«Мы назіраем за дзеяннямі Расеі ў Беларусі», – камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе


Генерал-лейтэнант арміі ЗША Бен Ходжэс распавёў пра магчымыя планы Крамля, стан і перспектывы ўкраінскай арміі і амерыканскія ацэнкі сітуацыі ў Усходняй Еўропе.

Амерыканскія Сухапутныя войскі ў Еўропе хоць і не надта шматлікія, але зʼяўляюцца ключавым элементам абароны Старога свету ад любой агрэсіі – бо сімвалізуюць гатоўнасць ЗША ўсёй сваёй сілай пачаць змаганне супраць праціўніка.

Генерал-лейтэнант Бен Ходжэc.

Бен Ходжэс камандуе групоўкай войск ЗША ў Еўропе з восені 2014 года – першага года расейскай агрэсіі супраць Украіны. Ён наведаў Кіеў і адказаў на пытанні інтэрнет-выдання «Цэнзар.нет».

Якой будзе палітыка ЗША?

Амерыканскі генерал распавёў, што нядаўна перадаў прэзідэнту Доналду Трампу рэкамендацыі па палітыцы ва Украіне, аднак не можа зараз агучыць іх.

«Якое б рашэнне не было прынята, яго трэба прыймаць у такім кантэксце: ці дапаможа гэта падтрымліваць Еўропу адзінай, каб санкцыі заставаліся ў сіле? Якой будзе рэакцыя Расеі? Якой павінна быць стратэгія адносна Расеі, бо Украіна зʼяўляецца важнейшай часткай гэтай стратэгіі?», – сказаў Ходжэс адказваючы на пытанне пра мажлівасць паставак Украіне амерыканскіх узбраенняў.

«Проста даць Украіне лятальную зброю – гэта не стратэгія. Гэта можа быць часткай агульнай стратэгіі, але якое б рашэнне мы не прынялі, заўсёды трэба ўлічваць, якой будзе рэакцыя Расеі, Захаду і іншых краін», – дадаў ён.

Ацэнка пагрозы

Па словах вайскоўца, войскі ЗША не вядуць назірання за канфліктам непасрэдна на ўкраінскай тэрыторыі – напрыклад, з беспілотнікаў. Аднак тая інфармацыя, якая ёсць, сведчыць пра малую верагоднасць новай хвалі агрэсіі.

«Мы назіраем да дзеяннямі Расеі ва ўсёй Заходняй вайсковай акрузе, у Беларусі, Сірыі, на Каўказе, узбярэжжы Чорнага мора, у тым ліку і ў Украіне. Я бачу як расце інфраструктура Расеі ўздоўж паўночнай мяжы з Украінай, а таксама ў Растове», – сказаў Ходжэс.

Беларуска-расейскія вучэнні «Славянскае братэрства-2017», фота з архіву mil.ru

У прыватнасці генерал распавёў, што перадаў дэпутатам Нацыянальнай Рады Украіны аператыўную зводку, у якой распавядалася і пра тое, як ЗША назіраюць за стратэгічнымі вучэннямі «Захад», якія адбудуцца ў тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Наступленне Расеі ў цэнтральную частку Украіны Ходжэс лічыць малаверагодным варыянтам развіцця падзеяў: «Я не думаю, што гэта магчыма, навошта ім цяпер маштабнае ўварванне? З якой мэтай? Гэта выключыць любыя нармальныя адносіны Расеі з Захадам і ЗША».

У той жа час Масква, па меркаванні амерыканскага генерала, будзе выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы дэстабілізацыі сітуацыі ў Украіне, каб яна не стала сябрам Еўразвязу, NATO і не інтэгравалася з Захадам эканамічна.

Беларускія і расейскія вайскоўцы будуць пераправу на Дняпры падчас вучэнняў у чэрвені 2017 году. Фота – Мінабароны РФ.

«Расея надалей паводзіць сябе агрэсіўна. Яны нічога не зрабілі, каб даць людзям упэўненасць ці адчуванне даверу… За апошнія 400 год Расея, на мой погляд, аніводнага разу не выканала добраахвотна аніводнай дамовы, якую падпісала. За выключэннем тых рэдкіх выпадкаў, які Расею прымушалі з дапамогай механізмаў міжнароднага кантролю… Я ўпэўнены, яны паважаюць і разумеюць толькі сілу», – сказаў Ходжэс.

Украінцы вучаць жаўнераў NATO

Украінскія вайскоўцы маюць рэдкі для заходніх арміяў досвед – яны дзейнічалі ў канфлікце, калі праціўнік масава выкарыстоўваў артылерыйскі агонь, высокатэхналагічныя віды ўзбраенняў, сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

«Мы многае даведваемся пра расейскую армію ад украінскіх жаўнераў… Украіна – адзінае месца, дзе ў вас страляе расейская артылерыя, расейскія снарады, дзе разведку вядуць расейскія дроны… Украінскі досвед вайны супраць расейцаў вельмі дапамагае амерыканскай арміі. Мы ўжо зрабілі змены ў праграме баявой падрыхтоўкі і правядзення вучэнняў, сыходзячы з ацэнак атрыманых ад Узброеных сіл Украіны», – кажа генерал.

Украінскі танк вядзе агонь. Фота wikimedia.org.

Падчас міжнародных танкавых спаборніцтваў у Нямеччыне, найбольшую ўвагу ўсе звярталі на ўкраінскіх танкістаў.

«Удзельнічалі немцы, аўстрыйцы, амерыканцы, французы і, здаецца, славенцы, і ўсе яны хацелі паразмаўляць з украінцамі. Бо ўкраінцы адзіныя, хто ваяваў супраць расейскіх танкаў. І за гэта ў NATO украінскіх жаўнераў вельмі паважаюць», – сказаў Ходжэс.

«Украінскія вайскоўцы ўжо спынілі расейцаў»

Украінская армія хутка развіваецца і па спыніла развіццё агрэсіі з усходу, вырашаючы тыя вялізарныя праблемы ў падрыхтоўцы, якія былі ў 2014 годзе, сказаў Ходжэс.

«Тыя ўкраінскія вайскоўцы, за якімі я назіраў, вельмі хутка палепшылі свой патэнцыял за апошнія тры гады. Яны добра падрыхтаваныя ў тэхнічнай сферы, лепш, чым я думаў. Напрыклад, мяне ўразіла праца з контрбатарэйнымі радамі, якія пастаўляюць ЗША Украіне: аператары радараў хутка вучацца, адаптуюцца да ўмоваў… Гэта дае мне аптымізм адносна патэнцыялу Украіны і яе вайскоўцаў», – сказаў генерал.

Амерыканска-украінскія вучэнні Sea Breeze 2017. Фота Мінабароны ЗША.

У той жа час Ходжэс адзначыў, што зараз адзіны магчымы варыянт вырашэння канфлікту – так ці інакш прымусіць Маскву сурʼёзна выконваць менскія пагадненні.

«Так, мы бачым, што расейцы не даюць спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ працаваць. Так, мы не ведаем, колькі боепрыпасаў і тэхнікі расейцы ўвозяць на Данбас… Санкцыі маюць ключавое значэнне», – лічыць вайсковец.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў