«Мы не робаты». Прэмʼер Італіі пасля рэферэндуму заявіў пра сваю адстаўку


Матэа Рэнцы заявіў, што мае намер падаць прашэнне аб адстаўцы пасля правалу на рэферэндуме прапанаванай ім канстытуцыйнай рэформы.

Выступаючы перад журналістамі ў Рыме, кіраўнік італьянскага ўраду паведаміў, што плануе сабраць урад на паседжанне 5 снежня, а пасля яго падаць прэзідэнту краіны прашэнне аб адстаўцы, паведамляе агенцтва «Reuters».

«Я прайграў, і я кажу пра гэта ўслых, хоць і не без камяка ў горле, бо мы ўсё ж такі не робаты», – сказаў прэмʼер.

Нагодай для выступу сталі папярэднія вынікі рэферэндуму па прапанаванай прэмʼерам канстытуцыйнай рэформе. Супраць яе прагаласавалі каля 60 % грамадзянаў Італіі. Яўка перавысіла 70 %.

Рэформа Рэнцы прадугледжвала ліквідацыю адной з палатаў італьянскага парламенту з мэтай паляпшэння законатворчай дзейнасці, а таксама пашырэнне паўнамоцтваў ураду.

Паражэнне Рэнцы, які лічыўся прыхільнікам еўраінтэграцыі, прывяло да падзення курсу еўра. Адзіная валюта ЕЗ упала да адзнакі $ 1,0524 – самы нізкі курс з 16 сакавіка 2015 года.

Былы мэр Фларэнцыі Рэнцы падчас перадвыбарнай кампаніі ў 2013 годзе заяўляў пра намер завяршыць канстытуцыйную рэформу, прыняць меры па скарачэнні беспрацоўя, правесці рэформы структураў дзяржаўнага кіравання і падатковай сістэмы. Яму ўдалося перамагчы ў партыйных праймарыз і стаць нацыянальным сакратаром сваёй партыі, якая фармавала большасць у верхняй і ніжняй палатах парламенту Італіі.

У 2014 годзе Рэнцы ўзначаліў урад краіны. Знаходзячыся на пасадзе прэмʼер-міністра, ён прапанаваў працоўную рэформу, якая прадугледжвала сістэму льготаў і гарантыяў працаўнікам толькі толькі пры наяўнасці пэўнага стажу. Рэформа выклікала пратэст прафсаюзаў, якія арганізавалі мітынгі па ўсёй краіне. У кастрычніку 2014 года на акцыю ў Рыме выйшаў 1 млн чалавек. Паводле Нацыянальнага інстытуту статыстыкі Італіі, беспрацоўе ў краіне ў кастрычніку 2016 года склала 11,6 % (на пачатку 2014 года – 13 %).

Праціўнікі канстытуцыйнай рэформы Рэнцы правялі кампанію пад лозунгам «Скажы «Не». Галоўнымі апанентамі прэмʼера былі палітыкі з антыімігранцкай партыі «Ліга Поўначы» і папулісцкі рух «Пяць зорак», які сімпатызуе прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, reuters.com

Стужка навінаў