамі і лічым важным далучыцца да страйку, хоць не вырабляем чагосьці матэрыяльнага, як прадпрыемствы. Мы – не рабы, хоць нас зараз і хочуць загнаць у часы феадальнага ладу. З-пад палкі і пугі працаваць нельга», – эмацыйна кажа Васіль Мініч.

Сваю падтрымку акторам выказалі працоўныя з «Азоту», запісаўшы відэазварот.

«Хлопцы, азотаўцы, нават калі мы здолелі арганізаваць забастоўку, вам тым больш па сілах прайсці гэты шлях. Мы вас вельмі падтрымліваем», – звярнуўся да працоўных Васіль Мініч.

Тым, хто застаўся, магчыма, больш складана

Пасля таго, як акторы тэатру пачалі гучна выказваць сваю пазіцыю, супраць іх пачалася хваля цкавання ў інтэрнэце, у прыватнасці – ананімных тэлеграм-каналах. Аднак, па словах актораў, рассварыць іх не атрымалася, а тактыка «падзяляй і ўладар» не спрацавала, наадварот – яны яшчэ больш аб’ядналіся.

«Мы не лічым здраднікамі тых, хто застаўся ў тэатры. Мы ведаем, што ім зараз, магчыма, нават больш складана, чым тым, хто сышоў на забастоўку. І яны ў сваю чаргу таксама нас ні ў чым не вінавацяць. Мы ўсе размаўляем і падтрымліваем адзін аднаго», – разважае актор Аляксей Станога.

Пастанова «451 градус па Фарэнгейту» у гарадзенскім дворыку, Кірава, 3.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

Ён бачыць і безумоўныя плюсы ў тым, што зараз адбываецца вакол тэатру.

«Нас цяпер стала яшчэ больш: з намі салідарныя калегі з тэатру лялек, філармоніі. Ды што казаць, мы цяпер разам з усімі свабоднымі беларусамі! І мы хочам працягваць працаваць, каб несці станоўчыя эмоцыі беларусам і падтрымліваць іх», – кажа Аляксей.

Ён працаваў у тэатры з 2004 года. Разам з жонкай Палінай, якая таксама працуе ў тэатры – скрыпачкай, напісалі заяву аб далучэнні да забастоўкі.

«Зараз такая сітуацыя, якая паказвае, хто ёсць хто. Нам стала вельмі лёгка, таму што мы адчуваем, што ўсё робім правільна. Нібыта рукі развязалі» – кажа Аляксей.

Ён гаворыць, што акторы спрабавалі дагрукацца да кіраўніцтва, растлумачыць, што нельга ў сітуацыі, якая склалася зараз у краіне, граць камедыі, «дурацкія смяшынкі».

«Мы хацелі зрабіць драматычны канцэрт, падзяліцца эмоцыямі з аўдыторыяй, аднак кіраўніцтва вырашыла падвергнуць канцэрт цэнзуры: усе тэксты, усе нумары мусілі стаць «максімальна нейтральнымі». Але што гэта за мастацтва, калі мне дыктуюць, што я мушу спяваць?» – абураецца Аляксей.

Ён перакананы, што зараз любая песня, нават самая з першага погляду нейтральная, можа ўспрымацца як палітычная. А свабодныя людзі ўсё роўна будуць збірацца і рабіць супольныя творчыя праекты, ніхто са звольненых актораў не прапаў.

З ім пагаджаецца яго жонка Паліна Левіна: «Тэатр – гэта адна сям’я, дзе ўсе падтрымліваюць адзін аднаго. Зараз у кожным з нас адкрываюцца новыя бакі, цікавыя творчыя грані. І гэта выдатна».

Аляксей Станога і Паліна Левіна.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

Па яе словах, у тэатры яшчэ застаюцца працаваць прафесіяналы, якія хочуць захаваць тэатр знутры. Але сама яна не змагла змірыцца з цяперашняй цэнзурай.

«Песні, якія мы выконвалі да гэтага, зараз выконваць нельга. Але мы – творчыя людзі. Мы выконваем працоўнае заканадаўства, але ў творчасці не пойдзеш уразрэз са сваёй душой. Як душу і творчасць раскласці на паперкі па законах бюракратыі? Мы не знайшлі іншага выйсця, як аб’явіць аб сваёй забастоўцы», – кажа Паліна.

Акторы тэатру за апошнія месяцы зрабілі некалькі цікавых паспяховых імпрэзаў на пляцоўцы гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» і не збіраюцца на гэтым спыняцца.

«Мы хочам размаўляць з людзьмі на мове актуальных падзей, якія зараз адбываюцца. Нам хочацца рабіць сур’ёзныя пастаноўкі, якія будуць падтрымліваць дух беларусаў, казаць пра тое, што дабро пераможа, што свабода, прыгажосць, сумленне – вельмі важныя ў нашым жыцці рэчы.

Ва ўсіх пастаноўках, што мы паказвалі ў «Цэнтры гарадскога жыцця», якраз пра гэта і гаворыцца», – натхнёна кажа звольненая акторка Наталля Лявонава.

З прыходам Лукашэнкі ў тэатр вярнулася цэнзура

Заслужаны артыст Беларусі, актор і рэжысёр Сяргей Курыленка прысвяціў драматычнаму тэатру 40 гадоў свайго жыцця і з’яўляецца адной з найбольш пазнавальных фігур у гарадзенскай тэатральнай супольнасці.

Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«У тэатры ўсё закіпела адразу пасля выбараў. Я падпісваў адкрытыя лісты разам з іншымі, не заўсёды быў ініцыятарам, але падтрымліваў падобныя ініцыятывы. Мне падаецца, улада толькі і чакае, каб мы проста замаўчалі. Таму зараз вельмі важна гучна выказвацца з любой нагоды, каб улады разумелі, што пад плінтус загнаць ужо нікога не атрымаецца», – разважае Сяргей Курыленка.

Рэжысёр упэўнены, што напачатку яшчэ быў магчымым дыялог паміж акторамі і кіраўніцтвам тэатру, але дырэктар Ігар Гедзіч пайшоў на канфрантацыю: пачаў звальняць людзей і шукаць «крайніх».

«Цяперашні дырэктар – палкоўнік у адстаўцы і да мастацтва не мае ніякага дачынення. На самым пачатку Ігар Гедзіч, калі ўзначаліў тэатр, сказаў: «У мяне дзедаўшчыны не будзе». То бок вайсковыя парадкі, якія яму пэўна больш зразумелыя, ён перанёс у тэатр. Усё звялося да таго, што ўсім трэба хадзіць шыхтам. З роляй чыноўніка, які прадстаўляе інтарэсы дзяржавы, ён спраўляецца. Але пасада «дырэктар тэатру» – гэта ўсё ж іншая праца», – кажа Сяргей Курыленка.

«Беларусы важную справу не зрабілі – не пахавалі савецкі рэжым»

Ён працаваў у тэатры яшчэ ў савецкія часы і добра адчувае, наколькі савецкай засталася цяперашняя ўлада.

Сяргей Курыленка.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«Я памятаю, як падчас перабудовы быў шчаслівы – у нас зніклі цэнзары ў асобах прадстаўнікоў упраўлення культуры. Раней яны прыходзілі на ўсе спектаклі і казалі, што можна, а што нельга. Тое, што цябе пастаянна разбіралі на «партыйныя костачкі», было жахлівым. Калі яны зніклі, тэатр цудоўна існаваў і развіваўся без іх. Гэта была зусім іншая праца. Але ў першыя гады прыходу да ўлады Лукашэнкі цэнзары зноўку вярнуліся і зноўку пачалі нам распавядаць, як трэба рабіць, што правільна, а што не», – распавядае рэжысёр.

Па яго словах, сёння ўлада спрабуе задушыць усё, што не падкантрольнае. Але тэатр працягвае працаваць – у іншай форме, на іншай пляцоўцы.

«Тэатр – гэта не будынак, а найперш людзі. Гэта можа быць нават два артысты з дыванком на плошчы», – кажа Курыленка.

Увечары 29 кастрычніка гарадзенскія акторы зладзілі «Ноч паэтаў»: ушанавалі памяць забітых падчас сталінскіх рэпрэсіяў і паказалі, як маглі б выглядаць суды-тройкі над беларускімі паэтамі ў 1937 годзе. Ролю аднаго з чэкістаў выконваў Сяргей Курыленка.

«Мне вельмі спадабалася ідэя, яна была вельмі да месца і яскрава паказала, што мы сёння вярнуліся ў 1937 год. Пра гэта трэба казаць. Мы не асудзілі камунізм і яго вытворныя, таму апынуліся там жа, дзе былі», – адзначае Сяргей Курыленка.

«Ноч расстраляных паэтаў».
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

У спектаклі, які нядаўна адмянілі ў драмтэатры, галоўны герой, Жэром, нібыта памірае, але насамрэч упадае ў летаргічны сон. І там ёсць фраза: «мы ж галоўнага не зрабілі – мы яго не пахавалі, вось ён і ходзіць, як лунацік, людзей палохае».

«Вось і мы, беларусы, важную справу не зрабілі – не пахавалі той савецкі рэжым. І тое, што адбываецца зараз у краіне, мусіла адбыцца. У Нямеччыне асудзілі фашызм, знайшлі і асудзілі ваенных злачынцаў, у нас жа НКВД-шнікі атрымлівалі добрыя пенсіі і цудоўна сабе жылі, ведаючы, што з-за іх у кагосьці няма бацькі, у кагосьці – брата. Калі чалавек, асоба становіцца нічым, у краіне можна рабіць усё, што заўгодна», – адзначыў Сяргей Курыленка.

«Тое, што зараз адбываецца ў краіне, я разглядаю як цуд»

Са звольненым галоўным рэжысёрам драматычнага тэатру Генадзем Мушпертам мы сустрэліся каля працоўнага ўвахода, куды цяпер ён увайсці не можа. Прынамсі, зараз.

Сумным стомленым позіркам ён час ад часу паглядае на будынак, дзе прапрацаваў 26 гадоў.

Генадзь Мушперт.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«У нашай краіне ўзняўся цудоўны, захапляльны народны рух, якога ў Беларусі ніколі не было, і не далучыцца да яго я не мог, таму што лічу сябе часткай гэтага народу. Хвалю салідарнасці, усё тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне, я разглядаю як цуд. Грамадзянін Лукашэнка настолькі бяздарна на гэта рэагуе, што я перакананы – яму нядоўга засталося», – кажа рэжысёр.

Тэатр, па яго словах, павінен быць тэрыторыяй свабоды. Пакуль не трэба было выбіраць грамадзянскую пазіцыю, цяперашняе кіраўніцтва тэатру было нейтральным, не было асаблівай цэнзуры, акторы час ад часу ставілі вострыя спектаклі. Але калі дайшло да простых пытанняў, былі выбары сумленнымі ці не, рэжым – абсалютнае зло ці не, высветлілася, што акторы і кіраўніцтва тэатру стаяць на супрацьлеглых пазіцыях.

«Цяпер, калі ў краіне акупацыйны рэжым, дзяржаўныя тэатры наагул не павінны працаваць. Мусіць быць усенародны байкот усіх мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў дзяржаўных установах», – адзначае Генадзь Мушперт.

Ён перакананы: беларусы ў выніку перамогуць, і ён разам з калегамі будзе будаваць новы дзяржаўны тэатр у новай Беларусі, але на іншых – дэмакратычных падставах.

«Белсат» прапанаваў дырэктару драмтэатру Ігару Гедзічу пракаментаваць тое, што адбываецца ў тэатры, распавесці пра планы, чаго чакаць гледачу, але размаўляць ён адмовіўся.

Саша Праўдзіна, Belsat.eu

Стужка навінаў