«Мы не чакалі, што будзе настолькі складана прыбраць Лукашэнку». Актывістка штабу Ціханоўскай пра надзеі і пра будучыню краіны


Кацярына Купрыянава

Кацярына Купрыянава працавала ў перадвыбарным штабе Святланы Ціханоўскай у Крупках, горадзе Менскай вобласці. Яшчэ да выбараў ёй пагражалі, і Кацярыне давялося выехаць ва Украіну. Як былі настроеныя беларусы да выбараў, чым скончацца мітынгі і ці хочацца вярнуцца ў Беларусь – пра гэта карэспандэнтка belsat.eu Ірына Кананенка пагутарыла ў Кіеве з актывісткай штабу Святланы Ціханоўскай.

– Каця, чым вы займаліся на выбарах?

Я была сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Жыла ў Крупках, гэта невялікі горад, 8 тысяч жыхароў. Галоўнай маёй задачай быў збор подпісаў, каб Святлана Ціханоўская набрала 100 тысяч.

У нас з бацькамі абутковая крама. Калі пачалася перадвыбарная кампанія, гэта называлася «Пантофлевая рэвалюцыя». Памятаю, мы яшчэ з пантофляў выклалі фразу «Свабоду Сяргею». Сфатаграфавалі, я раздрукавала фота і паклала яго разам з лістом. Але мне адказ так і не прыйшоў.

Фота з асабістага архіву Кацярыны Купрыянавай

– Да выбараў вы верылі ў тое, што Святлана Ціханоўская зможа перамагчы ці нешта змяніць у краіне?

– Мы не думалі, што гэты пераломны момант наступіць з такімі ахвярамі: збіваюць людзей, арыштоўваюць, трымаюць у СІЗА дарослых і дзяцей. І ўжо тым больш мы не думалі, што будуць страляць. Наагул такіх думак не было. Мы не чакалі, што настолькі складана прыбраць Лукашэнку. Ну вось чаму нельга сысці проста прыгожа?

Я вядома ж ведала, што фальсіфікацыя будзе, але фальсіфікацыя магла б быць не 80 %, як ён абвясціў. Пастанавіўшы апратэставаць вынікі выбараў, абараніць свой голас, мы спадзяваліся, што Лукашэнка ўбачыць – колькі выходзіць людзей на вуліцы і плошчы, колькі людзей супраць фальсіфікацыі. Мы спадзяваліся, што ён усё-ткі здасца.

– Чаму вы з’ехалі з краіны?

– Мы ва Украіне з 28 ліпеня. З сынам вымушаныя былі з’ехаць яшчэ да выбараў. Таму што пачаўся ціск збоку праваахоўных органаў. Нас выклікалі на допыты і папярэджвалі: калі не спынім падтрымліваць Ціханаўскую, будуць наступствы. У мяне ёсць брат, якому 18 гадоў, ён скончыў у гэтым годзе школу. Яму хацелі павесіць крымінальную справу за тое, што ён у прынцыпе не здзяйсняў. Таму мы былі вымушаныя з’ехаць.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

– Вы сочыце ва Украіне за пратэстамі ў Беларусі да гэтага часу?

– Безумоўна. Кожны дзень сачу за навінамі і падзеямі.

– Якія ў вас адчуванні: куды рухаецца краіна?

– Няма выніку. Гэта значыць, ты робіш-робіш, а выніку няма. Мне гэта ж распавядае мама, якая засталася ў Беларусі. І як хутка ён будзе, таксама невядома. І людзі сапраўды не ведаюць, што рабіць. І хочацца, каб мірным шляхам усё гэта было, каб не было ахвяр. Але я не ведаю, ці атрымаецца. І ў мяне складваецца ўражанне, што людзі гэтак жа ў падвешаным стане.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

– Святлана Ціханоўская ў Літве, Вераніка Цапкала ў Польшчы, Марыю Калеснікаву спрабавалі прымусіць пакінуць Беларусь, але яна парвала пашпарт і цяпер перабывае ў СІЗА. к вы ацэньваеце ўчынак Калеснікавай?

– Мне здаецца, яна была б больш карысная, калі б засталася на волі. Калі яна натхняе столькі людзей, то трэба ж далей нешта рабіць? А цяпер з СІЗА штосьці канкрэтнае рабіць немагчыма. Хоць, з іншага боку, цяпер людзі ўбачаць, што пасадзілі Марыю Калеснікаву, і пачнуць выходзіць на знак падтрымання. Як гэта было, калі выходзілі за Сяргея Ціханоўскага і за Статкевіча. Гэта значыць, за ўсіх, хто сядзіць. Таму мне складана сказаць адназначна.

– Ці вы хочаце вярнуцца ў Беларусь?

– Вядома хачу. Але наступным годам мы застанемся ва Украіне. Мой сын ужо пайшоў тут у школу. Я хачу, каб ён рос у свабоднай краіне, і я вельмі хачу, каб у мяне з’явілася магчымасць вярнуцца ў Беларусь і жыць без страху.

Размаўляла Ірына Кананенка/АА

belsat.eu

Стужка навінаў