МВФ ацаніў наступствы расейскага падатковага манеўру для Беларусі


Падатковы манеўр у Расеі можа абысціся для Беларусі істотным скарачэннем эканамічнага росту. Знізіць негатыўныя наступствы Менск зможа толькі пасля таго, як атрымае поўную кампенсацыю. Пра гэта адзначаецца ў рэлізе Выканаўчай рады МВФ па выніках кансультацыяў з Менскам.

У дакладзе пералічваецца шэраг пазітыўных фактараў, якія ўплываюць на ўмацаванне беларускай эканомікі. У іх ліку – рост заробкаў, добрая вонкаваэканамічная сітуацыя і высокія кошты на нафту. Цыклічнае аднаўленне эканомікі Беларусі працягваецца, «рост у першыя тры кварталы 2018 года дасягнуў 3,7 %».

«Рост коштаў на нафту і значны вонкавы попыт спрыялі экспарту, а для ўнутранага попыту спрыялі двухзначныя тэмпы росту заработнай платы ў адпаведнасці з маштабнымі мэтамі па заработнай плаце», адзначаецца ў дакуменце.

Плюсам для эканомікі стала і добрая грашова-крэдытная палітыка ў спалучэнні з павышэннем даверу да цэнтральнага банку. У сукупнасці гэтыя фактары дазваляюць утрымліваць інфляцыю на гістарычна нізкім узроўні (5 % у лістападзе летась у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года).

Разам з тым, у сярэднетэрміновай перспектыве існуюць значныя рызыкі для беларускай эканомікі. У іх ліку – падатковы манеўр у Расеі. Калі Менск дамовіцца з Масквой аб поўнай кампенсацыі стратаў, тады сярэднетэрміновы эканамічны рост у краіне складзе 2 %.

«Калі кампенсацыя апынецца далёка не поўнай (гэта асноўны рызыка для эканомікі Беларусі, якая існуе на сёння, сярэднетэрміновы рост можа быць істотна меней чым 2 %, а дэфіцыт бюджэту і рахункі бягучых аперацыяў перавысяць названыя вышэй прагнозныя паказнікі», – папярэдзілі ў МВФ.

Падатковы манеўр у Расеі прадугледжвае абнуленне экспартных мытаў да 2024 года і павышэнне ўнутранага падаткаабкладання. Але ў выніку кошт на нафту для Беларусі вырасце. Паводле беларускага Мінфіну, страты беларускай эканомікі ад расейскай рэформы могуць скласці да 10 мільярдаў долараў: каля 3 мільярдаў – выпадаючыя прыбыткі бюджэту і каля 6 мільярдаў – ад пагаршэння эканамічных паказнікаў двух нафтаперапрацоўчых заводаў.

«Я не думаю, што падатковы манеўр уяўляе такую моцную небяспеку для эканомікі Беларусі. Вядома, што ўрад імкнецца да таго, каб не выпадалі дадатковыя прыбыткі, каб эканоміцы было прасцей трымацца. Таму кіраўніцтва краіны жадае атрымаць кампенсацыю, вядзе перамовы пра гэта», – лічыць Валер Палхоўскі, аналітык Forex Club

У выпадку скарачэння паступлення ў бюджэт праз расейскі падатковы манеўр, Беларусь можа спрабаваць кампенсаваць страты праз новыя вонкавыя крэдыты. Верагодным крэдыторам па-сутнасці зʼяўляецца МВФ. Іншая справа, што міжнародная фінансавая ўстанова патрабуе структурных рэформаў, распрацавання дарожнай мапы. Але да гэтага часу прыкметаў, якія б сведчылі пра кампраміс уладаў Беларусі і МВФ – няма.

«Перамовы практычна ўвесь час працягваюцца. Летась было шэраг сустрэчаў. Але пытанне, наколькі бліжэй мы сталі да магчымасці атрымаць крэдыт? Я думаю, што пазіцыя МВФ, якая была год таму, практычна на сёння не змянілася. Адначасова, калі казаць пра нейкія структурныя рэформы з боку беларускіх уладаў, гатовасці да гэтага, то крокаў і сведчанняў гэтаму няма. Таму бліжэй мы не сталі да магчымасці атрымання крэдыту», – адзначае Валер Палхоўскі, аналітык Forex Club.

У спадзяванні на крэдыт ад МВФ

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары