Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Вʼетнама Чан Дай Куангом распавёў пра тое, як беларускі народ дапамагаў вʼетнамцам падчас вайны.
«Думаю, нам з вамі няма неабходнасці гаварыць пра тое, што абʼядноўвае нашы народы. У нас з вамі вялікая гісторыя добрых узаемаадносін. Беларускі народ з даўніх часоў, асабліва ў цяжкія перыяды вашай гісторыі, быў заўсёды побач, – сказаў Лукашэнка. – Кожны вʼетнамец добра памятае мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасць. Памятаем і ведаем пра гэта і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на вʼетнамскай зямлі. Ды і пасля гэтай жорсткай вайны мы ўсяляк імкнуліся дапамагчы сваім вʼетнамскім братам у аднаўленні краіны, народнай гаспадаркі, у нармалізацыі жыцця».
Лукашэнка заявіў аб намеры нарошчваць пастаўкі на вʼетнамскі рынак калійных угнаенняў, грузавой, аўтобуснай і карʼернай тэхнікі, трактароў і харчовай прадукцыі. У сваю чаргу Беларусь зацікаўлена ў імпарце морапрадуктаў, рыбы, рысу, гарбаты, кавы, спецый, трапічнай садавіны, каўчуку і іншых тавараў з В’етнаму.
Кажучы пра беларускую прысутнасць на рынку Вʼетнаму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым кірунку ўжо зроблены першыя вартыя ўвагі крокі.
«Да канца года ў Вʼетнаме плануецца стварыць сумесную вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ, а ў перспектыве – новую вытворчасць гарадскіх пасажырскіх аўтобусаў», – цытуе прэзідэнта ягоная прэс-служба.
Лукашэнка таксама адзначыў, што прадстаўніцтва кампаніі «Менскметрапраект» ужо адкрыта і працуе ў Вʼетнаме.
«Яно гатова ўзяцца за праекты любой складанасці. Чаму б нам не спраектаваць станцыі метро «Менская» у Ханоі і «Беларуская» у Хашыміне?» – прапанаваў ён.
Узброенны канфлікт у Вʼетнаме доўжыўся з 1957 па 1975 год. Вайна пачалася як грамадзянская, але з 1965 па 1973 год адбывалася поўнамаштабнае ваеннае ўмяшанне ЗША ў канфлікт на баку Паўднёвага Вʼетнаму. Сацыялістычны рэжым Паўночнага Вʼетнаму падтрымліваў СССР – туды накіроўвалася маштабная ваенна-тэхнічная дапамога. У Вʼетнаме дзейнічалі савецкія ваенныя дарадцы. Па некаторым дадзеным, супраць амерыканцаў таксама ваявалі зенітныя разлікі і лётчыкі з СССР.
ІІ, belsat.eu