«Мы не можам памыцца. Вады няма! А лазня каштуе Br 80 тыс.»


Яшчэ два месяцы таму тут былі чэргі, і трэба было гадзіну чакаць, каб пайсці папарыцца, – цяпер ахвотных не гэтак шмат. З пачатку года на Віцебшчыне кошты грамадскіх лазняў павысіліся ўжо 4-ты раз.

У аблвыканкаме тлумачаць гэтыя крокі жаданнем выйсці на ўзровень сабекошту паслугаў, але ў выніку – губляюць наведнікаў. Калі ў 2013 годзе на Віцебшчыне лазні наведваліся 1 млн 200 тыс. разоў, то летась – толькі 900 тыс. Пасля сёлетніх павышэнняў колькасць аматараў пару яшчэ больш знізіцца.

«Я аматар лазняў. Але хаджу папарыцца цяпер толькі з заробку. Няма грошай – не іду», – дзеліцца жыхар Віцебску.

«Мы не можам памыцца. Вады гарачай няма! Лазня каштуе Br 80 тыс., а мне 88 гадоў», – скардзіцца пенсіянерка.

«Br 80 тыс., можа быць, і адэкватны кошт для гэтай лазні, але не зусім адэкватны кошт для майго заробку і такіх людзей як я», – мяркуе мужчына.

Летась віцебскі аблыванкам выдаткаваў Br 30 млрд у якасці датацыяў грамадскім лазням. Сёлета планавалася вылучыць Br 10 млрд, але пасля лазні выкраслілі са спісу сацыяльна значных паслугаў.

«Можна датаваць гэтую галіну, але калі б датацыі былі празрыстыя… Мы б маглі паглядзець на якія канкрэтна лазні ды на якія канкрэтна паслугі, выдаткі гэтыя датацыі пайшлі. Чаму летась датавалі, а цяпер не сталі. Хіба людзі сталі жыць лепш?», – зазначае праваабаронца Павел Левінаў.

Сабекошт пару і вады ў віцебскіх лазнях ацэньваюць прыкладна на Br 140 тыс. за аднаго наведніка. Атрымліваецца, з актуальнымі коштамі грамадскія лазні каштуюць прыкладна столькі ж, колькі прыватныя саўны ці лазні ў аграсядзібах. Але ўзровень камфорту можна не параўноўваць. Сітуацыю выправілі б датацыі, зазначае эканаміст Мікіта Лабачоў.

«Самы просты прыклад – знізіць тарыфы для сацыяльнай сферы, Знізіліся тарыфы для прадпрыемстваў, чаму гэтага не зрабіць для сацыяльнай сферы?», – мяркуе эканаміст Мікіта Лабачоў.

Тым, хто не можа сабе дазволіць лазні за новыя кошты, у Віцебску прапаноўваюць наведваць лазні ў адмысловыя дні – за паўцаны ды без пару.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Стужка навінаў