«Мы не хочам бузы, мы хочам карміць свае сем’і». У Расеі пратэстуюць дальнабойшчыкі


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGenhCMjVQcFBhUXclMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Расейскія дальнабойшчыкі перанеслі негвалтоўны штурм Масквы на чацвер. Планам правесці акцыю пратэсту 30 лістапада перашкодзілі дзеянні паліцыі. Дзяржаўтаінспектары масава спыняюць грузавыя аўтамабілі, часам нават канфіскуюць фуры.

Тысячы дальнабойшчыкаў патрабуюць ад уладаў да 3-га снежня адключыць абсталяванне сістэмы «Платон», якая налічвае плату за праезд грузавікоў цяжэй за 12 тонаў па федэральных трасах. У негвалтоўнай акцыі пратэсту ўдзельнічаюць кіроўцы з усіх частак Расеі.

ПРАДСТАЎНІК РУХУ ДАЛЬНАБОЙШЧЫКАЎ:
«Мы паспелі аб’яднацца, мы паспелі абмяняцца кантактамі. Мы адправілі сваіх людзей па розных рэгіёнах краіны».

У розных рэгіёнах Расеі дзейнічаюць і сілавікі. ДАІшнікі пры падтрымцы спецназу блакуюць фуры на аўтастаянках, масава выпісваюць аднолькавыя штрафы. Лідарам пратэсту невядомыя рэжуць колы грузавікоў.

ЮРЫЙ ПАЛЯКОЎ, КААРДЫНАТАР АКЦЫІ ПРАТЭСТУ, САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ:
«Справа нават не ў грошах, справа ў прынцыпе. Хтосьці працягнуў руку ў нашую кішэню, выцягваючы грошы, якія мы, ужо загінаючыся, зарабляем нашым малым сямейным бізнесам – і тыя грошы ўжо хочуць забраць, лапу туды сунуць».

Хто залез у кішэню дальнабойшчыкам, ужо вядома. Прымусова ўведзеную сістэму «Платон», што налічвае грошы за кожны кіламетр дарогі, распрацавала фірма «РТ-Інвест Транспартныя сістэмы». Фірмай кіруе малады прадпрымальнік Ігар Ротэнберг, сын мільярдэра Аркадзія Ротэнберга. Сям’я Ротэнбергаў стала адной з самых багатых і ўплывовых у Расеі пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна, з якім Аркадзій Ротэнберг, напрыклад, разам займаўся дзюдо. Верагодна, з-за сувязі між «Платонам» і ўладаром Крамля дзяржаўныя медыі, як і прадстаўнікі ўлады, ігнаруюць пратэст дальнабойшчыкаў.

ПАЛІЦЫЯНТ:
«Тут няма нікога, адміністрацыя ў суботу зачыненая. Куды вы хочаце заходзіць? Мы не ведаем, пра якую сустрэчу вы кажаце».

Вось так у суботу прадстаўнікоў руху дальнабойшчыкаў не пусцілі на прызначаную сустрэчу з міністрам транспарту Максімам Сакаловым. Замест дэлегатаў ад пратэстоўцаў чыноўнікі сустрэліся з лаяльным прадпрымальнікам Уладзімірам Мацягіным.

УЛАДЗІМІР МАЦЯГІН, ПРЭЗІДЭНТ АБ’ЯДНАННЯ «ГРУЗАВТОТРАНС»:
«Сістэма «Платон» запушчаная, яе не адменяць. Канешне, можна шукаць спосабы яе адмяніць, і ёсць законныя падставы, як яе можна адмяніць, але я лічу, што гэта трэба вырашаць у юрыдычнай плошчы, а не на вуліцах пакрышкі паліць».

Дальнабойшчыкі, аднак, не заклікаюць да зрынання ўлады. Яны пагражаюць заблакаваць Маскоўскую кальцавую аўтадарогу, каб іх патрабаванні хаця б разглядзелі.

ПРАДСТАЎНІК РУХУ ДАЛЬНАБОЙШЧЫКАЎ:
«Мы не хочам бузы, мы хочам карміць свае сем’і, мы хочам легальна працаваць».

Пратэстоўцы кажуць, што беспрычынны ўвод аплаты за кожны кіламетр трасы зруйнуе іх бізнес. А тыя грузаперавозчыкі, што змогуць утрымацца, будуць вымушаныя падняць кошты на свае паслугі, што адабецца на коштах усіх відаў тавараў для насельніцтва.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў