«Мы не хочам быць такімі ж поснымі і сумнымі, як дзейныя дэпутаты». Вялікая размова з кандыдатам ад Моладзевага блоку


17 лістапада ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Сярод кандыдатаў моцна вылучаюцца сямёра прэтэндэнтаў ад Моладзевага блоку. Belsat.eu паразмаўляў з Данілам Лаўрэцкім – актывістам ЗБС і кандыдатам ад Купалаўскай акругі Менску, які, без залішняй сціпласці, даволі высока ацэньвае свае шанцы на перамогу.

Пра артыкул 328, аптымізм і Марыю Васілевіч

– Ты вылучаешся ад Купалаўскай выбарчай акругі. Разам з табою вылучаюцца яшчэ два прадстаўнікі апазіцыйных колаў – актывіст аргкамітэту БХД Пётр Папраўка і Рыгор Кастусёў. Ці адчуваеш канкурэнцыю з іхнага боку?

У нас розныя мэтавыя аўдыторыі. Я разлічваю на моладзь, на студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах. Гэта прыблізна 15 тысячаў чалавек у акрузе. На выбарах гэтага дастаткова для перамогі, калі змабілізаваць усіх студэнтаў і ўсе яны пойдуць на выбары. Навошта ім галасаваць за 65-гадовага Кастусёва, камуністку або Сайганаву (Таццяна Сайганава – дэпутатка шостага склікання Палаты прадстаўнікоў) з Патрыятычнай партыі?

Даніла Лаўрэцкі. Фота belsat.eu

– А навошта галасаваць за цябе?

Каб быў прадстаўнік моладзі, які выступае за пашырэнне правоў студэнтаў, за адмену размеркавання, за адмену закону аб адтэрміноўках, які наўпрост парушае правы студэнтаў.

– Як ты ацэньваеш перадвыбарчыя праграмы канкурэнтаў?

Ні Кастусёў, ні Папраўка, ні іншыя кандыдаты не займаюцца шырокай агітацыяй, іх фактычна не відаць ні ў інтэрнэце, ні на пікетах. Яны ідуць з нейкімі асабістымі мэтамі на выбары. У іхных праграмах няма наагул нічога, што магло б зацікавіць маладога чалавека. А я іду, каб выйграць сэрцы ды розумы студэнтаў.

– Ты кажаш аб праблемах моладзі. Які сэнс галасаваць за цябе сталай аўдыторыі?

Па-першае, людзей, якім пляваць на гэтыя праблемы ў маёй акрузе, няма. Бо ў яе ўваходзіць мікрараён Серабранка, дзе праблема артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») жорстка стаяла яшчэ некалькі гадоў таму. Там, на жаль, шырока распаўсюджанае ўжыванне. Сваякі тых, каго асудзілі паводле гэтага артыкулу, зацікаўленыя ў змене заканадаўства. Па-другое, пытанне войска, якое датычыць не толькі студэнтаў, але і іхных бацькоў, якія не хочуць аддаваць сваіх дзяцей у такі абсалютна не прывабны інстытут, як Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь.

Ад Моладзевага блоку на выбары ідуць сямёра чалавек. Фота belsat.eu

Больш за тое, я раблю стаўку на тое, што я ў любым выпадку лепшы за дзейную дэпутатку, бо ў парламенце я не прымаў такіх абсурдных рашэнняў, як ухваленне дэкрэту аб дармаедах, або сталы водгук законаў, якіх не ўхваляе прэзідэнт.

Як ты збіраешся дамагацца змякчэння антынаркатычнага закону?

Мы распрацавалі законапраект, які абмяркоўвалі з юрыстамі і экспертамі. Ён скіраваны на частковую дэкрыміналізацыю некаторых пунктаў артыкулу 328.

Першым маім крокам у парламенце было б вынясенне гэтага законапраекту на парадак дня.

«Запісала зварот на тэлебачанні, атрымаўся крык душы». З чым маці-328 ідуць у дэпутаткі

А як будзеш развязваць праблему з падкіданнем наркотыкаў?

Гэта вельмі вялікая праблема і яна вырашаецца не законапраектамі, а незалежнасцю судовай сістэмы. Калі судовая сістэма будзе незалежная, то будзе магчыма даказаць, што нехта штосьці падкінуў. На гэты момант у нас ёсць ідэя распісаць законапраект рэфармавання судовай сістэмы Беларусі, але пакуль мы не бяромся за гэта. Калі мы ўвойдзем у Палату прадстаўнікоў, то гэта будзе ў прыярытэце.

Моладзевая сямёрка

Ад Моладзевага блоку на выбары ідуць сямёра чалавек, а ў чым адрозненне тваёй асабістай праграмы ад іншых кандыдатаў блоку?

