«Мы мусім працягваць ціснуць». Штаб Віктара Бабарыкі распавёў пра далейшыя планы на кампанію


Кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава 1 ліпеня ў онлайн-трансляцыі распавяла пра падрыхтоўку рэферэндуму, планы на агітацыю і «несапраўдныя» подпісы Валерыя Цапкалы.

«Мы адзін народ»

Трансляцыя пачалася з навінаў ад Віктара Бабарыкі. Марыя Калеснікава распавяла, што ён бачыўся з адвакатам і быў шакаваны тым, што ЦВК забракаваў больш за 200 тысячаў подпісаў.

Анонс онлайн-трансляцыі. Скрыншот

Ужо хутка, 12 ліпеня, штаб Бабарыкі арганізоўвае сустрэчу ініцыятыўнай групы наконт рэферэндуму па папраўках у Канстытуцыю. Сустрэча мусіць адбыцца ў менскім Парку Дружбы народаў, калі будзе ўзгодненая.

«Я хачу выразіць вялікую падзяку ўсім людзям, якія падтрымліваюць нас онлайн і оффлайн. Мы бачым, што мы адзін народ», – адзначыла кіраўніца штабу Марыя Калеснікава.

Усё добрае робіцца насуперак уладам

Яна адзначыла, што зараз сістэма ў Беларусі вельмі «слабая і некампетэнтная». Таму ўсё добрае, што адбываецца ў Беларусі, здараецца не дзякуючы, але насуперак сістэме, ад дзейных і кампетэнтных людзей.

«Мы паказваем сваю незадаволенасць і ладзім кіламетровыя чэргі па ўсёй краіны. І чыноўнікі пачынаюць ездзіць па ўсёй краіне і абяцаць павысіць заробкі і пенсіі. Хлопец, які апынуўся ў аўтазаку за свае перакананні, дапамог павысіць пенсіі. Людзі ў Берасці два гады кожную нядзелю пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятранага заводу. Каб прэзідэнт у выніку прыехаў паразмаўляць з імі», – сказала Марыя Калеснікава.

Марыя Калеснікава падчас онлайн-трансляцыі. Скрыншот

Марыя Калеснікава параўнала дзяржаву са старым драндулетам, які аслабляе гайкі і толькі так робіць нешта для народу. Таму яна прапаноўвае ўселякім чынам выражаць сваю незадаволенасць сістэмаю.

«Усе невялічкія паслабленні зробленыя выключна пад ціскам людзей. Мы мусім працягваць ціснуць і паказваць сістэме тое, што такая яна нам не патрэбная. Нас – большасць. Мы неверагодныя, і змены – незваротныя».

Яна яшчэ раз адзначыла, што не думала, што ўлады здолеюць так «па-хамску» фальсіфікаваць выбары ва ўчастковыя камісіі. Кіраўніца штабу заклікала далучыцца да назіральнікаў, бо тым прасцей будзе сачыць за тым, каб кожны голас быў бы падлічаны.

Аб нерэгістрацыі Валерыя Цапкалы

«Гэта абуральна, што моцны альтэрнатыўны кандыдат, які мае сваё меркаванне і які сваёй працай, як Валерый Цапкала, стварэннем ПВТ, даказалі, што яны крутыя менеджары. Гэта абуральна, што іх не дапускаюць да выбарчага працэсу і да сумленнай барацьбы», – заявіла Марыя Калеснікава.

Таксама яна выказала словы падтрымання і салідарнасці штабу Валерыя Цапкалы.

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Зараз штаб чакае 14 ліпеня, калі будзе вядомыя зарэгістраваныя кандыдаты. Ад гэтага залежаць іхныя далейшыя дзеянні.

«Мы спадзяёмся, што ўлада не напалохаецца і дапусціць да выбараў усіх альтэрнатыўных кандыдатаў».

Калі Віктара Бабарыку зарэгіструюць як кандыдата на прэзідэнцтва, штаб будзе праводзіць сустрэчы ва ўсіх гарадах Беларусі.

«Мы будзем камунікаваць, дыскутаваць, выражаць салідарнасць адно з адным і падтрымліваць», – распавяла Марыя пра планы на гэтую кампанію.

Нас вельмі шмат

Кіраўніца штаба Бабарыкі заклікае 3 ліпеня паехаць на прыроду або на лецішча і распавесці там блізкім, асабліва сталым людзям, пра сапраўдную сітуацыю ў краіне.

«Не толькі тое, што паказваюць у тэлевізары – праўда. Ёсць яшчэ іншая рэчаіснасць. Ёсць беларусы, ёсць мы. І нас вельмі шмат», – так закончыла свой зварот Марыя Калеснікава.

  • Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ ад 18 чэрвеня. Ягонае затрыманне выклікала акцыі салідарнасці па ўсёй Беларусі.
  • 14 ліпеня стане вядома, каго ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі на прэзідэнцтва. Штаб Бабарыкі здаў 365 тысячаў подпісаў, ЦВК прызнаў сапраўднымі толькі 165 тысячаў з іх.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў