МВФ прагназуе спад у беларускай эканоміцы


Паводле экспертаў, каб пераадолець негатыўныя тэндэнцыі, улады Беларусі мусяць распачаць глыбокія структурныя рэформы з мэтаю павышэння прадукцыйнасці прадпрыемстваў.

Зпрагнозаў Міжнароднага валютнага фонду выникае, што ВУП Беларусі ў 2015 годзе знізіцца на 2 %. Гэта паведаміў кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Дэвід Хофман. «Паводле ацэнак каманды фонду, вельмі верагодна, што ў 2015 годзе адбудзецца спад», – сказаў Хофман, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён удакладніў, што налета Фонд прагназуе пэўнае аднаўленне беларускай эканомікі. «Але пры адсутнасці змяненняў эканамічнай палітыкі тэмпы росту ў Беларусі застануцца нізкімі ў наступнай пяцігодцы», — падкрэсліў Хофман.

Паводле яго слоў, для «змянення траекторыі эканамічнага росту» Беларусі неабходна праводзіць паслядоўную эканамічную палітыку, кіравацца рэкамендацыямі фонду і пачаць ажыццяўленне «глыбокіх структурных рэформ» з мэтай павышэння прадукцыйнасці прадпрыемстваў.

«Пры такім сцэнарыі тэмпы росту ў 2015—2016 гадах могуць быць нават ніжэйшыя за прагназаваныя. Аднак гэтыя страты кампенсуюцца значна больш высокімі тэмпамі эканамічнага росту ў наступныя гады», — сказаў Хофман. Як мяркуюць эксперты фонду, дадаў ён, у выпадку правядзення глыбокіх эканамічных рэформ тэмпы росту могуць значна паскорыцца, і «ў сярэднетэрміновай перспектыве эканоміка Беларусі можа расці на 4—5 % у год».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў