МВФ: Існуе рызыка новай дэвальвацыі ў Беларусі


Без рэформаў беларускую эканоміку можа чакаць новы валютны крызіс, лічаць эксперты Міжнароднага валютнага фонду.

«Нядаўна мы прадставілі новую справаздачу персанала [МВФ] па Беларусі. Мы адзначаем, што [валютныя] рэзервы знаходзяцца на нізкім узроўні, патрэба ў валюце на высокім узроўні. Гэта з’яўляецца праблемай і можа выклікаць новую дэвальвацыю, паколькі доларызацыя ў Беларусі знаходзіцца на высокім узроўні», – сказаў пастаянны прадстаўнік МВФ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Бас Бакер.

Бакер выступаў у сераду на канферэнцыі міжнароднага агенцтва Fitch Ratings па макраэканоміцы і банкаўскім сектары Беларусі, перадае primepress.by.

Па ацэнках МВФ вонкавы доўг Беларусі разам з дзяржаўнымі гарантыямі, якія былі выдадзеныя прадпрыемствам, складае 51 адсотак валавога ўнутранага прадукту краіны.

«Цяжка абслугоўваць такі доўг пры адсутнасці рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі. Ён можа стварыць праблемы ў фінансавым і банкаўскім сектарах», – адзначыў Бакер.

Вонкавы доўг Беларусі па стандартах МВФ складаў $17,9 мільярда на 1 лютага 2018 года. 88 адсоткаў доўгу складаюць замежныя крэдыты атрыманыя прадпрыемствамі пад гарантыі дзяржавы. Залатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 сакавіка 2018 году склалі $7,1 мільярд.

«Добрая навіна заключаецца ў тым, што мы з эканамічным блокам ураду маем агульнае меркаванне адносна таго, што трэба рабіць у плане рэформаў. Адрозненні маем у хуткасці рэалізацыі рэформаў… А гэта значыць, што слабасць будзе захоўвацца», – сказаў прадстаўнік МВФ.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў