МВФ прымушае Лукашэнку пайсці на рэформы


Таямнічая місія. Тры месяцы таму каманда Міжнароднага валютнага фонду пабывала ў Беларусі для рэгулярнай штогадовай інспекцыі айчыннай эканомікі. А вось цяперашні візіт – пазачарговы, і яго мэтаў не анансавалі ані ўлады, ані прадстаўнікі фонду.

Хутчэй за ўсё, мэта дзейнай дэлегацыі МВФ – выпрацаваць умовы, на якіх фонд можа задаволіць просьбу афіцыйнага Менску вылучыць крэдыт памерам $3 млрд.

Беларусь спрабуе дамовіцца на новую праграму з МВФ апошнія некалькі гадоў, але перамовы колькі разоў правальваліся, бо Менск не пагаджаўся на рынкавыя рэформы, рэкамендаваныя фондам узамен на ратавальны крэдыт.

Чакаць уладам становіцца ўсё цяжэй

Для выплаты замежных пазык налета нашай краіне неабходна перапазычыць больш за $3 млрд. Для гэтага ўрад, сярод іншага, ужо запланаваў на наступны год атрыманне траншаў ад МВФ на $1 млрд. Калі гэтага зрабіць не ўдасца, а ў іншым месцы перапазычыць не атрымаецца, то ўладам давядзецца або абвяшчаць дэфолт, або збіраць гэтыя грошы ўнутры краіны за кошт кардынальнага скарачэння бюджэтных выдаткаў.

У выпадку праграмы з МВФ, улады будуць вымушаныя кардынальна скараціць субсідыі неэфектыўнай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Зрэшты, выканаць гэтыя ўмовы будзе тым лягчэй, што грошай на гэтыя субсідыі ў бюджэце ўсё адно бракуе, а надзеі на газавую датацыю з боку Расеі не апраўдаліся.

Эканоміка прывязаная да палітыкі

Рынкавыя рэформы спярша паскораць крызісныя праявы ў выглядзе росту беспрацоўя ды банкруцтва неканкурэнтаздольнае прамысловасці, але, цягам некалькіх гадоў, за кошт вызвалення рэсурсаў, месца неэфектыўнай вытворчасці мае заняць прыватны бізнес.

Вось толькі для эфектыўнага кіравання рынкавай эканомікаю неабходныя і палітычныя рэформы ў выглядзе незалежнага парламенту ды судоў. Паколькі да гэтых крокаў улады выказваюць негатовасць, адмыслоўцы асцерагаюцца, што рэформы, у межах магчымай праграмы з МВФ могуць забуксаваць на малавыніковых паўмерах.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – ria.ru

Стужка навінаў