Анарха-дысідэнт ды легенда гарадзенскай панк-сцэны Стас Пачобут распавядае пра беларускі рывок да свабоды – як гэта было ў 90-я.
Напрыканцы 1980-х, падчас палітычнага плюралізму ў савецкім грамадстве пачынаюцца змены. У моладзевую прастору прасочваюцца заходнія «буржуазныя» каштоўнасці. Вараная джынса і песні на ангельскай мове захопліваюць увагу маладога пакалення.
Жыхары Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны пачынаюць слухаць польскае радыё і глядзець польскі канал «Едынка». Шмат моладзі ў той час «падсела» на замежную «папсу», якая транслявалася на польскіх тэлерадыёхвалях, але былі і іншыя – аматары гуртоў «Metallica» і «Slayer» ці «Sex Pistols», польскіх панк-камандаў «Lady pank» і «Kult», а таксама расейскай «Гражданской Обороны». Гэтая публіка і становіцца прадстаўнікамі першых нефармальных рухаў на Беларусі. Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага панку Стас Пачобут расказвае пра першыя гады «Deviation», анархію, дасягненні і страты свайго пакалення.
– Нашае пакаленне асэнсоўвала сябе праз прызму таго, што мы не пачуем «пісталетаў» жыўцом, мы спазніліся на Вудсток і не паспелі на збунтаваны травень 68-га ў Парыжы. Але нягледзячы на гэты смутак, хацелася зрабіць нешта сваё. Дадай да гэтага правінцыю, да каторай збольшага нават перабудова не дакацілася. Хацелася ўсё пазмяняць, але спачатку даць з бота па гэтаму «сметніку».
– Якім быў гарадзенскі панк напачатку 90-х?
– Вельмі розным. Па-першае, ён не быў асобнай субкультурай. Умоўна тых, хто належаў да субкультуры таго часу, можна назваць нефармаламі. Металісты, панкі, хіппі, мастакі і проста нестандартныя і антысацыяльныя асобы тусаваліся разам. Хадзілі на адныя і тыя ж канцэрты. Адзіным панкавым гуртом у Горадні, што ведалі ўсе, быў «The Post». Яны гралі канцэрты разам з металістамі, бо сябравалі з арганізатарамі канцэртаў. Паралельна з гэтым была цэлая хваля маладых гуртоў, частка з якіх так і не дажыла да свайго першага канцэрта.
– У 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы мы сабраліся ўтрох: я граў на гітары, Андрэй (мой брат) на басу і на барабанах быў наш сябра Бахціяр. За лета мы зрабілі праграму і лістападзе зайгралі першы канцэрт у мясцовым клубе.
Пасля канцэрту нас з братам пасадзілі на содні за заклік да самасуду, а барабаншчыку далі штраф. Прычынаю была песня «Милицейский террор» прысвечаная былому начальніку бераставіцкага РАУС Драчову.
Мне было 17 гадоў, але нягледзячы на гэта, за парушэнне заканадаўства мяне пасадзілі на 10 дзён. І звярні ўвагу: гэта той час, калі прэзідэнта яшчэ не было і краінаю кіраваў Вярхоўны савет у якім старшынстваваў Станіслаў Шушкевіч (усьміхаецца).
– Дзе вы рэпетавалі, дзе выступалі, дзе запісваліся?
– Першае месца, дзе мы праводзілі рэпетыцыі, і быў бераставіцкі клуб культуры. Потым здымалі паўдома за кінатэатрам «Усход». Былі «кропкі» ў падвалах інтэрнатаў, бамбасховішчах і гаражах.
Усе альбомы, акрамя апошняга запісвалі на студыі праз Фініка (Сяргей Фінскі), за нейкую сімвалічную аплату. «…чарговы дзень пад аккупацыяй» пісаў наш сябра, Ліля з «Ultra Pultra», непасрэдна ў гаражы.
– Як рэагавала дзяржава і шараговыя грамадзяне на вас?
– На пачатку 90-х панк-рок быў надта малою з’яваю, каб на яго непасрэдна рэагавала ўся дзяржава.
Ролю карнікаў на той момант выконвалі гапата і мянты. І для адных і для другіх мы былі немагчымымі для разумення.Для іх мы жылі «ня так» і кожны з іх спрабаваў «выхоўваць» на свой лад.
Мяне неяк затрымалі на некалькі гадзінаў за падраныя джынсы. Патруль сказаў, што я сваім выглядам ствараў аварыйную сітуацыю на дарогах (смяецца).
– Ці з тых часоў твае погляды змяніліся?
– Я – анархіст. Мне падаецца, што сапраўднаму чалавеку не патрэбная карная машына дзяржавы, каб існаваць у грамадстве. Будучае ў разнастайнасці і самаарганізацыі. Мне хочацца верыць, што праз вызваленне прасторы нашага жыцця і культуры ад уплыву дзяржавы мы створым свой уласны свет, у якім будзем не рабамі інстытутаў, а гаспадарамі ўласнага жыцця.
Апошні склад гурта Deviation. Стас Пачобут – вакал, Андрэй «Муха» Мухін – бубны, Мікіта «Паравоз» Павроз – бас, Белка – гітара.
– Што можаш сказаць пра сучасных гарадзенскіх панкаў?
– Гарадзенская панк-сцэна, на мой погляд, самая моцная і разнастайная не толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы. Ёсць больш фолкавыя «Dzieciuki» і «Людзі на балоце», брутальныя анархісты з «I Hope You Die», «Bagna» i «Monday Suicide», эксперыментальнае «Ultra Pulltra», стрыт-панк ад «Містэр Х», олдскул ад «Tlusta Lusta». Шмат новых цікавых гуртоў: «Dispierta», «Куски Ильича». Мне падабаецца гарадзенская сцэна.
– У цябе цяпер ёсць праблемы з беларускай дзяржавай?
– Гэта ў яе праблемы са мной(смяецца).
Арцём Сіневіч, belsat.eu