У мяне ёсць 4 дадатковыя пункты акрамя тэмы блоку. Па-першае, гэта «зялёная» тэма – перагляд запуску БелАЭС да таго часу, пакуль яна не будзе адпавядаць усім патрабаванням МАгАтЭ і іншых міжнародных структур.

Крычалі ды пагражалі забіць. З чым сутыкнулася кандыдатка ў дэпутаты

Па-другое, я прапаную вярнуць ільготы ў грамадскім транспарце для пенсіянераў і студэнтаў.

Па-трэцяе, гэта тэма празрыстасці працы парламенту шляхам усталявання трансляцыі з пасяджэнняў Палаты і публічнасць дэпутацкіх дэбатаў. Да прыкладу, цяпер усе кажуць пра тое, што парламентары абмяркоўваюць план паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, але да гэтага часу грамадскасць не ўбачыла гэтых дакументаў. Чаму? Бо няма такой ініцыятывы, якая б казала пра неабходнасць транспарэнтнасці працы парламенту. У нас ёсць распрацаваны законапраект на гэтую тэму і ён будзе апублікаваны ў рамках перадвыбарчай кампаніі.

І апошні пункт – гэта пашырэнне студэнцкіх правоў ды стварэнне рэальнага самакіравання на базе ўніверсітэтаў, а менавіта выбарнасць некаторых рэктараў і дэканаў, незалежныя схемы далучэння студэнтаў да рады ўніверсітэту.

Фота belsat.eu

– Мы абмяркоўваем сур’ёзныя тэмы, але на старонках Моладзевага блоку ў сацсетках усе яны падаюцца праз жарты, мэмы. Ці не думаў ты, што гэта несурʼёзна і можа схіліць моладзь за вас НЕ галасаваць?

Падкрэслю, што мы адзіныя кандыдаты на дэпутацтва, якія ідуць у парламент з канкрэтнымі законапраектамі. Ні адзін іншы кандыдат, у тым ліку нашыя супернікі, не распрацавалі такіх законапраектаў. Менавіта гэта і сведчыць пра сур’ёзнасць нашых намераў.

Забаўляльны кантэнт або кантэнт з самаіроніяй – гэта цалкам нармалёва, мы кажам на той мове, якую разумеюць нашыя равеснікі.

Мы не хочам быць такімі ж поснымі і сумнымі, як дзейныя дэпутаты, а хочам быць, як дэпутаты еўрапейскіх краінаў.

Даніла Лаўрэцкі. Фота belsat.eu

– А калі сур’ёзна, ты ўвогуле верыш, што цябе абяруць, нягледзячы на магчымыя фальсіфікацыі, укіды? Навошта табе ў 21 год мандат?

Я веру, але не цешуся ілюзіямі. Бо якім бы чынам ні лічыліся галасы, ёсць назіральнікі, міжнародных назіральнікаў дапускаюць, а з імі я ўжо ў кантакце.

Па-другое, ёсць студэнцкія ўчасткі, дзе проста немагчыма не здабыць перамогі, і калі там будуць фальсіфікацыі, то гэта стане яскравым сведчаннем, якіх часам не было. У мяне была вялікая практыка ў ЗБС, дзе мы стварылі структуру з нуля, прапісалі статут і шмат палажэнняў адносна працы структурных адзінак. І я лічу гэтую практыку лепшаю, чымся юрыдычная адукацыя ў Беларусі.

– У нашай праграме «Размова» твая калега Алана казала, што ацэньвае свае шанцы на перамогу на 0,0001 %. Здаецца, ты больш аптымістычны?

Я ацэньваю свае шанцы вышэй, бо гэта мая акруга, дзе я вучыўся. Мае галасы будуць лічыць у маёй школе, у маім ліцэі, у акрузе, дзе я жыву. Пойдуць мае сваякі галасаваць. Таксама за мяне прагаласуюць у студэнцкіх інтэрнатах, у адным з якіх за мяне паставілі подпісы 300 студэнтаў. Калі там у выніку я набяру 1 %, то гэта будзе адным з самых яркіх сведчанняў фальсіфікацыі выбараў.

Ты будзеш неяк адстойваць сваё права на гэтыя галасы, калі яны «цудам» сыдуць іншаму кандыдату?

Гэтую стратэгію я не разглядаю, пакуль толькі стратэгія перамогі. Таму, у адрозненне ад Аланы, у якой у акрузе няма гэткага мноства студэнтаў і такой падтрымкі, у мяне могуць быць шанцы.

Фота belsat.eu

А як наагул бацькі паставіліся да вылучэння?

Нармальна. Бацька пойдзе назіральнікам.

Не баішся, што цябе могуць проста зняць з выбараў? Як гэта адбылося з кандыдатам ад вашага блоку Уладзіславам Сысам?

Усё магчыма. Менавіта з Уладзіславам Сысам – гэта не зусім законнае рашэнне. Гэта пазіцыя нашага блоку. Мы лічым, што гэта няслушна і з юрыдычнага пункту гледжання, і з маральнага – здымаць чалавека за тое, што ён атрымлівае адукацыю за мяжой. Але кожны быў адказны сам за сваю кандыдатуру, і мы не маглі ніяк на гэта паўплываць.

«Все-таки в депутаты должны идти люди зрелые»

Кажучы пра іншых кандыдатаў. Ёсць «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч, якая кажа, што таксама рэпрэзентуе інтарэсы моладзі. Чым ты лепшы за яе?

Я лепшы, бо ў мяне ёсць пэўныя прапановы, якіх няма ў Марыі. Калі б яна падпісалася пад маёй тэмаю ці прапанавала канкрэтныя законапраекты, то яна б не была горшая. А так яна кажа агульныя фразы і не мае канкрэтыкі.

За фаварытку Лукашэнкі настаўніца збірае подпісы ў бацькоўскім Viber-чаце. Скрыны перапіскі

Вы з ёю неяк звязваліся? Абмяркоўвалі магчымасці «аб’яднацца»?

Не, але яна падпісалася на нашую старонку ў «Instagram’е».

Марыю падтрымлівае БРСМ. Калі ты станешся дэпутатам, ці будзеш неяк з імі супрацоўнічаць?

Толькі калі будзе ад іх запыт. Па дэфолце – не. Але калі яны падпішуцца пад маймі мэтамі і прапануюць дапамогу, то я гатовы выкарыстаць усе сродкі.

У пачатку кастрычніка кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, цытую: «Моя личная позиция как избирателя и государственного чиновника, что все-таки в депутаты должны идти люди зрелые». Не падаецца табе, што гэта такі, намёк, што табе і камандзе не дадуць абрацца дэпутатам?

Калі гэта ейнае асабістае меркаванне, то няхай не галасуе за нашага кандыдата. Яна жыве ў Драздах, там ёсць кандыдат ад нашага блоку, і яна можа за яго не галасаваць, калі гэта ейная асабістая пазіцыя.

3 лістапада 2019 года. Менчукі ідуць шэсцем у Курапаты з нагоды свята Дзяды. Фота – Арцём Лява/«Белсат»

А табе не здаецца, што моладзь у Беларусі вельмі пасіўна ставіцца да выбараў і наагул да палітычнага жыцця?

Я думаю, гэта звязана з тым, што дзяржава спрабуе заблакаваць ініцыятыву і кепска паведамляе людзям пра выбары. Напрыклад, дэбаты, якія хоць і транслююцца праз дзяржаўнае тэлебачанне, але ідуць раз на тыдзень, і кожны кандыдат мае толькі па 5 хвілінаў. Яны павінныя быць па 2-3 гадзіны, і Белтэлерадыёкампанія павінна выкладваць запісы ў інтэрнэт. Мы напісалі з гэтай нагоды зварот і адкрыты ліст ім.

Але, да прыкладу, мне дапамагалі збіраць подпісы людзі, да якіх я першапачаткова прыйшоў, каб сабраць іхныя подпісы, але яны потым самыя прапанавалі мне дапамагчы. Гэта сведчыць пра тое, што маладыя людзі не такія пасіўныя, як можа падацца на першы погляд, проста ім прапануюць не рашэнне праблемаў, якія іх хвалююць. А апазіцыйныя палітыкі часам кажуць пра тыя праблемы, якія хвалююць толькі іх, але не хвалююць выбарнікаў.

Дэпутатка Ганна Канапацкая: на святкаваннях у Палаце за Лукашэнку п’юць стоячы

Як ты ставішся да Канапацкай і Анісім? Як ты лічыш, чаму яны за 3 гады зрабілі, скажам так, не вельмі шмат?

Я стаўлюся да іх нейтральна, Канапацкая ўзяла ўдзел у распрацоўцы законапраекту аб зменах у выбарчым кодэксе, які яна цяпер унесла ў Палату прадстаўнікоў. А Анісім працавала кулуарна і паўплывала на працэс беларусізацыі. Але пры гэтым яны б маглі зрабіць больш. Бо дэпутат можа ўносіць законы, а Анісім наагул ні разу не скарысталася гэткай магчымасцю.

Я думаю, што яны вырашылі пайсці іншым шляхам.

У адрозненне ад іх, я б быў больш адкрыты, больш актыўны, уносіў законапраекты, разносіў бы парламентароў на паседжаннях і прасіў бы, каб гэта здымалі на відэа, проста таму, што гэта будзе іншы шлях.

Магу сказаць, што ні за Канапацкую, ні за Анісім я не галасаваў.

Не баішся стацца «другою Канапацкай»?

Я не баюся і кажу, што ў першы ж дзень пасля абрання я ўнясу 3 нашыя законапраекты на абмеркаванне.

Размаўляў Васіль Русецкі, фота аўтара belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары